Читайте только на ЛитРес

Книгу нельзя скачать файлом, но можно читать в нашем приложении или онлайн на сайте.

Читать книгу: «Чароўная скарбніца», страница 4

Шрифт:

– Дык яна цябе лячыла! – рассмяялася Зялёнка. – Ты акурат перад тым, як п’яўка да цябе замест хваста прысмакталася, прыкладна тым месцам крыху і стукнулася, калі нырала, даганяючы апалонікаў. Памятаеш?

Сінька састроіла незадаволеную грымасу і нічога не адказала.

– Затое сіняка не будзе! – сказала Улада.

– А сінякоў на Сіньцы не відаць! – засмяяўся Рудаш.

Вухуцік, які падчас гаворкі працягваў гартаць энцыклапедыю, дадаў:

– Так што супакойся, гэта была лячэбная п’яўка, тут пра іх шмат цікавага напісана. Прачытаць?

Сінька замахала рукамі:

– Хопіць жахаў! Зямля – планета пачвар! Як вы тут жывяце?

Улада з усмешкай адказала:

– Цудоўна жывём! І вам я пакажу на Зямлі шмат цікавага. Вечарам прыедуць мае сабачкі, я вас пазнаёмлю. Мама з татам іх сёння на выставу павезлі. Яны такія мілыя, вам абавязкова спадабаюцца! Нават Вухуцік пакуль незнаёмы з імі, бо гадаванцы жывуць у нас нядаўна.

Дзеці пайшлі ў сад на арэлі. Улада прыхапіла з сабой эскімо на палачках. Вельмі спадабаўся вухуцянам незвычайны пачастунак! Так прыемна было ў спякотны дзень лізаць прахалодны салодкі ласунак. Пасля ўсе разам пагарталі энцыклапедыю, прачыталі пра некаторых жывёл, якія адкладваюць яйкі. Даведаліся цікавыя звесткі пра чарапах, страусаў, пінгвінаў. Улада пачула з двара гук аўтамабільнага матора.

– Гэта мае бацькі прыехалі!

Дзяўчынка першая саскочыла з арэляў і скіравалася да двара. Вухуцяне рушылі следам. Раптам з-за дома выскачылі дзве чорныя кудлатыя істоты. Яны імчалі насустрач і выдавалі такія рэзкія, звонкія, залівістыя гукі, што іншапланетныя дзеці вельмі напалохаліся.

– Цац! – крыкнуў Рудаш, хаваючы за сабой сястру.

Вухуцік стаў перад Сінькай і Зялёнкай, баронячы паненак, якія знерухомелі і ад жаху заплюшчылі вочы.

– А хто ж гэта прыехаў?! – гучаў голас Улады.

Зялёнка расплюшчыла адно вока і здранцвела: калматыя істоты елі шчокі дзяўчынкі! Іх доўгія ружовыя языкі аблізвалі твар Улады, як эскімо.

– Прэч! – крыкнула Зялёнка, выйшла з-за спіны Вухуціка і рушыла ў атаку на страшэнных чорных пачвар.

Яна сама ад сябе не чакала такой смеласці – адважыцца ратаваць Уладу! Гледзячы на бясстрашную паненку, следам паспяшаліся на дапамогу Вухуцік, Рудаш, Мінола і Сінька.

– Бяжы, Улада, мы іх затрымаем! – крыкнулі вухуцяне.

Але дзяўчынка не пабегла, яна нечакана рассмяялася і падхапіла страшных істот на рукі.

Яны зноў прадэманстравалі свае гучныя, звонкія галасы і заматлялі ў паветры лапамі.

Утрымліваючы пачвар, Улада прысела і запыталася:

– Вы спалохаліся? Не бойцеся, гэта мае сабачкі Кітка і Кася.

– Яны елі цябе, як эскімо! Яны харчуюцца людзьмі? – лапатала Зялёнка.

– Не елі, а проста аблізвалі, бо былі вельмі рады сустрэчы! Зараз я адпушчу іх, але вы не бойцеся, калі яны і вас крыху павітаюць! – адказала гаспадыня і паставіла сабачак на траву.

Тыя кінуліся да Вухуціка і Рудаша, якія стаялі бліжэй. Хлопчыкам пашанцавала першымі паспытаць несуцішную радасць знаёмства. Яны весела рассмяяліся, бо шурпатыя языкі сабачак казыталі іх шчокі і насы. Дзяўчынкі больш не баяліся і таксама дазволілі сабакам выказаць эмоцыі.

