Читать книгу: «Дахавік Казік», страница 4

Шрифт:

– Панапрыдумвалі межаў – ціха сказаў, даядаючы каўбасу, Казік. – Помню, што якраз тут дзедаў свіран і пуня стаялі, а вось мяжы ніякай не помню. Юзік, ці не ведаеш навошта тут цяпер мяжа?

– А сапраўды, навошта? – адначасова спыталі Юзіка Карына і Маркіз.

Юзік надзеў акуляры, зрабіў разумны выгляд і сказаў:

– Згодна маёй эканамічнай тэорыі, лішак працоўных рэсурсаў…

– Чаго-чаго-чаго? – у адзін голас прамовілі Казік, Маркіз і Карына.

Юзік зняў акуляры. Твар яго адразу зрабіўся больш простым і Юзік на зразумелай мове пачаў тлумачыць сябрам, навошта тут мяжа.

– Ну вось паглядзіце, колькі людзей абкружыла цягнік з таго і гэтага боку мяжы, колькі людзей правярае дакументы і візы. Бачыце?

– Бачым, – адказалі сябры.

– Ну вось, – працягваў Юзік. – А калі б тут не зрабілі мяжу, то ўсе гэтыя людзі не мелі б працы. Чым бы яны кармілі сваіх маленькіх дзяцей, сваіх сабачкаў і коцікаў? Дзеці бегалі б галодныя і нямытыя па вуліцах, сабачкі кусалі б мінакоў, а галодныя коцікі сваім мяўканнем не давалі б па начах спаць прыстойным людзям.

Сябры, уявіўшы сабе гэтых галодных нямытых дзяцей, сабачкаў і коцікаў, ажно праслязіліся, так ім было шкада няшчасных.

– Зразумелі? – Юзік пераможным позіркам абвёў вачыма сяброў.

– Ага, – адказалі яны і шморгнулі мокрымі насамі і дзюбкай.

Тым часам цягнік ізноў торгнуўся і пакаціў праз транзітную краіну ў бок мора.

А сонейка ўжо пачало прыпякаць і пасажыры цягніка пакутавалі ад духаты. Не дапамагалі ні кандыцыянеры, ні адчыненыя вокны. А вось дахавікам і Карыне з Маркізам на даху вагона было зусім не спякотна. Вецер абдзімаў іх твары, навокал рассцілаліся прыгожыя краявіды і таму душа прасіла песні. І сябры заспявалі на ўсю моц:

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-радзіма,

Вечна жыві і квітней..!

Пасля таго, як яны скончылі песню, Юзік штурхнуў локцем Казіка і сказаў:

– А давай яшчэ тваю любімую, тую, для якой ты некалі пачатак Максіму прыдумаў. Ну, памятаеш: «Ад роўных ніў, ад роўнай хаты…»?

– Ад родных ніў, а не ад роўных, – паправіў Юзіка Казік.

– Ну, добра, няхай будзе ад родных. І сябры ізноў заспявалі:

…А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, —

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі…

Сябры спявалі так моцна і прыгожа, што нават пасажыры ў вагоне пачулі іх. Пасажыры сядзелі і замілавана слухалі песню, думаючы, што гук ідзе ад вагоннага радыё. І калі песня скончылася, яны пачалі дзякаваць правадніцам вагона за спевы. А правадніцы толькі збянтэжана паціскалі плячыма ў адказ, не разумеючы, у чым справа.

