Читать книгу: «Дахавік Казік», страница 5

Шрифт:

Варона Карына, карыстаючыся момантам, стала фатаграфаваць старых сяброў на мабільны тэлефон.

– Гістар-р-рычны момант, – тлумачыла яна Маркізу, – не дар-р-рую сабе, калі не захаваю гэта для гісторыі, кар.

А Гюнтэр, тым часам, пачаў караценька распавядаць дахавікам пра сваё жыццё. Калі ён скончыў, то Маркіз з Карынай ужо даўно спалі. Яно і не дзіва, бо караценькі расповед доўжыўся пятнаццаць гадзін (а што ж вы хацелі – сто гадоў сябры не бачыліся) і на двары была ўжо глыбокая ноч. Пачыналі засынаць і Казік з Юзікам. Ды і сам Гюнтэр, нягледзячы на тое, што распавядаў пра сваё жыццё, таксама ўжо амаль спаў.

Так і прайшоў для сяброў першы дзень у горадзе каля мора.

На наступны дзень сябры агледзелі ўладанні Гюнтэра (а там было што агледзець, бо ў Гюнтэра на гарышчы быў цэлы прыватны музей), паснедалі і выправіліся гуляць.

Была чароўная летняя раніца, у дварах вакол кірхі гуляла шмат дзяцей рознага ўзроста. Яны лазілі па дзіцячых горках, каталіся на роліках і веласіпедах і проста адпачывалі ад школы.

Пабачыўшы ўсю кампанію сяброў, адзін з дзяцей – хлопчык гадоў пяці, кінуў свой мяч і стаў уважліва разглядаць дахавікоў.

– Вы гномы? – неяк нясмела спытаў ён.

– Не, паважаны пан, мы не гномы, – адказаў яму Юзік, – мы дахавікі. Мы на даху жывем.

– О, дык вы Калсаны! – не вымаўляючы гука «р» сказаў хлопчык. Твар яго засвяціўся ад радасці. – А пакажыце вашы матолчыкі. А вы іх валэннем заплаўляеце?

– Сам ты Карлсан з варэннем! – не вытрымаў Казік. Ён амаль не плакаў ад крыўды. – Дахавікі мы!

– Калсаны, Калсаны! – закрычаў хлопчык і пабег кудысьці па сваіх дзіцячых справах.

– Як гэта несправядліва, – пакрыўджана сказаў Казік. – Карлсана ўсе ведаюць, пра яго напісаны кнігі, зняты мультфільмы і кінастужкі, а нас – дахавікоў, ніхто, апроч паліцыянтаў у нашым горадзе, не ведае.

– Не пераймайся, Казік, – стаў супакойваць сябра Юзік. – Наша шчасце, што амаль ніхто нас не ведае і што нас нават не заўважаюць на вуліцах ці лічаць, што мы якія-небудзь вузкавокія японцы, шатландцы ці сікхі з пігмеямі. Уяві, што мы былі б знакамітымі. І што? Жах! Нам бы прыйшлося, як кіназоркам, ці як, у крайнім выпадку, прэзідэнтам, хадзіць усюды з аховай. Ніякага прыватнага жыцця. Ну як бы ты наведваў пані Ядзю? З ахоўнікамі?

– Сапраўды, не пераймайся, Казік, – супакоіў сябра і Гюнтэр.

І дахавікі з Карынай і Маркізам працягнулі свой шпацыр па горадзе. Гюнтэр, як сапраўдны экскурсавод, паказваў сябрам свой горад і распавядаў пра яго гісторыю. Кампанія пасядзела ў кавярні, а потым пайшла аглядаць галоўную славутасць горада – нядаўна адрэстаўраваны катэдральны сабор. Каля сабора быў пахаваны славуты філосаф Кант.

– У нашым горадзе не толькі Кант жыў, – пахваліўся Гюнтэр. Яшчэ з нашага горада паходзіць казачнік Гофман.

