Читать книгу: «Дахавік Казік», страница 3

Шрифт:

– Уцёк, паразіт, – сказаў Юзік, маючы на ўвазе пад словам “паразіт” ката.

У гэты момант з дахавага акна паказалася вусатая каціная пыса. Адно вока ў ката было падбітае, відаць Юзіку ўсё ж удалося расквітацца за ўдар па носе.

– Пачакайце, мяў! Вы яшчэ пашкадуеце, што звязаліся са мной, мяў. І за «паразіта» адкажаце! – пагражальна прамяўкаў кот і ад злосці перакусіў антэнны кабель, які ішоў ад спадарожнікавай антэны да кагосьці ў кватэру.

Не вытрымаўшы гэтага, Юзік схапіў кавалак цагліны, які ляжаў ля коміна, і шпурлянуў у ката. «Бах»! – і другое вока ката аказалася таксама падбітым, пасля чаго кот з мяўканнем знік у акне.

– Ну, ніякай павагі да працаўнікоў аварыйнай службы. Не, ну скажы, Казік, як можна працаваць у такіх умовах? – спытаў Юзік сябра.

А працаваць было трэба. Прычым неадкладна.

Казік падняў з даху свой цыліндр.

– Дай мне сваю вяроўку з шарыкам, – папрасіў ён Юзіка.

Юзік даў вяроўку. Дахавік Казік апусціў шарык у комін і стаў разматваць вяроўку. Нарэшце вяроўка ў нешта ўпёрлася. Казік паспрабаваў прабіць металічным шарыкам гэтае «нешта». Ён падымаў і рэзка адпускаў вяроўку. Але нічога не атрымлівалася. Дахавікам прыйшлося вярнуцца ў кватэру.

– Нічога не атрымліваецца, штосьці трапіла ў дымаход, – сказаў Казік Вацлаву Банавентуравічу, калі яны вярнуліся ў кватэру.

Тады Вацлаў Банавентуравіч зняў трубу з калонкі і паспрабаваў зазірнуць у дымаход. У дымаходзе нешта заскрэблася і ўніз на галаву майстра пасыпалася сажа. Усе прысутныя ад нечаканасці здрыгануліся. У дымаходзе ізноў пачулася шкрабатанне, а потым карканне:

– Кар-р, кар-р.

Хто там?! – крыкнуў Казік.

– Гэта я, кар! – пачуўся з цемры плаксівы голас.

– Хто, я? – гучна спытаў Юзік.

– Ну я, Кар-рына, – ізноў адказалі з цемры.

Казік узяў услончык, які стаяў на кухне, залез на яго і засунуў руку ў дымаход. Рука намацала нагу птушкі. Казік пацягнуў за нагу і выцягнуў з дымахода перапэцканую ў сажу і пакамечаную варону Карыну. Выгляд у Карыны быў, шчыра кажучы, варты жалю. На галаве птушкі быў капялюш, зроблены з паловы вялікага пластыкавага кіндэр-сюрпрыза. Менавіта гэтая «каска» і выратавала варону ад сур’ёзных траўмаў.

Варону аднеслі ў ванны пакой і памылі пад струменем вады. Потым яе напаілі гарбатай і калі птушка цалкам супакоілася, Казік пачаў распытваць, што з ёй здарылася.

– Уяўляеце, – распавядала Карына, – сяджу я значыць сабе на коміне, нікога не чапаю, дзяўбу скарынку хлеба. І тут з’яўляецца гэты кот. Базыль, дарэчы, яго мянушка.

– Яго гаспадары мусіць наглядзеліся па тэлевізары «Прыгод Бураціна», таму і такую мянушку кату далі, гы-гы, – засмяяўся Юзік.

– Не кот, а нейкі злодзей, – працягвала Карына, – яго гаспадыня, яна на трэцім паверсе жыве, выгнала з кватэры. Бо ён мышэй не ловіць, а толькі цягае з лядоўні каўбасу і сасіскі.