Потым сябрам надакучыла спяваць і яны заняліся, хто чым хацеў. Варона Карына ізноў уляглася спаць. Юзік, надзеўшы акуляры, па старой звычцы чытаў у арыгінале томік Міцкевіча (зашмальцаваную кніжку ён заўсёды насіў з сабой у кішэні). А Казік з Маркізам пачалі насіцца адзін за адным па ўсяму цягніку. Яны разбягаліся і пераскоквалі з аднаго вагона на іншы, потым яшчэ раз і яшчэ раз. Так доўжылася датуль, пакуль Казік не абшахнуўся і амаль не зваліўся пад колы цягніка. Маркіз ледзь паспеў ухапіць яго зубамі за штонікі, што і выратавала дахавіка ад калецтва, ці, крый Божа, смерці. Казік аж пабялеў ад страху, а потым, калі прайшоў шок, пачаў дзякаваць Маркізу:

– Каб не ты, дружа, не відаць бы мне больш сонейка, – і Казік рукавом выцер з-пад носа слёзы.

– Ды я сам спалохаўся, бо я такі баязлівец, што жах – адказаў Маркіз, – гэта ў мяне ад страху такая хуткая рэакцыя, а так бы не паспеў цябе ўтрымаць.

Тут да Казіка з Маркізам падбеглі Юзік з Карынай, якія знаходзіліся за некалькі вагонаў.

– Ізноў, Казік, парушаеш тэхніку бяспекі? – голас Юзіка быў, як метал.

– Я больш не буду, – вінавата адказаў Казік, – сапраўды не буду.

– Ну, глядзі ў мяне, – сказаў Юзік.

– Глядзі ў нас, – дадала варона Карына, а потым звярнулася да Маркіза: – і ты глядзі…

– А я што? – буркнуў Маркіз.

Засталася ззаду Вільня і чарговая мяжа, нарэшце цягнік спыніўся для апошняга дагляду памежнікамі і мытнікамі, якія таксама адрозніваліся ад папярэдніх толькі уніформай і мовай. І тут Казік пачаў хвалявацца.

– Юзік! Зірні – сабака.

Сапраўды, да цягніка падыйшоў памежнік са службовым сабакам.

– Ну ўсё, канец нашаму падарожжу – сумна сказаў Казік. Зараз здымуць нас з цягніка і пасадзяць у турму, як кантрабасі… цьху ты, кантрабандыстаў.

У гэты момант Маркіз падхапіўся, прынюхаўся і стаў дзіўна круціць хвастом. Сабака-памежнік таксама прыпыніўся, пакруціў хвастом і як ні ў чым не бывала прайшоў з гаспадаром-памежнікам паўз вагон, на даху якога сядзела кампанія.

– Фу, пранесла, – сказаў Юзік. – Маркіз, прызнавайся, твая справа? Ты падаў знак сабаку, каб ён нас не прыкмеціў?

Маркіз у адказ толькі задаволена хмыкнуў і пакруціў хвосцікам.

– Вось што значыць тэлепатыя і сабачая салідарнасць, – сказаў Юзік.

А цягнік ізноў папоўз у накірунку станцыі прызначэння.

– Ура, свабода! – неслася з усіх адчыненых вокнаў цягніка. Гэта пасажыры так выражалі сваю радасць, што нарэшце скончыліся дзяржаўныя межы.

– Свабода! У-у-ура! – таксама радаваліся на даху цягніка сябры.

А вецер ужо нёс насустрач пах мора.

14. НЕЧАКАНАЯ СУСТРЭЧА

Пасля мяжы краявіды змяніліся. Замест невялікіх палёў і дамкоў, крытых шыферам і рознымі сучаснымі матэрыяламі, навокал чыгункі цяпер рассцілаліся зялёныя някошаныя лугі і палі, яшчэ больш зялёныя лясы і вузкія брукаваныя дарогі, абсаджаныя дрэвамі. І сярод гэтай зеляніны там і тут чырванелі чарапіцай востраканцовых дахаў акуратныя дамкі. Яшчэ адной дэталлю пейзажа былі дзясяткі і дзясяткі буслоў, якія сядзелі ў сваіх гнёздах на дрэвах, на комінах, на слупах і дахах дамоў, хадзілі па вільготных палях і лугах і лёталі ў небе.