– Па-а-думаеш, – сказаў Казік. – А я, між іншым, Купалу з Коласам няньчыў.

Сябры выйшлі на наберажную ракі Прэголі. Навокал прагульвалася парамі моладзь. Гюнтэр паліў сваю люльку і ад яго ішоў дым, як ад паравоза ці парахода.

– Гюнтэр, не палі, гэта шкодна для здароўя, – сказаў Казік.

– Сапраўды, гэта вельмі шкодна для арганізма, – падтакнуў Юзік, – схавай сваю люльку ў кішэнь.

Гюнтэр неахвотна паклаў люльку ў кішэнь і ўсе пайшлі далей.

– А-а-а! – закрычаў раптоўна Гюнтэр і пачаў махаць рукамі і скакаць. – А-а-а, ратуйце!

Ад яго ізноў паваліў густы дым, бо ад люлькі ў кішэні загарэлася Гюнтэрава адзенне. Сябры разгубіліся і не ведалі што рабіць. Наступіла паўза. Першым ачухаўся Юзік. Ён моцна штурхнуў Гюнтэра ў раку. Гюнтэр кулём паляцеў у ваду. – Плюх! – пырскі ад упаўшага ў раку Гюнтэра аблілі сяброў з ног да галавы, хаця сябры і знаходзіліся высока над вадой.

А-а-а, ратуйце! – ізноў закрычаў Гюнтэр, – я вельмі кепска плаваю!

Чорны цыліндр дахавіка паплыў па цячэнні.

Сабачка Маркіз не раздумваючы кінуўся ў раку (хаця да гэтага ён баяўся вады, як агню), схапіў за каўнер Гюнтэра і выцягнуў яго на наберажную ў тым месцы, дзе да вады спускаліся прыступкі. Потым ён ізноў паплыў і вылавіў з вады цыліндр дахавіка. Тут жа да Маркіза і Гюнтэра падбеглі Юзік, Казік і варона Карына. Пачуўшы, што нешта адбываецца, да іх сталі падыходзіць і мінакі.

– Ну што, ці не я табе казаў, што паленне шкоднае для здароўя!? – з выклікам спытаў мокрага Гюнтэра Юзік.

Сябры прыпынілі таксоўку, загрузілі Гюнтэра ў багажнік (бо кіроўца не згаджаўся садзіць мокрага дахавіка ў салон машыны) і яны паехалі назад, паіць гарачай гарбатай і сушыць Гюнтэра.

Так прайшоў для сяброў другі дзень у горадзе.

17. МОРА

Назаўтра, калі выратаваны дахавік высушыўся, напіўся гарачай гарбаты і выспаўся, сябры пастанавілі нарэшце паехаць да галоўнай мэты падарожжа – мора, якое знаходзілася ў дваццаці кіламетрах ад горада. Ехаць можна было на аўтобусе, электрычцы ці таксоўцы. На агульным сходзе большасцю галасоў (тры – за, два – супраць) было вырашана паехаць электрычкай.

На вакзале да касы стаяла невялікая чарга. Казік прыстроіўся ў канцы чаргі, а кампанія адыйшла ў бок. Набыць квіток надумала нават варона Карына, якая звычайна ездзіла «зайцам».

Нарэшце Казік апынуўся перад акенцам касы і папрасіў пяць квіткоў да мора.

– Пан відаць іншаземец? – спытала касірка Казіка і падала квіткі.

– А як вы здагадаліся? Па маім цыліндры і сурдуце? – спытаў касірку здзіўлены Казік.

– Не, па вашаму акцэнце. У вас інтанацыя не такая і гукі «ч», «ть» і «дь» вы не так вымаўляеце, як мы. Вось я і зразумела, што пан іншаземец.

– Ну, нічога сабе! – сказаў касірцы ўражаны Казік.

