Читать книгу: «Дахавік Казік», страница 2

Шрифт:

Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.

У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.

«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…

Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.

Прывітанне, гультай! – са смехам прамовіў Юзік.

Ад гультая чую, – парыраваў Казік. – Як маешся, што чуваць у

свеце?

– У свеце крызіс і нестабільнасць. Еўра падае, даляр расце, – паведаміў Юзік.

– Я тут на абмене грошай трохі нажыўся, дык можа, куды-небудзь за горад выедзем – адпачнём, грошы распусцім? Тым больш заўтра Купалле.

– А што, давай, – узрадваўся Казік, – толькі трэба з сабой і Карыну ўзяць. А то старая ўжо забылася, калі на прыродзе была.

– Згода.

Дахавікі дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай на аўтобусным вакзале…

Калі Казік дабраўся а дзявятай да аўтавакзала, Юзік і Карына ўжо чакалі яго ля цэнтральнага ўвахода. Юзік быў з заплечнікам, у якім было паўнютка ўсялякай смакаты.

– Ну што, пайду квіткі купляць, – паведаміў Казік.

– Мне не трэба, – сказала Карына, – я прынцыпова езджу без квітка.

– Вольнаму воля, – прамовіў Казік і пайшоў па квіткі для сябе і для Юзіка.

Пачынала прыпякаць. На трэцяй пляцоўцы, ад якой адпраўляўся аўтобус, набралася багата народу. Падышоў аўтобус, і пасажыры пачалі заходзіць у расчыненыя дзверы. Але Карына, апярэдзіўшы ўсіх, улезла ў салон самая першая і, ускочыўшы на месца каля акна, пракаркала дахавікам:

– Хутчэй да мяне!

Сябры ўселіся побач з Карынай. Псс-с! Дзверы зачыніліся, і аўтобус пакаціў за горад. На першым жа загарадным прыпынку ў аўтобус зайшла кантралёрка і пачала правяраць квіткі ў пасажыраў. Кантралёрка брала квіток, глядзела дату і нумар рэйса і шчоўкала кампосцерам. Падышоўшы да сяброў, яна праверыла квіткі ў Казіка і Юзіка, потым звярнулася да Карыны:

– Ваш квіток.

Карына глядзела ў акно, быццам не чула.

– Ваш квіток, – гучней прамовіла кантралёрка.

– Га? – Карына прыкінулася глухой.

– Квіток! – яшчэ гучней сказала кантралёрка, пры гэтым адно яе вока чамусьці заторгалася.

– Пенсіянерка я, – адказала ёй варона.

Але кантралёрка і не думала здавацца:

– Плаціце штраф, а то высаджу з аўтобуса.

Грошай у вароны не было, таму плаціць за яе штраф давялося дахавікам. Як тут не заплаціш?

– Я аддам. Я аддам вам гэты талер, – нудзілася ўсю астатнюю дарогу Карына. – Даруйце мне.

Сябры выйшлі з аўтобуса на перадапошнім прыпынку і вузкай сцяжынкай накіраваліся праз лес да возера. Надвор’е было цудоўнае. Дахавікі іші і весела гаманілі, а Карына з сумным выглядам ледзь валаклася за імі. Калі кампанія прайшла з паўкіламетра, наперадзе пачуўся нейкі шум. З-за дрэў выскачыў невялікі сабака незразумелай пароды і кінуўся да сяброў.

– Схавайце мяне, калі ласка! – забрахаў сабака, – з мяне хочуць зрабіць шашлык!

Казік разгубіўся быў, але Юзік ужо скінуў заплечнік, і сабака ўскочыў туды з хуткасцю маланкі. Толькі паспеў Юзік закінуць заплечнік за спіну, як да іх падбег велізарны мужчына з чорнымі валасамі і такімі ж чорнымі вусамі.

– Вы не бачылі тут майго сабакі. Уцёк, халера!

– Бачылі, – адказаў Юзік. – Ён пабег у лес, вунь туды, – Юзік паказаў у той бок, адкуль яны прыйшлі. Калі мужчына знік, Юзік зняў заплечнік.

– Дзякуй, – сказаў сабака, калі вылез з заплечніка. – Вы мяне ўратавалі.

Так у Казіка, Юзіка і Карыны з'явіўся новы сябар – сабака Маркіз.