– Ух ты, якое хараство! – усклікнуў Казік. Усё так, як і сто гадоў таму назад, калі мы апошні раз тут былі. Праўда ж, Юзік, га?

– Не-а, не ўсё, – адказаў яму Юзік, – сто гадоў таму на лугах уся трава была пакошаная і на палях пабольш усяго расло. А цяпер нешта беднавата жывуць.

– Дык можа і ў іх тут крызіс? – сказаў—запытаўся няўпэўнена Казік.

– Можа і крызіс, – адказаў Юзік.

– А можа бяда? – спытаў Казік.

– Можа і бяда, – сказаў Юзік, – а можа нават і дзве бяды…

– Ну што, сябры, пакуем рэчы? – перарваў размову прыяцеляў сабачка Маркіз, які ўсю дарогу пераважна маўчаў.

– Пакуем, пакуем, – адказалі дахавікі і варона. І ўсе пачалі збіраць заплечнікі. У гэты момант адзін з буслоў, што лёталі каля цягніка, падляцеў да вагона, на якім ехалі сябры, і, зрабіўшы пару колаў навокал вагона, сеў на дах побач з сябрамі. На шыі ў бусла на вяровачцы вісеў мабільны тэлефон апошняй мадэлі. Бусел уважліва паглядзеў хвіліну на Казіка, а потым абхапіў яго крыламі і радасна заклекатаў:

– Казік! Дарагі ты мой дахавік!

З вачэй бусла адна за адной пацяклі слязінкі і ён захлюпаў носам-дзюбкай. Хаця невядома, ці могуць буслы хлюпаць дзюбай, ці можа гэта проста здалося Казіку.

Казік, які не чакаў такога развіцця падзей, збянтэжана маўчаў і нічога не разумеў.

– Казік, гэта ж я – Бацік, няўжо ты мяне забыў?

– А, Бацік! – Казік за сваё доўгае жыццё шмат каго паспеў забыць, але Баціка ён памятаў. Яшчэ б не памятаць, бусел прынёс яму партманет, у якім было шмат грошай і Казік накупляў на іх столькі смакоцця, зрабіў падарунак Юзіку і яшчэ заплаціў рахунак за тэлефон – такое цяжка забыць. Пра тое, што ён выратаваў Баціка, Казік нават і не падумаў, бо як можна думаць пра рэчы, якія мусіць рабіць кожная нармальная істота.

– Дарагое-дарагое ты маё бусляня! – заклекатаў па-буслінаму Казік і таксама абняў бусла. – Як жа ты памужнеў, вырас! Цябе ўжо і не пазнаць. Значыць багатым будзеш.

– А ты ўсё такі ж, – сказаў Бацік.

– Ну, у нас дахавікоў, год усяго за людскі месяц ідзе, – патлумачыў Баціку Казік. І расказаў буслу, як яны апынуліся ў тутэйшых краях.

– А гайда да мяне ў госці, – прапанаваў Бацік сябрам. – Я вас з бацькамі пазнаёмлю. І не чакаючы адказу, ён пачаў камусьці названьваць па свайму тэлефончыку апошняй мадэлі. Праз пяць-дзесяць мінут да цягніка падляцелі яшчэ два буслы. Гэта былі браты Баціка. Бацік узяў за каўнер Казіка, два браты, якія прыляцелі – Юзіка і Маркіза, і буслы, падскочыўшы некалькі разоў у паветра, адарваліся ад даха вагона. А за імі, ледзь паспяваючы, узляцела і варона Карына.

– Прымусілі старую працаваць крыламі, ніякай павагі да жанчыны ва ўзросце – бурчэла яна ўсю астатнюю дарогу сабе пад дзюбку.

15. У ГАСЦЯХ

Мінут праз дваццаць буслы і Карына падляцелі да вялізарнага дрэва, на якім было аж тры гнязды буслоў. Калі ўсе прызямліліся на самае вялікае (вярней не прызямліліся, а прыгняздзіліся), то да іх кінуўся бацька Баціка. Ён адразу ж пазнаў Казіка:

– Менавіта такім я вас і ўяўляў, – сказаў бацька Казіку і паціснуў яго руку крылом.

