Читать книгу: «Дахавік Казік», страница 6

Шрифт:

Казік ледзь паспеў схаваць будаўнічыя часопісы, якія ён у гэты час вывучаў, пад падушку.

– Прывітанне, стары, – весела сказаў Юзік Казіку, – вось ішоў паўз твой дом у бібліятэку, і думаю, дай зайду на гарбату да сябра. Ты рады?

– Вельмі, – адказаў Казік. А сам падумаў: «І якая халера цябе менавіта цяпер да мяне прынесла»?

А Юзік працягваў:

– Чым займаешся?

– Ды так, – адказаў Казік, – нічым.

– А вось да мяне дайшлі чуткі, што ты рамонт вырашыў зрабіць, – сказаў Юзік.

Ад нечаканасці Казік нават не ведаў, што і адказаць. «Неверагодна. Як ён даведаўся»? – думаў Казік.

А Юзік, быццам бы ён чытаў думкі, сказаў:

– Варона Карына бачыла цябе і ў краме інструментаў, і на будаўнічым кірмашы. І як ты часопісы ў шапіку купляў. А я ж інтэлектуал – адразу здагадаўся, што ты вырашыў рамонт на сваім гарышчы зрабіць. Дарэчы, а дзе часопісы? Ты іх відаць пад падушку схаваў?

І Юзік адкінуў падушку ўбок. Пад падушкай ляжалі часопісы па рамонту.

– Ну, і што я казаў? – Юзік быў радасны, як дзіцяня.

Казіку нічога не заставалася, як апавесці пра свае планы.

– Добра, – сказаў Юзік, – рамонт гэта вельмі сур’ёзная рэч, яго без падрыхтоўкі і кіравання рабіць нельга. Таму я бяру на сябе абавязкі кіраўніка. Згодны?

– Згодны, – адказаў Казік. А куды яму было дзявацца?

А Юзік вёў рэй далей:

– Гэта слушна, што ты пачаў з вывучэння коштаў на матэрыялы і азнаямлення з часопісамі. А цяпер мы пераходзім да пункту нумар тры.

– А што гэта за пункт нумар тры? – асцярожна спытаў Казік?

– Гэта праект рамонту. Мы мусім намаляваць эскіз.

– А можа мы так адрамантуем, без праекта? – Казіку вельмі не хацелася займацца непатрэбнай, на яго думку, працай.

– Без праекта нельга. Гэта я табе аўтарытэтна, як кіраўнік, заяўляю.

І Юзік, як кіраўнік рамонту, пачаў сам складаць план і маляваць эскіз. Дзень маляваў, два маляваў, нарэшце на трэці дзень скончыў. Эскіз атрымаўся яркі і маляўнічы. Праўда, як ні намагаўся Казік, але так і не змог разабрацца, што ж там пазначана.

– А вось гэта што? – і Казік тыкнуў пальчыкам у нейкую чырвоную кляксу на плане.

– Э, м-м-м, – Юзік зняў з галавы свой цыліндр і пачасаў патыліцу. Нарэшце ён знайшоўся, – о, гэта ж я цябе намаляваў (на самой справе Юзік выпадкова зрабіў гэтую кляксу кетчупам).

– Гэта я? – спытаў Казік, – гэта ты мяне так намаляваў? А яшчэ сябар.

І Казік дэманстратыўна адвярнуўся ад Юзіка.

Юзік зразумеў, што зрабіў памылку. Казік жа можа і перадумаць рабіць рамонт. І тады Юзіку не ўдасца ні пакіраваць, ні наогул, паўдзельнічаць у цікавай справе. І будзе ён сядзець пень пнём на сваім гарышчы і ў сто першы раз перачытваць томік Міцкевіча.

– Ну, добра, – сказаў Юзік, – няхай будзе па-твойму, будзем рабіць рамонт без эскіза.

І ён скамячыў аркуш над якім працаваў амаль тры дні. Чаго толькі не зробіш для сябра.

Увесь наступны дзень дахавікі прысвяцілі закупам будаўнічых матэрыялаў для рамонту. Крыху прыкупілі і інструмент. Усялякія там нажоўкі, шпатэлі і іншыя дрылі.

Юзік прапанаваў усё гэта завезці да Казікавага гарышча ўвечары. Маўляў, каб не турбаваць суседзяў:

– Бо, – казаў Юзік, – мы будзем заносіць матэрыялы, а жыхары дома ў гэты момант будуць сноўдацца ўверх і ўніз сходамі. І мы будзем ім замінаць.

Так і зрабілі. Калі сцямнела і ўвесь Казікаў дом ужо рыхтаваўся да сну, а некаторыя суседзі, якім было рана ўставаць, ужо спалі, да дома пад’ехаў фургон з будаўнічымі матэрыяламі. Казік з Юзікам вылезлі з фургона, адчынілі дзверы, і пачалі цягаць на гарышча мяшкі з цэментнай сумяссю, дошкі, цэглу і яшчэ шмат іншай драбнаты. Пару разоў Юзік упусціў цагліны на лесвіцу. І ў Казіка таксама разы тры выслізнулі з рук дошкі. Грукат пры гэтым разносіўся на ўвесь дом. Суседзі нават перапалохаліся. Тыя, хто спаў, паўскаквалі з ложкаў з крыкамі «Людцы добрыя, ратуйце!», а тыя, якія не спалі, адразу пачалі тэлефанаваць у паліцыю, ратавальную службу і «хуткую дапамогу». На шчасце, дахавікі ўжо паспелі ўсё занесці на гарышча, іначай трапілі б або ў паліцыю або ў вар’ятню, бо вельмі хутка да дома пад’ехала «хуткая дапамога» і паліцэйская патрульная машына. Але Казік з Юзікам аб гэтым ужо не даведаліся, так як яны вельмі стаміліся і заваліліся спаць.