– О, за дваццаць гадоў працы я навучылася вельмі лёгка вызначаць, хто адкуль прыехаў, – адказала касірка. – Вось нядаўна дзве сарокі спрабавалі набыць льготныя квіткі, дык я па іх вымаўленні вызначыла, што адна паходзіць з Эстоніі, а другая – з Латвіі. Прыйшлося адмовіць імігранткам.

– Фантастыка! – Казік быў сапраўды ўражаны. – Вам не квіткі прадаваць, а ў міграцыйнай службе працаваць! А я вось па вымаўленні не магу нават вызначыць, хто жыве на маёй вуліцы, а хто на суседняй.

Ён падзякаваў касірцы і пайшоў з квіткамі да сяброў. Хутка ўсе яны сядзелі ўжо ў электрычцы.

І вось нарэшце электрычка прыпынілася на апошнім прыпынку. Уся кампанія, а менавіта дахавікі Казік, Юзік, Гюнтэр, варона Карына і сабака Маркіз, выйшлі на перон курортнага гарадка Кранца.

– Вядзі, – сказаў Казік Гюнтэру, – а то я за сто гадоў забыў дарогу да мора.

І Гюнтэр павёў сяброў да мора. Яны ішлі па вузкай вулачцы, забудаванай прыгожымі дамамі з мудрагеліста аздобленымі фасадамі. Вуліца была абсаджана ліпамі. Навокал было шмат турыстаў, якія няспешна шпацыравалі па вуліцах горада і сядзелі ў летніх кавярнях.

На адным з фасадаў была прывінчана шыльда, на якой паведамлялася, што ў гэтым доме ў 1901 годзе прыпыняўся нейкі важны пан Сталыпін.

– Гюнтэр, гэта не той лысаваты барадаты важны пан, якога мы бачылі тут з жонкай і шасьцю дзецьмі? – спытаў Юзік. – Ён яшчэ даваў цукеркі сваім дзецям і нам даў таксама.

– Той, – адказаў Гюнтэр. Якая ў цябе выдатная памяць!

– Не скарджуся, – сказаў Юзік. Для захавання памяці трэба шмат чытаць і шпацыраваць, што я і раблю. А вось паліць люлькі і цыгарэты для памяці шкодна…

Раптоўна за дамамі паказалася сіняе-сіняе мора. Вада была аж да самага гарызонта. Па-над морам лёталі чайкі, а з мора дзьмуў чароўны свежы вецер.

– Ура-а-а-а! – закрычалі сябры і кінуліся да мора. Яны спусціліся з наберажнай уніз да вады і ізноў закрычалі:

– Ура-а-а-а!

Вось яна – мара. Мора. На пляжы, пакрытым светлым пяском, было шмат людзей, якія загаралі. Бераг апрача пяску быў усыпаны вялізарнымі валунамі, якія верагодна не давалі вадзе размываць бераг. Справа пачыналася пясчаная каса, якая цягнулася амаль на сто кіламетраў, на яе пясчаных дзюнах таксама загаралі курортнікі. Злева – шмат сучасных белых ветракоў, якія бесперапынна махалі сваімі лопасцямі.

Дахавікі хутка паскідвалі з сябе адзенне і ў адных плаўках і цыліндрах зайшлі ў ваду.

– Ух!!! – закрычаў ад холада Казік, цела якога яшчэ не прызвычаілася да вады.

– Аёй!!! – а гэта ўжо выгукнуў Юзік.

Яны кінулі свае цыліндры на бераг і паплылі ў мора. Плылі спачатку брасам, потым кролем, потым батэрфляем і на спіне. Гюнтэр, які кепска плаваў, і Карына з Маркізам, засталіся плюхацца каля самага берага.

А Казік з Юзікам усё плылі і плылі. На бераг яны выпаўзлі з вады толькі ўвечары. Гюнтэр з варонай і сабакам ужо хацелі выклікаць вадалазаў і ратавальны кацер, бо думалі, што сябры патанулі.

– Як так можна?! – сварыўся Гюнтэр, – мы тут з Маркізам і Карынай перахваляваліся ўжо!