Яшчэ колькі хвілін – і дзеці-вухуцяне каталіся на сабачках! Нават зрабілі некалькі заездаў навыперадкі па газоне. Рудашу вельмі спадабалася, як звяркі выконваюць каманду «дай лапу!».

– Вось гэта цудоўныя істоты! – гладзячы Кітку і Касю, хваліла Сінька.

З-за дома выйшлі людзі.

– Цац! – папераджальна прашаптаў Вухуцік, і іншапланетныя дзеці, знерухомеўшы, паваліліся там, дзе стаялі.

Сабачкі здзіўлена пазіралі на іх і пацешна круцілі галовамі, разглядаючы толькі што жвавых і рухавых новых сяброў, – ніяк не маглі ўцяміць, што з імі адбылося. Кітка паспрабавала носам дапамагчы Вухуціку падняцца, Кася патузала за руку Мінолу. Безвынікова.

Прыйшлі бацькі Улады, гэта іх заўважыў Вухуцік і даў сакрэтную каманду.

– Новыя цацкі? Хто падарыў? – запыталася мама, падымаючы з травы Рудаша.

– Ніхто не падарыў, яны ў мяне гасцююць, а потым дадому вернуцца, – адказала Улада.

– І мы ў дзяцінстве цацкамі мяняліся! Цікава было! – узгадаў тата, па-свойму зразумеўшы адказ.

Мама падняла ўсіх вухуцян і пасадзіла на плеценае крэсла. Паставіўшы перад дачкой талерку з суніцамі, бацькі селі побач. Пацікавіліся, як у яе прайшоў дзень, расказалі, як выдатна выступілі на выставе іх гадаванцы, якія ўзнагароды атрымалі.

– Усё як у нас, вухуцян! – прашаптала Мінола. – Тата з мамай прыносяць нешта смачнае, сядзім, размаўляем.

– Нешта я па сваёй матулі засумавала! – ціха ўсхліпнула Сінька.

– І я! – дадала Зялёнка.

– Дык вяртайцеся дадому! – прапанаваў Рудаш.

– Не, пабудзем тут! Цікава ж даведацца, хто зямныя родзічы Вухута! – сказала Сінька.

– Спадзяюся, атрымаецца высветліць! – сумна ўздыхнуў Вухуцік.

Бацькі Улады яшчэ крыху пасядзелі і пайшлі ў дом. Тады вухуцяне перабраліся на арэлі, і гаспадыня пачаставала іх суніцамі.

Сонца хавалася за гарызонт, летні дзень згасаў. Было бачна, як над газонам несупынна лятаюць дробныя кузуркі.

– Мікрасвет. У іх свае клопаты, сваё жыццё! – сказала дзяўчынка, заўважыўшы, як госці назіраюць за мошкамі.

Недзе зусім побач зумкалі камары, вечарам яны заўсёды з’яўляліся.

– Давайце ўжо пойдзем адсюль! – папрасіла Зялёнка. – Баюся я вашых камароў, ты ж казала, што яны могуць укусіць і кроў піць!

Усе пасмяяліся з баязліўкі, але Улада падтрымала прапанову вухуцянкі. Дзяўчынку вельмі ўразіла, як бясстрашна кінулася Зялёнка бараніць яе ад калматых чорных пачвар.

Тым вечарам у пакоі Улады доўга гарэла святло. Дзяўчынка рассяліла сваіх гасцей на кніжных паліцах, уладкаваўшы там для іх імправізаваныя ложкі з дэкаратыўных падушак. Вухуцяне палеглі і з цікавасцю ды вялікім задавальненнем слухалі казкі, якія чытала ім гаспадыня.

Таямніца адкрываецца

Раніцай прачнуліся ад грукату. Гэта Сінька-небарака звалілася з паліцы разам са сваім ложкам. Не пабілася, бо прызямлілася на падушку, але шуму нарабіла, скінуўшы некалькі кніг.

– Цікава дзень пачаўся! – прамармытала сонная сіняя паненка, папраўляючы прычоску-спружынку, якая энергічна калыхалася над яе галавой.

Дзеці развесяліліся ад гэтага здарэння. За сняданкам Улада расказвала, што сёння хоча адвесці ўсіх у заапарк. Толькі спатрэбіцца дапамога дарослых, бо адной ехаць праз увесь горад ёй пакуль не дазваляюць. У гэты момант з калідора пачуліся крокі. Вухуцік паспеў сказаць: «Цац!» – дзверы адчыніліся, і на парозе з’явіўся дзед.

– Смачна есці! – пажадаў ён унучцы і дадаў: – Усім хаўрусам снедаеце?