Варона памаўчала, пра нешта задумалася, а потым зноў стала апавядаць:

– А, ну дык значыць дзяўбу я скарынку, а ён як скокне да мяне. Я ад страху ў комін і звалілася. Думаю, што толькі гэтым сваё жыццё і выратавала. Не зваліся я, толькі б пер’е па даху лётала, а я ўжо была б у страўніку гэтай вусатай пачвары.

Казік пачухаў патыліцу.

– Давядзецца цябе пасяліць на маім гарышчы, – сказаў ён, – а то гэты Базыль ад цябе сапраўды толькі пер’е і пакіне. І Маркіз цябе абараніць не зможа, бо ў адрозненне ад катоў, па дахах лазіць не ўмее. А так пажывеш у мяне, гарышча трохі прывядзеш у парадак, а то я цяпер працую і часу на прыбіранне ў мяне няма.

– Ага, табе б Казік адно выгоду шукаць, – пажартаваў Юзік.

– Ну дык няхай тады ў цябе пажыве, – пакрыўджана сказаў Казік.

Юзік збянтэжыўся.

– Не, у мяне ёй будзе няўтульна. Жытло ў мяне часовае, на пражыванне двух істот не разлічана. Вось, калі адрамантуюць бібліятэку з маім гарышчам, то тады, калі ласка, – адказаў ён.

– Скажы лепш, што табе не хочыцца карміць варону. Ну ты і скнара, Юзік, – сказаў Казік

Уся кампанія выйшла з кватэры на вуліцу.

– Ну вы едзьце на машыне, а я тралейбусам да камбіната даеду, – сказаў дахавікам Вацлаў Банавентуравіч і зноў пацёр рукой свой гузак.

– А можна мы Карыну адвязем да мяне дамоў? – спытаў майстра Казік.

– Можна, – адказаў Вацлаў Банавентуравіч, – хаця гэта называецца «выкарыстанне службовага становішча ў асабістых мэтах». Але што з вамі рабіць.

Калі дахавікі з варонай пайшлі да мікрааўтобуса, майстар паглядзеў ім услед і ціха сказаў:

– Вароне добра – яна ў касцы.

– Вы нешта сказалі? – спытаў майстра сабачка Маркіз.

– Не-не, гэта я так, – адказаў Вацлаў Банавентуравіч і пакрочыў да тралейбуснага прыпынку.

Дахавікі адвезлі Карыну да дома Казіка, а самі паехалі ў сваю кантору. На вуліцы каля будынка «Камбіната супрацьпажарных прац» яны пабачылі злога пана ў рабочым камбінезоне. Як высветлілася гэта і быў кіроўца мікрааўтобуса. Раззлаваны кіроўца хацеў быў кінуцца на дахавікоў з кулакамі, але ў гэты час да будынка падыйшоў майстар Вацлаў Банавентуравіч, які дабіраўся тралейбусам.

Вацлаў Банавентуравіч сам пачаў сварыцца на кіроўцу.

– Звольню сёння ж! – крычаў ён, – якой трасцы ты пакідаеш ключы ў машыне!? А калі б яе ўгналі злачынцы і выкарысталі, скажам, для рабавання банка? А калі б яны яшчэ і задавілі каго-небудзь?

Вацлаў Банавентуравіч зрабіўся чырвоны, як рак.

– Ідзі прэч з маіх вачэй, – крыкнуў ён кіроўцу.

Кіроўца хуценька залез у мікрааўтобус і завёўшы рухавік знік з далягляду.

– Так вось і працуем, – звярнуўся Вацлаў Банавентуравіч да Казіка і Юзіка, і дастаўшы з кішэні упакоўку таблетак, праглынуў адну.

А дахавікі пакінулі свае камінарскія прычындалы на працы і пайшлі пагуляць па горадзе.

10. ПАНІ ЯДЗВІГА

– Такі шыкоўны настрой пасля добра зробленай працы, – сказаў Казік дахавіку Юзіку, – недарэмна мы дзень пражылі.