І чатыры постаці весела рушылі ў бок возера – насустрач сваім новым прыгодам…

6. ІДЭЯ

Аднойчы дахавіку Казіку ў галаву прыйшла выдатная ідэя – ён вырашыў успомніць старое і зноў папрацаваць камінарам. Казік адразу захацеў падзяліцца гэтай ідэяй з дахавіком Юзікам. Ён дастаў з кішэні сваіх чырвоных штонікаў мабільны тэлефончык і хутка набраў нумар найлепшага сябра.

– Юзік, прывітанне! Што робіш? Чым займаешся? Як заўсёды чытаеш свайго Міцкевіча? «Літво! Ойчызна моя! Ты естэсь як здрове»… Хі-хі-хі. Давай прыязджай хутчэй да мяне, ёсць сур’ёзная размова.

Пасля гэтага Казік вылез з гарышча праз акно на дах, лёг на дыванок, які ён спецыяльна набыў, каб загараць, і падставіў жывоцік вясноваму сонейку. «Паляжу, пагрэюся, пакуль Юзік будзе дабірацца да майго дома» – падумаў Казік. Ён заклаў ручкі за галаву і… заснуў. Што ён сніў – невядома, бо некаторыя сны маюць такую ўласцівасць, што забываюцца адразу, калі прачынаешся. А Казік прачнуўся. Дакладней не сам прачнуўся, а яго пабудзіў сябар Юзік, які пачаў казытаць Казіка, водзячы пярынкай пад Казікавым носікам.

– Апчхі! Дзе я!!? Хто я!!? Што такое!!? – чхнуў і падхапіўся сонны Казік.

– Хі-хі-хі, – засмяяўся Юзік, – люблю розныя брыдоты сябрам рабіць.

Пасля гэтага твар Юзіка імгненна змяніўся, зрабіўся сур’ёзным-сур’ёзным і дахавік дзелавым голасам спытаў:

– Ну, што там у цябе за размова? Давай выкладвай.

Казік незадаволена пабурчэў крыху сабе пад нос (мінут так пяць, а можа і дзесяць) і сказаў:

– Юзік, а чаму б нам не папрацаваць камінарамі, га? Падзаробім крыху грошай, так бы мовіць, падымем свой матэрыальны ўзровень, і старыя часы ўспомнім. Памятаеш, як мы калісьці…

Гэта цяпер дахавікі могуць нічога не рабіць і займацца шалтайствам-балтайствам, а ў старыя часы яны працавалі, у тым ліку і коміны чысцілі. Дахавікі ведаюць, што такое коміны і як яны ўладкованы, бо толькі тым і займаюцца, што бегаюць каля гэтых самых комінаў па дахах.

Сваім выглядам дахавікі вельмі падобныя да камінараў. У іх такія ж, як у камінараў чорныя цыліндры. І чорныя сурдуты з бліскучымі гузікамі. Дарэчы, дахавікоўская мода на адзенне і пайшла ад камінараў. Дахавікі, якія жылі на дахах, увесь час сустракалі там камінараў і ім таксама хацелася мець такое ж прыгожае і стыльнае аддзенне. Так і сталі яны з часам насіць чорныя цыліндры і сурдуты.

І людзі нават блыталі іх з сапраўднымі камінарамі. Таму і з’явіліся легенды пра загадкавых і страшных камінараў, якія ўначы маглі праз коміны пранікнуць у дом і напалохаць людзей. А гэта ж ніякія не камінары былі, а дахавікі, якія перад сном прагульваліся па дахах і часта з-за цікавасці зазіралі праз коміны ў дамы, маўляў, а што там людзі робяць? І ніколі не хацелі яны нікога палохаць, бо па сваёй прыродзе дахавікі зусім не шкодныя істоты, а нават наадварот, гэта вам не розныя паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі ці лазнікі.

– Добра, – пагадзіўся Юзік. – Я заўтра патэлефаную ў даведкавую службу, каб высветліць, дзе і як можна ўладкавацца на працу камінарамі.

Пасля гэтых слоў Юзік развітаўся і выправіўся дамоў. А Казік замітусіўся і пачаў нешта шукаць. Ён перарыў усё сваё гарышча, пакуль, у рэшце рэшт, не выцягнуў з самага дальняга кута некалькі пыльных рэчаў, аблытаных павуціннем.