– Мы пллла-а-а-ва-лі, – адказалі дахавікі. Ім было так холадна, што зуб не трапляў на зуб, – Мы-ы ж на мо-о-рра пр-рыеха-алі.

Так прайшоў трэці дзень.

А потым дні паляцелі адзін за адным. Кожны дзень сябры ездзілі на мора, дзе купаліся і загаралі. У рэшце рэшт колерам скуры яны сапраўды сталі падобнымі да афрыканскіх пігмеяў.

Каб не толькі выкупацца ў моры і пазагараць, але яшчэ і павандраваць па бурштынавым краі, Гюнтэр прапанаваў узяць напракат машыну. Так як з усёй кампаніі краваць умеў толькі Казік, то кіроўцам мусіў быць ён. Гюнтэр знайшоў праз газету абвестак салон па пракаце аўтамабілей. Калі сябры падышлі да салона, то пабачылі дзесяткі аўтамабілей «Рэно», якія стаялі на пляцоўцы.

– Ездзіў на гэтай штуковіне? – спытаў Гюнтэр Казіка.

– Яшчэ не, – адказаў той.

Яны зайшлі ў салон. Менеджэр папрасіў у Казіка пашпарт і правы кіроўцы. Але адкуль той мог іх мець?

– Няўжо без дакументаў нельга ўзяць машыну? – спытаў менеджэра Казік. – Я, між іншым, вельмі сумленны. І машынай я кірую з 1906 года. Пакажыце мне яшчэ кіроўцу з такім стажам.

Тут Казік успомніў, як у 1906 годзе ў іх горадзе з’явіўся першы аўтамабіль. Марка ў яго была, між іншым, «Мерседэс». Казік захацеў на ім пакатацца. І пакатаўся. Але чым гэта ўсё скончылася, далей яму ўспамінаць не захацелася…

– Ну добра, – сказаў менеджэр. – Забірайце ключы, толькі пакіньце свой адрас і трайную аплату за арэнду аўтамабіля.

Казік з радасцю прадыктаваў адрас Гюнтэра і заплаціў патрабуемую суму. Да Гюнтэра яны ўжо вярнуліся на «Рэно». Перакусілі і адразу ж паехалі на мора, а потым па ўсяму бурштынаваму краі.

18.ВЯРТАННЕ

Так прайшоў ліпень. Потым жнівень.

Сканчвалася лета, сябры наадпачываліся на моры на наступныя сто гадоў і сабраліся вяртацца назад у свой горад, у сваю краіну.

– Ну ўсё, заўтра будзем збірацца дамоў, – сказаў Юзік.

Тут Маркіз неяк вінавата закруціў хвосцікам, апусціў вочы ў зямлю і прамовіў:

– Выбачайце сябры, але я вырашыў застацца з Гюнтэрам. Вам добра, бо вы разам, а ён адзін. Ён будзе мяне выгульваць штодзень, ды і горад мне даспадобы.

– Няхай застанецца, – сказаў Гюнтэр. – Мы з ім сапраўды за гэты час вельмі-вельмі пасябравалі. І мне так цяжка раставацца з гэтай істотай, якая выратавала мяне.

– Ну, няхай застаецца, мы не супраць, – прамовіў Юзік. І ён выцер слязу. – І людзі, і дахавікі, і жывёлы не павінны быць самотнымі. Усе істоты імкнуцца пазбягаць адзіноты.

– А як жа манахі, якія сыходзяць у манастыр? – спытаў Юзіка Казік. – Атрымліваецца, што яны шукаюць самоты?

– Не, – сказаў Юзік, – яны шукаюць Бога. Таму яны не самотныя, бо з імі Бог. – І ён замаўчаў…

Праслязіліўся і Казік. І нават Карына.

А на пысе Маркіза і твары Гюнтэра разам з слёзамі заззялі ледзь прыкметныя ўсмешкі. Яны радаваліся таму, што змогуць застацца разам.