Унучка ўсміхнулася:

– Ага, так весялей і смачней!

Улада ледзь стрымлівала смех, бо заўважыла, што каманда «цац!» заспела Рудаша, калі ён паклаў у рот цэлы сырнік. Яго шчокі сталі такімі круглымі, што аж вочы прыжмурыліся.

Дзед паставіў на стол імбрычак, два кубачкі і, перасаджваючы вухуцян на адно крэсла, сказаў:

– Зараз і бабуля з намі гарбаты пап’е.

Пакуль дзед адвярнуўся, каб наліць духмяны напой, Рудаш хуценька праглынуў сырнік і з палёгкай уздыхнуў. Прыйшла бабуля Галя і прынесла з саду толькі што сабраныя клубніцы.

– Частуйся, Улада!

– Дзякую! Сняданак, як заўсёды, смаката! – сказала дзяўчынка.

Усе разам пілі гарбату са свежай мятай.

Улада вырашыла выкарыстаць удалы момант для просьбы:

– Мне так хочацца сёння пабываць у заапарку! Калі ласка, давайце паедзем!

– Не атрымаецца, мы з бабуляй па справах спяшаемся, – патлумачыў дзед.

– А заўтра зможам? – запыталася ўнучка.

– Толькі на наступным тыдні, – сказаў дзед.

Улада засмуцілася. Тата з мамай працуюць, усе спадзяванні былі на тое, што дзед з бабуляй адвязуць у заапарк яе і вухуцян. Да наступнага тыдня чакаць занадта доўга, госці могуць і дадому сабрацца, а то бацькі занепакояцца.

– А мне так хацелася ў заапарк, – сумна ўздыхнула дзяўчынка.

Яна гатова была расплакацца. Дзед паспрабаваў суцешыць:

– Усё лета наперадзе, абавязкова з’ездзім!

Выйсце знайшла бабуля. Яна ўмела выправіць любую сітуацыю. Вось і цяпер прыдумала, як паступіць.

– А ты, Уладачка, папрасі, каб Стасік з табой паехаў! Цудоўная кампанія, праўда?

– Згодна! – засвяцілася ўсмешкай дзяўчынка.

Бабуля і дзед дапілі гарбату і паспяшаліся па справах, Улада зноў рассадзіла сваіх гасцей па крэслах, і яны працягнулі сняданак.

– А хто такі Стасік? – запытаўся Вухуцік, намазваючы масла на хлеб.

– Гэта мой стрыечны брат. Ён ужо дарослы, нядаўна гімназію скончыў. Галоўнае, каб пагадзіўся з намі паехаць, можа, і ў яго свае планы ёсць.

Стасік з бацькамі жыў у суседнім доме. Улада адправілася да яго, а вухуцянам дазволіла пагуляць з сабачкамі. Кітка і Кася радасна сустрэлі новых знаёмых.

– Быццам год не бачыліся! – адзначыла Мінола, гладзячы Кітку, хвост якой круціўся, нібыта прапелер.

А Кася танцавала перад вухуцянамі на задніх лапах і шчасліва павісквала. Калі Улада вярнулася, уся кампанія ганяла мячык. Дзяўчынка хвілінку палюбавалася іх гульнёй, а потым паведаміла:

– Цудоўныя навіны! Стасік пагадзіўся адвезці нас у заапарк. Збіраемся!

Вухуцяне хацелі і сабачак з сабой узяць, але гаспадыня адмовіла: маўляў, там звяроў хапае і сваіх туды прыводзіць нельга.

Калі Улада сабралася і выйшла з дома, Стасік ужо чакаў яе. Вухуцяне з цікавасцю разглядалі яго: высокі сімпатычны юнак, сапраўды выглядае як дарослы.

– І заплечнік пацягнеш? – здзівіўся Стасік, пабачыўшы яго за спінай дзяўчынкі.

– Там самае неабходнае! – запэўніла Улада.

– Вядома, трэба ж цацкам заапарк паказаць! – усміхнуўся хлопец.

Пакуль ехалі праз увесь горад, Улада трымала заплечнік на каленях, каб госці ў акно маглі паглядзець на Мінск. Дзяўчынка знарок пыталася ў Стасіка, што яны праязджаюць. Юнак расказваў сваёй спадарожніцы, не падазраючы, што праводзіць экскурсію па сталіцы для іншапланетнікаў.