Спалі дахавікі вельмі доўга. І ноч праспалі і ўвесь наступны дзень. Прачнуліся толькі ўвечары. Хацелі паснедаць, але як снедаць увечары? Увечары не толькі не паснедаеш, але і не паабедаеш. Таму Казік з Юзікам адразу павячэралі. А пасля і настрой у іх падняўся. Юзік прапанаваў не цягнуць з рамонтам і прыступіць да яго адразу ж.

– А чаго нам чакаць? – сказаў ён Казіку, – пакуль жаданне не знікла і ёсць сілы пасля смачнай вячэры, трэба працаваць.

І Юзік пачаў разводзіць цэментную сумесь. Ён наліў у тазік вады, насыпаў туды з меха сухую сумесь і ўключыўшы дрыль пачаў круцелкай размешваць усю гэтую масу. Дрыль завыў і ва ўсе бакі паляцелі цэментныя пырскі. Казік не паспеў адбегчы ад Юзіка і пырскі трапілі яму на адзенне, на твар і нават у рот.

– Цьху-цьху-цьху! – пляваўся Казік. – Спыніся, калі ласка, – крыкнуў ён Юзіку.

Але дрыль завываў так гучна, што Юзік не пачуў Казікавага крыка і прыпыніўся толькі тады, калі размяшаў усю цэментную сумесь. Вярней не ўсю, а толькі палову, бо другая палова запырскала ўсё гарышча.

Да таго ж, завываннем дрыля Юзік вельмі напалохаў суседзяў па дому, якія пачалі меркаваць, хто ж там недзе вые? Можа гэта нейкія паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі ці лазнікі?

«Бр-р-р, як страшна»! – затрэсліся ў сваіх кватэрах суседзі. Яны хацелі ўжо класціся спаць, а некаторыя з іх нават ужо і спалі, ды іх разбудзіла гэтае незразумелае завыванне недзе на даху. І тым суседзям, якія яшчэ не спалі і другім – якія прачнуліся, потым усю ноч сніліся кашмары, у якіх з чорнага-чорнага начнога неба падалі на зямлю і нема крычалі страшныя паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі і лазнікі.

Між тым Юзік працягваў сваю працу. Пасля таго, як ён размяшаў цэментную сумесь (вярней тое, што ад яе засталося), ён узяў у адну руку цагліну, у другую – кельму і пачаў рамантаваць комін, у якім не хапала некалькіх цаглін. Юзік засіліў кельмай цэментную сумесь і шпурлянуў яе на комін. Сумесь замест таго, каб трапіць у адтуліну, дзе не было цагліны, плюхнулася зусім у іншае месца. Пырскі паляцелі ў твар Юзіка, а адна пырска – проста яму ў вока.

– А-а-а! – закрычаў Юзік, больш ад нечаканасці, чым ад болю. Ён кінуў і кельму і цагліну і пачаў прамываць вока.

– Бачу, што рамонт сёння скончаны, – сказаў Казік і палез на дах паглядзець перад сном на месяц.

Назаўтра цікавасць Юзіка да рамонту знікла. Ды і вока ў яго ад цэменту пачырванела.

– Прабач, – сказаў ён неяк вінавата Казіку, – але ў мяне сёння шмат неадкладных спраў, ды і ў паліклініку трэба зайсці.

І Юзік развітаўся. А на наступны дзень не з’явіўся, знік. І на наступны дзень за наступным таксама.

Прыйшлося Казіку рабіць рамонт аднаму. Цэлых тры тыдні ён тынкаваў, фарбаваў, піліў, габляваў, клеіў і прыбіваў. Правёў на гарышча вадаправод, паставіў на дах спадарожнікавую антэну і камплект сонечных батарэй.

– Фу, нарэшце скончыў я гэты рамонт, – сказаў Казік сам сабе.

Ён абвёў позіркам гарышча, якое цяпер проста нельга было пазнаць. Блішчэла белай фарбай акно, коміны былі, як новыя. Пахла свежым дрэвам падлога і столь. А ў цэнтры памяшкання зелянела калядная ялінка.

Казік пазваніў вароне Карыне і знікламу Юзіку (сябар усё ж) і запрасіў іх да сябе сустракаць Божае Нараджэнне.

Раніцу дваццаць чацвёртага снежня дахавік прысвяціў паходу па крамах. Ён купіў падарункі Юзіку і Карыне, а потым накіраваўся да касцёла на святочную Імшу, дзе і сустрэў сяброў.

Пасля Імшы сябры сабраліся за святочным сталом у Казіка. За акном быў мароз і падаў снег, свяцілі зоркі, а тут, на гарышчы ў Казіка, было так утульна і прыгожа, як у казцы. Зрэшты, гэты вечар і быў чароўнай казкай.

Уладзімір Васькоў

Возрастное ограничение:
0+
Дата выхода на Литрес:
11 декабря 2023
Дата написания:
2023
Объем:
60 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Автор
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
176