З гнёздаў адкрываўся шыкоўны від на ваколіцы. Злева з дрэва была бачна Польшча, справа – Літва. Ці можа наадварот? Хаця гэта залежыць ад таго, з якога боку глядзець.

– Мы тут яшчэ патрыярхальнай сям’ёй жывём, не так, як у горадзе – патлумачыў Бацік сябрам. – Добрае месца, – працягваў Бацік, – да суседніх краін рукой падаць. У Польшчу мы за сасіскамі і каўбасой лётаем – там яны танныя. А ў Літву – за малаком. Там яно смачнае.

– А дзе ж вы грошы бераце на малако і сасіскі? – спытаў Казік.

Бацік адказаў пытаннем на пытанне:

– А вы ведаеце, чым падобныя французы на буслоў?

– Відаць насамі? – высунуў гіпотэзу Юзік.

– Не, – сказаў Бацік, – яны, як і мы, любяць жабак. Бацька заключыў кантракт з адным французскім рэстаранам і ўжо некалькі гадоў наша сям’я пастаўляе ім жаб. Толькі – цсс! – нікому не кажыце пра гэта, а то нас канкурэнты задушаць.

– І як ідзе бізнес? – спытаўся Юзік.

– Выдатна, – адказаў Бацік. – Бачыце новы тэлефон? Нядаўна купіў. Летам мы працуем ад ранку да змяркання, затое ўвосень і зімой можам дазволіць сабе адпачнуць у Афрыцы. Звычайна мы лётаем у Егіпет, у Хургаду і Шарм Аль Шэйх. Не бывалі там?

– Толькі збіраемся, – сказаў Казік і пастараўся перавесці гутарку ў іншае рэчышча.

А бацька Баціка ўжо стаяў каля сталоў, што ламіліся ад прысмакаў, і чакаў, калі госці падыйдуць і пазнаёмяцца з астатняй сям’ёй.

– Знаёмцеся, гэта мая жонка Бэці, – бацька прадставіў элегантную бусліху сярэдняга ўзросту.

– Бэці, – бусліха какетліва падала сваё правае крыло Казіку.

– А гэта мае дочкі, яны жывуць у сваім гняздзе, – рэпрэзентаваў далей сваю сям’ю бацька бусел.

Дзве дачкі сціпла паціснулі сябрам рукі, лапу і крыло.

– Ну, братоў Баціка, якія з ім жывуць у трэцім гняздзе, вы ўжо ведаеце, – працягваў бацька. – Яшчэ ў нас трое меншых дзяцей, але яны зараз спяць. Ц-сс! Рэжым. Пасля я і з імі вас пазнаёмлю.

І сапраўды, у гняздзе ў ложку сапелі трое буслянятак. Бацька бусел ізноў пачаў нешта казаць і гэта разбудзіла дзетак. Адно з буслянят заварушылася і раптам падхапіўшыся стала на край гнязда і сіганула ўніз. Усе аслупянелі і толькі Казік, які стаяў бліжэй за ўсіх да бусляняці, не разгубіўся і паспеў схапіць малое за кончык хвосціка. Тут да Казіка падбег Юзік, які перагнуўся праз край гнязда і ўхапіў бусляня за ножку. Удвух яны ўцягнулі дзіця ў гняздо.

– Неверагодна, вы ізноў выратавалі яшчэ аднаго нашага сына! – бусліха Бэці ўдзячна абняла Казіка. – Ён у нас лунацік і за ім патрэбна вока і вока.

– Нічога, бывае, – сціпла адказаў Казік, – я сам тут амаль не загінуў пад коламі цягніка, але вось Маркізне даў мне загінуць.