Дахавікі весела абмяркоўвалі сутычку з катом Базылём. Яны падыйшлі да перакрыжавання вуліц і на пешаходным пераходзе пабачылі паліцыянта, які ўважліва за імі сачыў. Калі яны параўняліся з паліцыянтам, той запытаўся ў дахавікоў:

– А вы выпадкова не Казік і Юзік?

– Так, – адказаў паліцыянту Юзік, – яны самыя і ёсць. А адкуль вы нас ведаеце?

– О, нам у акадэміі паліцыі шмат пра вас апавядалі. Мы вывучалі ваш вопыт па затрыманні правапарушальнікаў, бо ваша аперацыя па затрыманні вядомага бандыта Глобуса разглядаецца ў падручніку па крыміналістыцы, як узорная. Толькі нікому пра гэта не кажыце – гэта сакрэтная інфармацыя. Я нават абараніў па вашай аперацыі дыплом і атрымаў выдатную адзнаку. І цяпер буду служыць тут у сталіцы, а не ў далёкай правінцыі за дзесяццю лясамі і дзевяццю рэкамі.

І паліцыянт прыклаў руку да фуражкі.

– Рады быў пабачыць герояў, – сказаў ён, і развітаўшыся, пайшоў праз дарогу.

А дахавікі пакрочылі сабе далей.

– Юзік, а можа зазірнём у госці да пані Ядзвігі, на Кароткабродскую 13? – спытаў сябра Казік.

Пані Ядзвіга была той самай гаспадыняй з дзявочым голасам, у кватэры якой дахавікі з Карынай калісьці і затрымалі бандыта.

– Не, я дамоў пайду, бо стаміўся нешта – сказаў Юзік. І запытаўся з непрыхаванай іроніяй: – А ты што, закахаўся ў яе? А як жа фрэкен Бок з мультфільма пра Карлсана?

– Фрэкен Бок магчыма несапраўдная, прыдуманая, – адказаў Казік Юзіку, – а пані Ядзя мне сапраўды спадабалася. Яна такая добрая. І ў яе на кухні так смачна пахне піражкамі з яблычным павідлам.

Ён уздыхнуў.

– Ну хадзем, – ізноў пачаў ціснуць Казік на сябра.

– Ды не пайду я, адчапіся, – не здаваўся Юзік.

Дахавікі развіталіся. Юзік пайшоў дамоў, а Казік адзін накіраваўся ў госці да пані Ядзвігі. Па дарозе ён купіў букет з трох чырвоных ружаў у прыгожай абгортцы з фальгі. Казік ужо даўно жыў на свеце і ведаў, што ў госці без падарунка не ходзяць. А жанчыны любяць атрымліваць падарункі ў выглядзе кветак, часцей за ўсё – ружаў.

Казік нарэшце дайшоў да дома пані Ядзвігі і пазваніў ёй. Пані Ядзвіга з дапамогай дамафона адчыніла дахавіку дзверы пад’езда. Калі Казік падняўся на паверх, дзе жыла пані Ядзвіга, дзверы яе кватэры былі прыадчыненыя, а сама пані стаяла каля іх з вялікім і верагодна цяжкім апалонікам.

– Пані Ядзя, што вы гэта мяне апалонікам сустракаеце? – спытаў Казік.

– Ды нічога, праходзь, – адказала гаспадыня і прапусціла Казіка ў кватэру, уважліва агледзеўшы лесвічную пляцоўку.

Казік зайшоў у вітальню. У кватэры пахла піражкамі.

– Гэта вам, – сказаў дахавік і аддаў кветкі гаспадыні.

Яна ўся пачырванела і дзявочым галаском залепятала:

– Так нечакана, так нечакана! Дзякуй, Казімір!

Цэлы вечар яны сядзелі на ўтульнай кухні. Пілі гарбату, елі піражкі з яблычным павідлам, размаўлялі, глядзелі тэлевізар. А што яшчэ трэба для шчасця?