– Мы будзем тэлефанаваць вам, – сказаў Маркіз. – Праўда-праўда.

Параіўшыся, Казік з Юзікам вырашылі назад вяртацца з бусламі. Тым больш, што бусляня Бацік абяцаў даставіць іх на радзіму. Сям’я буслоў якраз планавала на наступны дзень адлятаць у Афрыку.

Але тут пачала выказваць сваё незадавальненне варона Карына:

– Вам добра, вас буслы панясуць, а мне прыйдзецца самой ляцець. Я старая хворая жанчына, у мяне ўсе косткі баляць. Катэгарычна адмаўляюся ляцець сваім ходам!

Варыянт вяртання з бусламі цярпеў катастрофу. Але становішча выправіў Гюнтэр.

– Тут у мяне ёсць знаёмая правадніца цягніка, мы з ёй пазнаёміліся на арганным канцэрце ў філармоніі, дык я папрашу, каб яна правязла Карыну ў сваім купэ пад выглядам папугая.

І Гюнтэр патэлефанаваў сваёй знаёмай. Правадніца згадзілася. Але трэба было неадкладна бегчы на вакзал, бо цягнік адыходзіў літаральна праз паўгадзіны. Уся кампанія, пасядзеўшы на дарожку, панеслася на вакзал. Карыну перадалі правадніцы і варона пад выглядам папугая паехала праз дзве мяжы дамоў.

А дахавікі і сабака стаялі на пероне і махалі наўздагон цягніку рукамі і лапамі.

– Ну што ж, сябры, – сказаў Казік, – трэба і нам з Юзікам рыхтавацца да ад’езду.

Ён патэлефанаваў Баціку (а роўмінг даражэнны, халера яго вазьмі!) і дамовіўся назаўтра раніцай сустрэцца за горадам у вызначаным месцы.

Ноч перад адлётам была доўгая-доўгая, бо сябры не маглі заснуць. Перад дарогай заўсёды прыходзіць нейкае хваляванне. І толькі перад самай раніцай дахавікі змаглі забыцца ў сне на пару гадзін.

– Не праводзьце нас, – сказаў уранку Казік Гюнтэру і Маркізу. – Так нам будзе лягчэй. Бывайце.

І Казік з Юзікам, узяўшы заплечнікі, спусціліся па рыштаваннях з паддашка кірхі і пайшлі на аўтобусны прыпынак. А горад толькі яшчэ прачынаўся. Калі яны выйшлі з аўтобуса за горадам, то буслоў не было бачна. Але вось праз некалькі хвілін іх чарада паказаліся ў небе. Ад чарады аддзяліліся дзве птушкі. Яны падляцелі да дахавікоў і прызямліліся. Гэта былі Бацік і адзін з яго братоў.

– Ну што, паляцелі? – спытаў Бацік.

– Паляцелі, – адказалі дахавікі і забраліся на буслоў. – Вытрымаеце нас?

– Цяжка будзе, але дамо рады, – адказаў Бацік.

Птушкі з пасажырамі павярнуліся супраць ветра, некалькі разоў падскочылі ў паветра і ўзляцелі ў неба. Развярнуўшыся і выцягнуўшы шыі, буслы сталі даганяць сваю чараду.

Дахавікі лёталі раней у сваіх снах, але сон і параўнаць нельга з рэальным палётам. Адчуванні былі такія, што проста нельга перадаць словамі! Унізе ўсё было такім маленькім: маленькія, як мурашы, людзі, таненькія, як ручаі, рэчкі.

– Пралятаем Польшчу! – крыкнуў Бацік Казіку. – А цяпер Літву!

– І ніякіх табе межаў і пашпартоў! – крыкнуў у адказ Казік.