Сабачка Маркіз, якому чамусьці ад пахвалы стала няёмка, схаваўся за варону Карыну.

«Гэта не вандроўка, а нейкае выратаванне шарагоўца Раяна» – думала ў гэты момант Карына, маючы на ўвазе не толькі выратаванне бусляня, але і выратаванне Маркізам Казіка. Амерыканскі фільм «Выратаваць шарагоўца Раяна» варона нядаўна глядзела ў летнім кінатэатры. Праўда ў кінэтэатр яе не пусцілі і глядзець прыйшлося з-за плота, седзячы на галінцы дрэва.

Нарэшце ўсе з усімі перазнаёміліся, малога ізноў уклалі ў ложак, і пачалося застолле, ці як у нас кажуць – бяседа.

– Ешце, госці дарагія, – запрашала гаспадыня Бэці. – Вы ўжо даруйце, калі што не так, за дваццаць хвілін усё сабралі.

Да самага позняга вечара гулялі сябры з гаспадарамі. І павесяліліся на славу.

16. ГОРАД

Пераначаваўшы ў сельскай гасцініцы, якая належала прыяцелям буслоў, і адпачнуўшы за кароткую нач ад доўгай «бяседы», дахавікі і варона з сабачкам накіраваліся на аўтобусе ў горад да дахавіка Гюнтэра. Іх праводзіла ўся сям’я Баціка.

– Калі што, ну, раптам будуць праблемы з вяртаннем на радзіму, то мы вас падкінем да дому, калі паляцім у Афрыку – сказаў сябрам Бацік. – Тэлефануйце.

Сябры памахалі на развітанне ветлівым гаспадарам, і аўтобус па вузкай дарозе, абсаджанай дрэвамі, накіраваўся ў горад.

«Ну і майстар» – думаў Казік пра кіроўцу аўтобуса, калі аўтобус на вялікай хуткасці праносіўся ўсяго ў некалькіх сантыметрах ад дрэў. Навокал ізноў рассцілаліся зялёныя някошаныя лугі, палі і яшчэ больш зялёныя лясы.

Нарэшце пачаліся прадмесці з двухпавярховымі дамкамі, а за імі і горад, забудаваны сучаснымі пяці- і дзевяціпавярховымі панэльнымі дамамі.

– А гэтых дамоў сто гадоў таму не было, – сказаў Казік.

– Не было, – падцвердзіў Юзік.

Аўтобус пад’ехаў да аўтавакзала. Пс-с-с – расчыніліся дзверы, і пасажыры адзін за адным выйшлі з аўтобуса. Побач з аўтавакзалам быў бачны прыгожы карычневы будынак чыгуначнага вакзала.

– Так, зараз зарыентуемся, – сказаў Юзік. – Бач ты, усяго сто гадоў прайшло, а як тут усё змянілася.

Ён пакруціў галавой па баках і радасна закрычаў:

– Эўрыка! Знайшоў! Вунь там жыве Гюнтэр.

За сучасным гандлёвым цэнтрам, падобным да вялізарнай бляшанкі кансерваў, віднеўся шпіль з флюгерам. Гэта была былая кірха, дзе жыў дахавік Гюнтэр. Як казаў Гюнтэр па тэлефоне, цяпер у будынку кірхі была філармонія.

– Сябры, за мной! – сказаў Юзік і рушыў наперад. За ім чарадой пайшлі Казік, Маркіз і Карына. Гараджане, якія спяшаліся па сваіх справах, нават не звярталі ўвагі на такую стракатую кампанію. А магчыма яны проста прызвычаліся да турыстаў з розных краін, бо хто толькі апошнім часам не наведваў горад: і вузкавокія японцы, і шатландцы ў спадніцах, і сікхі ў цюрбанах, і нават маленькія чорныя пігмеі з Афрыкі, якія былі зусім без усяго, толькі ў набедраных павязках.