11. СЯБРЫ ЕДУЦЬ ДА МОРА

Неяк спякотным ліпеньскім вечарам Казік з Юзікам сядзелі на даху і пілі з вялікіх кубачкаў смачную ягадную гарбату. Увесь цэнтр горада быў заліты яркімі агнямі, натоўпы гараджан і турыстаў сноўдаліся туды-сюды без усялякай бачнай мэты.

– Ох, як жа ягадная гарбата дапамагае ад спёкі, праўда Юзік? – запытаўся Казік у сябра.

– І не кажы, – адказаў Юзік. Адзеты Юзік быў толькі ў шорты, а на галаве ў яго быў звыклы цыліндр, які ён здымаў вельмі рэдка.

– Свята – гэта добра, – працягваў Казік, прысёрбваючы з кубачка, – але неяк стаміўся я ад гэтых купалляў-русалляў.

– Што так? – спытаў Юзік, і таксама адсярбнуў з кубка гарбату. – Усе радуюцца, гуляюць, адпачываюць. Самалёты лётаюць, салюты страляюць. Цікава!

– Ага, яны адпачываюць да раніцы, песні ўсялякія гучна спяваюць, праз вогнішча трое сутак скачуць, а я заснуць не магу, усю ноч варочаюся з боку на бок. Ды яшчэ і гэтая спёка, якая трымаецца ўжо месяц!

Ён памаўчаў, а потым раптам спытаў Юзіка:

– А ведаеш, якія ў мяне дзве мары?

– Зразумела, што не ведаю, – адказаў Юзік, – я ж не тэлепат Вольф Месінг ці нейкі экстрасэнс.

А Казік працягваў:

– Я мару з’ездзіць на мора і купіць камп’ютар. Каб ты ведаў, як мне хочацца набыць камп’ютар! Калі ён у мяне будзе, то я змагу карыстацца сецівам не пакідаючы свайго гарышча. А так мне даводзіцца хадзіць у інтэрнет-кавярню. А ў гэтай кавярні такія дарагія паслугі!

– Ды навошта табе гэты інтэрнет? – спытаў Юзік. – Чытай лепш кнігі ці гуляй.

– О! У сеціве столькі ўсяго цікавага! Мне вельмі-вельмі падабаецца інтэрнет-старонка «Нашыя дзеткі»! Там столькі розных гульняў, мульцікаў, казак, песень! – Казік узбуджана пачаў махаць рукамі, – толькі вось ёсць адна праблема: мне не хопіць грошай і на мора і на камп’ютар, – твар Казіка зрабіўся сумным, а голас ціхім.

– Тады трэба выбраць нешта адно, мора ці камп’ютар, – адказаў Юзік.

– Я не ведаю, што выбраць, мне хочацца і тое, і тое.

– Давай разважаць лагічна, – прапанаваў Юзік. – Ты можаш паехаць на мора ўзімку?

– Магу, – сказаў Казік, – але ўзімку на моры холадна. А дабрацца да тых мораў, дзе ўзімку цёпла, у мяне ўсё адно не хопіць грошай.

– Ну вось, – прамовіў Юзік, – значыць на мора трэба ехаць цяпер, гэта значыць улетку. А камп’ютар ты і ўзімку, і ўвясну зможаш купіць. Лагічна?

Лагічна, – адказаў Казік.

Ён трошкі падумаў і прапанаваў Юзіку:

– А давай паедзем у адпачынак на мора разам.

– Ну давай, – згадзіўся Юзік. – Грошай на паездку і я падзарабіў. Не дарэмна ж мы столькі месяцаў камінарамі працавалі. Вунь ледзь адмыліся самі ад сажы і адзенне адмылі.

– Толькі давай паедзем не на поўдзень – на чорнае-чорнае, бо там яшчэ спякотней, чым у нас, а на поўнач – на сіняе-сіняе мора, у бурштынавы край. Там так добра! І Карыну з Маркізам на мора возьмем. Я ўжо і не памятаю, калі мы апошні раз у моры купаліся. А ты памятаеш, Юзік?