– Урра! Знайшоў! – радасна крыкнуў на ўсё гарышча Казік.

Калі б нехта ў гэты момант сачыў за Казікам, то гэты нехта быў бы ў разгубленасці ад незразумелай Казікавай радасці. Ну чаму радавацца нейкаму старому ламаччу? «Вар’ят гэты Казік» – падумаў бы гэты нехта.

А, між тым, Казік не быў ніякім вар’ятам. Проста ён знайшоў свае старыя камінарскія прычындалы, пры дапамозе якіх, дзвесце гадоў таму чысціў коміны. Гэта была лесвіца-драбінкі ў рост Казіка, венік з бярозавых дубцоў, які ў народзе завецца па-простаму драч, люстэрка і вяроўка з ёршыкам і металічным шарыкам на канцы, якую камінары называюць «тройка».

– Ура! – ізноў закрычаў Казік. Ён акуратна склаў усе знойдзеныя прычындалы на бачнае месца і стаў начышчаць да бляску гузікі на сурдуце. «Трэба выглядаць акуратным і ахайным, а то яшчэ не прымуць на працу» —лагічна меркаваў Казік. Пасля ўсіх гэтых цяжкіх спраў дахавік склаў свой сурдут і зноў заваліўся спаць. Ён быў такі стомлены, што праспаў ажно да раніцы, як сапраўдны пажарнік.

7. ВАЦЛАЎ БАНАВЕНТУРАВІЧ

Назаўтра Юзік, як і абяцаў, даведаўся адрас установы, якая займалася абслугоўваннем комінаў. Казік узяў драбінкі і люстэрка, а Юзік – венік-драч і вяроўку з ёршыкам і сябры пешшу накіраваліся ўладкоўвацца на працу, бо, як выявілася, ісці было не так і далёка, усяго некалькі прыпынкаў ад Казікавага дома. Да таго ж, лезці ў салон тралейбуса ці трамвая з драбінкамі і потым таўчыся там сярод пасажыраў, не вельмі і прыемна. Нарэшце дахавікі падыйшлі да трохпавярховага жоўтага будынка.

– Здаецца, гэты будынак, – сказаў Юзік.

Перад уваходам на сцяне будынка вісела шыльда.

– «Камбінат супрацьпажарных прац пры гарадскім добраахвотным пажарным таварыстве» – прачытаў надпіс на шыльдзе Казік. – Ну і дзе тут напісана пра камінараў? – спытаў ён Юзіка.

– Ха-ха-ха, – засмяяўся Юзік.

– Ну ты і валёнак, Казік! Адстаў ты ад жыцця. Цяпер гэтая ўстанова называецца «Камбінат супрацьпажарных прац».

І Юзік рашуча пхнуў дзверы будынка нагой. Казіку нічога не заставалася, як зайсці ў будынак услед за Юзікам.

У будынку дахавікам адкрыўся доўгі пусты калідор з незлічонымі дзвярыма. Казік і Юзік пайшлі па калідору, круцячы галовамі налева і направа. На адных дзвярах яны пабачылі шыльду «Галоўны майстар».

– Відаць нам сюды, – сказаў Казік і асцярожна пагрукаў кулачком у дзверы. Потым ён прыадчыніў іх і прасунуў нос у шчыліну. – Можна зайсці? – спытаў ён нясмела некага нябачнага Юзіку.

– Заходзьце, – адказаў гэты нехта за дзвярыма.

Сябры зайшлі ў кабінет. Каля акна стаяў і паліў цыгарэту худы высокі пан у цёмным гарнітуры і бліскучых чаравіках. На выгляд пану было гадоў пяцьдзесят пяць-пяцьдзесят шэсць, ну, можа, пяцьдзесят шэсць з паловай. Арліны нос, пасівелыя скроні і нават лысіна (так-так) прыдавалі пану нейкую імпазантнасць. Ён адвярнуўся ад акна і ўважліва паглядзеў на дахавікоў. Раптам ягоны твар заззяў усмешкай.