– Юзік, а ты заўважыў, што гараджане размаўляюць на іншай мове, чым сто гадоў таму? – спытаў Казік.

– Так, – адказаў Юзік, – заўважыў.

– А я спачатку не, – сказаў Казік. – Я ім па-нямецку entschuldigen Sie bitte, маўляў, прабачце калі ласка, а яны толькі робяць вялікія вочы ў адказ.

– Яны цяпер гавораць на той жа мове, што і ў нас у горадзе, – сказаў Юзік. – І гэтым нашыя гарады падобныя. У нас жа таксама сто гадоў таму размаўлялі на іншых мовах. Глабалізацыя, адным словам.

– А што такое глабалізацыя? – запытаўся Казік.

– Глабалізацыя – гэта працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі і уніфікацыі. Ну як бы табе прасцей растлумачыць? Хутка ўсе ў свеце будуць размаўляць на адной мове, будуць думаць аднолькава, аднолькава апранацца і есці аднолькавую ежу. Вось гэта, на маю дахавікоўскую думку, і ёсць глабалізацыя.

– Тады гэта кепска і нясмачна, – сказаў Казік.

– А чаму нясмачна? – запытаўся ў Казіка сабачка Маркіз.

– Чаму, чаму. Таму, што нясмачна. І нецікава. Ну, уяві, што ўсе мы станем аднолькавымі. Не будзе ні сабачак, ні варон, ні дахавікоў, а адны гэтыя…глабалы ці глабалісты. І ўсе будзем есці аднолькавую ежу. А я, напрыклад, не хачу есці сабачую ежу. Ну, не люблю я косткі, што хочаш са мной рабі, бо гэта нясмачна.

– А я не люблі маргарын «Раму» з ягаднай гарбатай, – сказаў Маркіз. І уявіўшы, што яму давядзецца есці «Раму» і запіваць яе ягаднай гарбатай, дадаў: – Сапраўды, глабалізацыя – гэта нясмачна.

Тым часам уся кампанія ўжо пераходзіла галоўны праспект горада, за якім і была кірха. Праспект быў пакрыты сапраўдным старым гранітным брукам, па якім з гулам праносіліся дарагія джыпы і менш дарагія легкавікі.

Прыгожая вялізарная чырвоная кірха стаяла ў атачэнні панэльных дзевяціпавярховікаў. Кірха нечым нагадвала Гулівера ў атачэнні ліліпутаў – такая яна была высокая. Навокал будынка стаялі рыштаванні, было бачна, што ідзе рэстаўрацыя.

– Між іншым, хачу звярнуць вашу ўвагу, што кірха пабудована ў стылі неаготыкі ў пачатку тысяча.., – пачаў адукоўваць сяброў Юзік.

Але яго перабіў Казік.

– О, рыштаванні! – выгукнуў ён. – Вось па іх мы і залезем на дах.

І ён спрытна палез на дах кірхі, а за ім і ўся кампанія. Нават варона Карына гэтым разам не паляцела, а палезла разам з усімі.

На даху іх ужо чакаў дахавік Гюнтэр. Гюнтэр выглядаў так жа, як і Казік з Юзікам. Хаця не, крыху адрозніваўся. Бо ён насіў стракатыя падцяжкі, меў бараду сярэдняй даўжыні і паліў люльку.

– Прывітанне, стары! – Казік з Юзікам кінуліся абдымаць і ціскаць Гюнтэра. Яны шморгалі яго за бараду, піхалі кулакамі ў жывот, нацягвалі цыліндр на вочы, карацей кажучы, праяўлялі сапраўдныя сяброўскія пачуцці. – Сто гадоў цябе не бачылі, а ты ўсё такі ж. Ну давай, апавядай караценька пра тое, чым ты займаўся пасля нашай апошняй сустрэчы.

Возрастное ограничение:
0+
Дата выхода на Литрес:
11 декабря 2023
Дата написания:
2023
Объем:
60 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Автор
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
177