– Дакладна не памятаю, гадоў можа сто таму, а можа і ўсе сто дваццаць. Я не лічыў, – адказаў Юзік.

Потым ён на хвілінку задумаўся і дадаў:

– Трэба тады і Гюнтэра праведаць. Я патэлефаную яму, скажу, што прыедзем у госці.

Гюнтэр таксама быў, як і Казік і Юзік, дахавіком. Апошнія сто гадоў ён жыў на даху вялікай прыгожай кірхі ў горадзе каля сіняга-сіняга мора, у які і сабраліся ехаць сябры.

– Добра, вырашана – сказаў Казік, – папросім Карыну, яна ж каля чыгуначнага вакзала жыве, каб заўтра пастаралася набыць квіткі. Ці, можа, лепш я сам куплю? А то яна яшчэ набудзе ў адваротны бок, ты ж мусіць, памятаеш, як калісьці было, калі замест квіткоў да Львова, яна купіла да Льгова?

– Казік, супакойся, Карына не першы дзесятак гадоў на гэтым свеце жыве, зробіць, як усё мае быць – адказаў сябру Юзік.

Але Юзік памыліўся, што здаралася вельмі рэдка.

На наступны дзень, калі Казік займаўся нейкімі дахавымі справамі на сваім гарышчы (на самой справе ён глядзеў па тэлевізары свой улюбёны мультфільм пра Карлсана, але – цссс! – нікому не кажыце пра гэта), зазвінеў Казікаў тэлефончык. Званок быў ад Карыны.

– Катастрофа-кар-кар! – крычала Карына ў слухаўку. – Усё пр-рапала-кар! Катастрофа-кар!

– Карына, супакойся. Што здарылася?

– Квіткі не прадаюць, кажуць патр-рэбна нейкая віза і пашпар-рт. А ў нас жа ні пашпар-ртоў, ні гэтай, як яе, візы. А што гэта за штука такая – віза? Я ўсё жыццё без усякай візы па свеце лётала і нічога.

Казік не адказаў на яе пытанні, бо і сам не ведаў, а толькі сказаў:

– Праблема. Пачакай, я параюся з Юзікам, ён у нас галава, што-небудзь прыдумае…

Юзік моўчкі выслухаў Казікаў аповед, потым зняў свой цыліндр і пачухаў патыліцу: шкраб-шкраб-шкраб.

– Сапраўды праблема, – прамовіў Юзік. – Горад, у які мы сабраліся, цяпер знаходзіцца ў іншай краіне. А каб да яго даехаць, трэба праехаць яшчэ адну краіну.

Пасля гэтых слоў ён ізноў пашкрабаў: шкраб-шкраб, надзеў цыліндр і сказаў:

– Прыдумаў. Паедзем кантрабандыстамі.

– А хто такія гэтыя кантрабасісты? – спытаў Казік, – тыя, хто грае на кантрабасах?

– Не кантрабасісты, а кантрабандысты – гэта тыя, хто пераходзіць без пашпартоў уначы мяжу па балоце ці праз цёмны-цёмны лес.

– Мы пойдзем па балоце? – спытаў Казік. – Бр-р, я баюся па балоце, там такая брыдкая трава!

– Супакойся, мы паедзем цягніком, – адказаў Юзік. І дадаў:

– Але кантрабандыстамі.

12. КАНТРАБАНДЫСТЫ

Горад спаў. Горад сніў сотні тысяч, а можа і мільёны каляровых і чорна-белых сноў. Не спалі ў горадзе толькі паліцыянты, таксісты, жулікі, шматлікія дзяжурныя і вартаўнікі. Не спалі і чацвёра сяброў.

Гадзіннік на Казікавым гарышчы прабіў трэцюю гадзіну ночы. І тут жа зазвіней Казікаў тэлефончык.

– Казік слухае.