– О, камінары! – сказаў пан, не даючы дахавікам нават раскрыць рот. – Бачу, бачу, што прыйшлі на працу ўладкоўвацца. А якія цыліндры, а якія бліскучыя гузікі! – з захапленнем працягваў ён. – Сапраўдныя камінары. Я ж ведаю, я Андэрсена чытаў. Хоць пакажаце прыклад нашым мурзатым партачам з камбінату, як мусяць апранацца сапраўдныя камінары.

Тут Юзік адсунуў Казіка назад і сказаў:

– Мы не камінары, мы – дахавікі. Але, бясспрэчна, вы маеце рацыю ў тым, што мы прыйшлі ўладкоўвацца на працу. І хаця мы не камінары, але мы вельмі добра ведаем камінарскую працу, бо дзвесце гадоў таму мы працавалі камінарамі…

– Стоп, стоп, стоп! – сказаў худы пан з арліным носам, сівымі скронямі і лысінай, – не дурыце мне галавы. Камінары, не камінары, дахавікі нейкія… Я ж бачу, што камінары. І ніякіх размоў, марш афармляцца ў аддзел кадраў! А потым да мяне, бо я мушу правесці інструктаж па тэхніцы бяспекі.

– Ды мы ведаем… – спрабаваў запярэчыць Юзік, але пан не стаў слухаць і выштурхнуў іх за дзверы разам з драбінкамі і венікам.

Пасля таго, як дахавікі аформіліся на працу (як ім гэта ўдалося зрабіць без пашпартоў, гісторыя замоўчвае) і праслухалі інструктаж, галоўны майстар (а худы пан, як аказалася, быў галоўным майстрам Вацлавам Банавентуравічам) прымусіў іх распісацца ў журнале.

– Спяцоўку не выдаю, – сказаў Вацлаў Банавентуравіч, – бо адзенне ў вас і так супер-пупер. Ну што ж, а цяпер едзем на аб’ект.

8. ПЕРШЫ ВЫЕЗД

Яны ўтрох выйшлі на вуліцу. Каля будынка стаяў мікрааўтобус.

– Халера! Дзе гэты кіроўца? – незадаволена забурчэў Вацлаў Банавентуравіч, бо ў машыне нікога не было.

– А давайце я павяду аўтамабіль, – нясмела прапанаваў свае паслугі Казік.

– А ты ўмееш? – недаверліва спытаў Вацлаў Банавентуравіч.

– О, яшчэ як. Ён сапраўдны ас, – уставіў сваіх пяць шэлегаў Юзік.

– Ас? А, сапраўды я ас, – падцвердзіў Казік. Ён адчыніў дзверы мікрааўтобуса, ключ запальвання быў у замку.

– Панове, заходзьце ў салон! – сказаў Казік Юзіку і Вацлаву Банавентуравічу і кінуў у салон драбінкі.

Усе трое залезлі ў мікрааўтобус. Казік павярнуў ключ запальвання. Рухавік машыны зарычэў. Дахавік націснуў на педаль газа, колы завішчэлі і машына распалохваючы пешаходаў панеслася наперад па вуліцы.

– Ну і куды едзем? Які адрас? – спытаў Казік майстра Вацлава Банавентуравіча.

А машына тым часам неслася па вуліцы і людзі, якія пераходзілі па пешаходных пераходах, у жаху разбягаліся ўлева і ўправа.

– Шпітальная сем, – адказаў майстар Казіку.

– Шпітальная сем?! – у адзін голас усклікнулі Казік і Юзік.

Справа ў тым, што на даху дома нумар сем па вуліцы Шпітальнай жыла сяброўка дахавікоў варона Карына. Дарэчы, яшчэ адзін іх сябар – сабачка Маркіз, ад нядаўняга часу жыў таксама на Шпітальнай, у пад’ездзе дома, які стаяў насупраць дома Карыны.

– І што там здарылася? – з трывогай спытаў Юзік Вацлава Банавентуравіча.

– Ды нічога незвычайнага, – адказаў майстар, – дымаход забіўся. Хутка прачысцім і ўсё.

Паказаўся патрэбны дом. Пад’язджаючы Казік пабачыў на даху дома здаравеннага чорнага ката, які стаяў на коміне і зазіраў унутр яго. Дахавік моцна націснуў на педаль тормаза. Машына рэзка затармазіла і прыпынілася. Юзік з Вацлавам Банавентуравічам па інерцыі паляцелі са сваіх месцаў наперад. Пры гэтым Юзік даляцеў да месца кіроўцы, а майстра прыпыніла парэнча, аб якую той стукнуўся лбом. Імгненна на лбе Вацлава Банавентуравіча надзьмуўся гузак.

