Менавіта для мяне гэтая частка з'яўляецца адной з лепшых у серыі. Няма больш утульнай, ціхай і спакойнай Акадэміі. Есць рэальны свет, у якім дампір з лёгкасцю можа апынуцца ахвярай для стрыгояў ці пайсці налева. Увогуле, варыянтаў шмат, і наша Роза, якой толькі споўнілася васемнаццаць, адправілася ў падарожжа. Міла, праўда? Вось толькі мэта яе ваяжу наўрад ці назавеш мілай. Гарачая дзяўчына ўступае ў справу, каб знайсці свайго каханага, што стаў сапраўдным вырадкам пекла.
Ды і сам сюжэт навявае атмасферу нейкага фільма жахаў. І хай я не люблю падобны жанр, але тут падзеі прапісаны даволі прыемна і, чапляючы струны душы, зусім не гуляюць мелодыю пахавальнага маршу для майго сэрца. Усё ў меру, што не можа не радаваць.
Персанажы адчуваюцца больш дарослымі ў псіхалагічным стане. Не магу не адзначыць, што, магчыма, на гэта паўплывала іх растанне, але такі ход пайшоў ім на карысць. І вось замест пластыкавых лялек мы бачым сапраўдных герояў, якія паказваюц эмоцыі не найграна, а па-сапраўднаму. У чарговы раз пашкадавала Адрыяна. Ну вельмі захацелася ўскокнуць у кнігу і проста абняць гэтую недарэку. На жаль, ён з'яўляўся мала і ўзаемадзеяння з галоўнай гераіняй амаль не было.
Цікава, што адна частка дала нам больш інфармацыі пра стыхію духу, чым усе папярэднія. Адразу некалькі марояў з гэтым дарам за адзін раз - здаецца, што атрымаўся сапраўдны перадоз. Але не, усё вяло да таго, што пазл паволі павінен скласціся.
Дзіўна, але Дзмітрый цалкам апраўдвае прыказку "Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся", бо ён вярнуўся на радзіму, у Сібір. Аўтару хапіла розуму не ўстаўляць розныя стэрэатыпы пра Расію ў сюжэт (некаторыя нават расійскія пісьменнікі гэтым грашаць, а тут амерыканка, і чакаць можна было нешта). Усе сцэны за мяжой Мантаны прапісаны годна. Тут і дампірская камуна, і асабняк стрыгояў - усё так і маніць заглянуць на падзеі ў рэальнасці, але ў мэтах бяспекі за бранябойным шклом.
Кніга, несумненна, не пазбаўлена недахопаў і клішавання, але станоўчыя бакі пераважваюць негатыў. Выпіць, ці што, на пару з Адрыянам? Ці за яго? Увогуле, за ўсіх адразу.
Отзывы на книгу «Кровавые обещания», страница 6