– Падымайся, гультай – спознімся – пачуўся ў тэлефоне голас Юзіка.

– Ад гультая чую, – адказаў Казік і хуценька, як жаўнер, падхапіўся з ложка (ён ляжаў адзетым), пазяхнуў (вось так: а-а-а), абуў красоўкі, спрытна закінуў за спіну падрыхтаваны загадзя заплечнік і спусціўся па пажарнай лесвіцы на вуліцу. На вуліцы была… ну, як бы сказаць лепш? Была чорная-чорная ноч. Гарбатая постаць Казіка вынырвала з цемры ў святло нешматлікіх ліхтароў, якія гарэлі ў гэты час, і зноў хавалася ў цемры.

На рагу вуліц Дуніна і Марцінкевіча пад ліхтар выйшла яшчэ адна гарбатая постаць у цыліндры і далучылася да Казіка. Гэтая гарбатая постаць (якая, між іншым, належала Юзіку) ціха сказала сіпатым голасам:

– Усё ідзе па плане, курс на поўнач.

І два кантрабандысты накіраваліся начнымі вуліцамі ў бок вакзала. Непадалёк ад вакзала, за падземным пераходам, іх чакалі яшчэ дзве постаці з заплечнікамі. Гэта былі варона Карына і сабачка Маркіз – таксама кантрабандысты. Сябры амаль бязгучна павіталіся і рушылі адзін за адным на перон. На пероне Юзік засунуў Маркіза ў свой заплечнік, а заплечнік Маркіза аддаў Казіку. І дахавікі спрытна залезлі на навес, які ахоўвае пасажыраў ад снегу і дажджу. За імі на навес заляцела і варона Карына.

Сябры ўселіся і сталі чакаць…

13. ДАРОГА

Роўна ў чатыры гадзіны пяцьдзесят шэсць мінут раніцы па мясцовым часе на станцыю прыбыў цягнік, які накіроўваўся ў бок сіняга-сіняга мора. У дахавікоў і вароны з сабачкам было дзевятнаццаць мінут, каб перабрацца на цягнік. Але ім для гэтага хапіла ўсяго некалькіх секунд. Сябры спрытна пераскочылі з навеса на дах вагона, уладкаваліся на ім і спакойна заснулі: дарога мусіла быць далёкай.

Дыктарка абвесціла, што цягнік №147 адпраўляецца, і састаў, набіраючы хуткасць, папоўз велізарным вусенем у бок мяжы. Але сябры ўжо салодка спалі і нічога гэтага не чулі.

Праз нейкія тры гадзіны цягнік дапоўз да мяжы і прыпыніўся. Яго абкружылі памежнікі і мытнікі. Пачалася праверка дакументаў.

Дзіўна, але ніхто з памежнікаў і мытнікаў не заўважыў на даху вагона сяброў, якія ўжо прачнуліся. Канечне, памежнікам і мытнікам і ў галаву не магло прыйсці, што нехта можа падарожнічаць такім чынам.

Мытнікі і памежнікі рабілі сваю справу, а сябры – сваю. Казік, Юзік, Карына і Маркіз падаставалі з сваіх заплечнікаў тое, што яны сабралі на хуткую руку ў дарогу (між іншым: вэнджаную каўбаску, агурочкі, памідорчыкі, чорны хлеб, белы хлеб, соль, ікру, грыбочкі, варэнне, ёгурты, косткі для Маркіза і яшчэ трошкі ўсяго) і з апетытам прыняліся за гэты «сціплы» сняданак.

Праз сорак мінут цягнік торгнуўся, прапоўз крыху ў паўночным накірунку і прыпыніўся па другі бок мяжы. Ізноў яго абкружылі памежнікі і мытнікі, якія адрозніваліся ад папярэдніх толькі уніформай і мовай. І зноў ніхто з іх не заўважыў сяброў.

Возрастное ограничение:
0+
Дата выхода на Литрес:
11 декабря 2023
Дата написания:
2023
Объем:
60 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Автор
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
176