– У якой аўташколе ты вучыўся? – крыкнуў майстар Казіку.

– Я не ў школе, я сам навучыўся, самавук, – адказаў Казік.

– Тады ўсё ясна, – сумна сказаў Вацлаў Банавентуравіч, разумеючы, што злавацца на Казіка няма сэнсу. І пацёр гузак на лбе.

Яны выйшлі з аўтамабіля і пабачылі сабачку Маркіза, які грыз костку ў двары. Маркіз таксама пабачыў дахавікоў і кінуўся да іх.

– Прывітанне, Маркіз, – сказаў Казік, – не ведаеш, дзе Карына?

– Была ў сябе на даху – абедала. У нас жа зараз па раскладзе абед, – адказаў Маркіз і весела заматляў хвосцікам.

– А мы тут па справе, – важна паведаміў Маркізу Юзік. – Бачыш, камінарамі працуем. А гэта наш начальнік – Вацлаў Банавентуравіч.

– Вельмі прыемна, рады пазнаёміцца, – сказаў Маркіз і падаў Вацлаву Банавентуравічу пярэднюю лапу.

Лапа сабачкі была ў пяску. Але майстар нахіліўся і паціснуў лапу Маркіза. Праўда потым, калі ўсе адвярнуліся, выцер руку аб крысо пінжака.

– Добра, потым паразмаўляем, а то мы спяшаемся, – патлумачыў Казік Маркізу і дахавікі з майстарам падняліся ў кватэру, у якой забіўся дымаход. Гаспадар кватэры правёў іх на кухню.

– Вось, гляньце, калі ласка, газавая калонка не запальваецца, – сказаў гаспадар.

9. СУТЫЧКА

– Добра, зараз мае камінары паспрабуюць прачысціць дымаход, – сказаў Вацлаў Банавентуравіч гаспадару. І загадаў Казіку з Юзікам лезці на дах.

– А можа я адзін палезу, чаго нам удвух туды перціся? – спытаў Казік.

– Нельга, – адказаў майстар, – забыліся пра тэхніку бяспекі?

Дахавікі выйшлі з кватэры, хуценька падняліся сходамі на апошні паверх, праз люк у столі забраліся на гарышча і цераз акно вылезлі на дах. На коміне, які яны збіраліся прачысціць, усё яшчэ сядзеў і аблізваўся здаравенны чорны кот. Кот нядобра глядзеў на дахавікоў і нават не думаў вызваляць комін.

– Апсік, вусаты! – пшыкнуў на ката Юзік.

Але кот нават не павёў вокам.

– Нам трэба працаваць, а вы нам замінаеце, шаноўны пан, – звярнуўся да ката Казік.

І пасля гэтых слоў кот не варухнуўся. Тады Юзік замахнуўся на ката драчом. Кот увярнуўся ад удару і лапай стукнуў Юзіка па носе. Удар ката быў як у баксёра-прафесіянала. Юзік кулём пакаціўся па даху і нейкім цудам не зваліўся з яго, а стукнуўшыся аб дахавую мачту, змяніў траекторыю палёту і праз дахавае акно апынуўся на гарышчы.

– Ах ты так! – крыкнуў на ката Казік (гэта ён думаў, што крыкнуў, а на самой справе ледзь прамармытаў сабе пад нос) і зняўшы свой цыліндр, запусціў ім у ката. Кот ад нечаканасці нават не паспеў ухіліцца ад такога снарада. «Бумс»! – цыліндр трапіў у ката, як бранебойны снарад у танк, і кот кулём пакаціўся ўніз, а потым таксама ўдарыўся аб мачту і ўслед за Юзікам праз дахавае акно зваліўся на гарышча. Унізе пачуліся гукі барацьбы, сапенне і мяўкаценне. Праз дахавае акно наверх падняліся слупы пылу. Потым усё заціхла і ў дахавым акне паказаўся Юзік. Адзенне ў яго ў некаторых месцах было падранае.

Возрастное ограничение:
0+
Дата выхода на Литрес:
11 декабря 2023
Дата написания:
2023
Объем:
60 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Автор
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
176