Яны ляцелі цэлы дзень і праляцелі за гэты час больш за 200 кіламетраў. Увечары стомленыя буслы вырашылі зрабіць начоўку. Прыпыніліся на лузе. Побач быў невялікі хвойнік. Дахавікі вырашылі заначаваць пад дрэвамі, бо на лузе было вільготна. Казік з Юзікам ляглі на ігліцу, падклалі пад галовы заплечнікі і салодка засапелі.

А назаўтра раніцай чарада буслоў ізноў выправілася ў дарогу.

Пасля апоўдня нарэшце паказаўся родны горад. Казік з Юзікам сядзелі на буслах і ад шчасця ва ўсё горла спявалі любімую песню Юзіка:

Вецер, мой брат, я вяртаюся назад.

Ты прабач, а я вяртаюся дамоў.

А на даху Казікавага дома іх ужо сустракала сяброўка Карына, якая махала ім крылом.

19. КАЗІК РОБІЦЬ РАМОНТ

Аднойчы, цудоўнай-цудоўнай восеньскай раніцай (а ўвосень раніцы рэдка бываюць цудоўнымі), дахавік Казік вырашыў зрабіць рамонт на сваім гарышчы. Здаецца, быў панядзелак. Дакладна, панядзелак. Трынаццатага лістапада.

«Не за гарамі Божае Нараджэнне, а ў мяне гарышча і на жытло не падобнае. Усюды павуцінне, дах цячэ, цэгла з комінаў вывальваецца. І не дзіва, бо апошні рамонт яшчэ пры акупацыі горада войскам Пілсудскага рабілі», – думаў Казік. Ён вырашыў неадкладна пахадзіць па будаўнічых крамах і рынках, каб сваімі вачыма паглядзець на будаўнічыя матэрыялы і інструменты, прыцаніцца, што пачым.

Па дарозе Казік накупляў у шапіках розных часопісаў. І «Ідэі вашага дома» і «Прыгожыя дамы» і яшчэ шмат усялякіх цікавых. «Буду вечарамі вывучаць», – меркаваў ён. Цэлы дзень дахавік швэндаўся па крамах і рынках. Але крам было багата, яшчэ больш было розных будаўнічых матэрыялаў, таму Казік працягнуў свой занятак і на наступны дзень. І на наступны дзень за наступным днём таксама…

Пра свае планы Казік не сказаў ні вароне Карыне, ні свайму найлепшаму сябру Юзіку.

«Ведаю я Юзіка, – думаў Казік, – пачне адразу парады раздаваць, як гэта зрабіць, як тое ўладкаваць, хаця за сваё доўгае жыццё сам цвіка не забіў, інтэлектуал».

Падумаўшы так, Казік здзівіўся сам сабе: «Трэба ж, я нават слова «інтэлектуал» ведаю. Цікава, дзе я яго пачуў, ці не ад Юзіка? І, дарэчы, чаму я злы такі сёння, я ж добрая істота?»

Але, тым не менш, дахавік Юзік даведаўся пра планы Казіка.

Неяк увечары нечакана і раптоўна ён зайшоў да сябра на гарбату. Па-англійску. Хаця не, не па-англійску. Здаецца, па-англійску не заходзяць, а развітваюцца. Гэта, калі хто не ведае, азначае, што госць пакідае ваш дом ці кватэру без папярэджвання. Не кажучы «пакуль» ці «бывай». Вып’е ўсю гарбату з кавай, з’есць усё печыва з цукеркамі і хутчэй за дзверы. Відаць гэтыя англічане любяць пачаставацца за чужы кошт, таму, мабыць, і назвалі такое развітанне ў іх гонар. А Юзік наадварот, завітаў у госці да Казіка. Без запрашэння і папярэджвання. Відаць, як некалі завіталі татара-манголы на Старажытную Русь. Вось пасля гэтага, дарэчы, і сталі казаць, што «нязванны госць горшы за татарына».

Возрастное ограничение:
0+
Дата выхода на Литрес:
11 декабря 2023
Дата написания:
2023
Объем:
60 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Автор
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
177