Раніцай будняга дня наведвальнікаў у заапарку амаль не было. Улада са Стасікам і сваімі гасцямі праходзілі ля вальераў і клетак з жывёламі, чыталі шыльдачкі, але дзяўчынка мела намер знайсці тых, што маглі быць сваякамі Вухуціка, таму яна звярнулася да брата:

– Мяне сёння цікавяць жывёлы, якія адкладваюць яйкі. Пойдзем на іх паглядзім.

– Ну вось якраз страусы, – Стасік паказаў на вальер з вялізнымі птушкамі. – Іх рост большы за два метры, а вага часам перавышае сто кілаграмаў. Таму і не могуць яны падняцца ў паветра, затое ўмеюць хутка бегаць, разганяюцца да сямідзесяці кіламетраў.

Страусы заўважылі наведвальнікаў і падышлі бліжэй, прама да агароджы. Вухуцік разглядаў сваіх магчымых родзічаў.

– Твае? – прашаптала Сінька.

– Хацеў бы я ведаць! – адказаў хлопчык.

Улада разважала ўслых:

– І яйкі яны, пэўна, вялікія адкладваюць.

– Так, па кілаграму і нават ледзь не па паўтара вагой! – пацвердзіў Стасік.

– Цябе ж якраз у вялікім яйку на Вухуцію прывезлі! – нагадаў Вухуціку Рудаш.

– Быццам так, – пагадзіўся той.

– А што яшчэ асаблівага ў страусаў? – пацікавілася Улада.

– Невялікая галава і мозг памерам з грэцкі арэх. Зусім прымітыўныя істоты, – адказаў Стасік.

– Не твае гэта родзічы, Вухуцік! – сказала Мінола. – Ты ў нас разумны і цікаўны!

Відаць, тую самую выснову зрабіла і Улада, бо яна адразу страціла цікавасць да страусаў. Тым больш Вухуцік казаў, што наўрад ці яго родзічы – птушкі. У яго ж няма пер’я.

Дзяўчынка запыталася ў брата:

– А хто яшчэ, акрамя птушак, яйкі адкладвае?

– Змеі, чарапахі, кракадзілы, – стаў пералічваць Стасік. – Хочаш на іх паглядзець?

– Абавязкова! – адказала Улада.

– Добра, зараз пойдзем, але спачатку прапаную пачаставацца. Што табе купіць? – запытаўся Стасік.

– Цукровую вату! – папрасіла дзяўчынка.

Праз хвіліну бела-ружовае воблачка на палачцы было ў яе руках. Улада адарвала кавалачак і паклала ў рот. Ёй трэба было незаўважна пачаставаць вухуцян, таму яна зняла заплечнік, паставіла на лаву і села побач.

– Як козачкі смешна скачуць! – Улада паказала на суседні вальер.

Пакуль Стасік назіраў за малымі гарэзамі, яна ледзь не палову цукровай ваты скарміла вухуцянам.

– А зубр які магутны! – дзяўчынка дзівілася, разглядаючы пушчанскага волата.

Стасік адвярнуўся ў бок зубра, і вухуцянам хапіла часу, каб з’есці амаль усё салодкае воблачка.

– Смачна было, дзякуй! – сказала Улада, аблізнуўшы пустую палачку. – Цяпер піць хочацца.

Стасік пайшоў да кіёска, але не змог сам выбраць напой, таму паклікаў сястру. Улада шапнула сябрам: «Я зараз!» – і пабегла. Яна выбрала ваду, узяла пакуначак з цукеркамі, вярнулася да лавы і… абамлела! Заплечнік быў пусты! Ля яго сядзеў Вухуцік, астатнія іншапланетнікі зніклі.

– Сінька з Зялёнкай захацелі самастойна па заапарку пахадзіць! – патлумачыў сябар. – Рудаш і Мінола пайшлі, каб вярнуць іх назад ці хоць выратаваць у выпадку небяспекі, а я застаўся, каб табе пра гэта паведаміць. Дамовіліся сустрэцца тут, каля лавы. Яны хутка вернуцца, не хвалюйся!

– Ведаючы гэтых упраўных паненак, ёсць падстава хвалявацца! – устрывожылася дзяўчынка.

Падышоў брат, і Улада вымушана была ісці з ім далей. Цяпер у яе заплечніку быў толькі Вухуцік.

– Астатнія па заапарку пайшлі пагуляць? – пажартаваў Стасік.

– Ага, – мармытнула ў адказ Улада.

Уразілі Вухуціка і чарапахі, і змеі, і кракадзіл. Асабіста пазнаёміцца з імі не выпадала, бо падысці бліжэй не дазвалялася. Хлопчык толькі глядзеў на жывёл і думаў, ці не з іх роду былі яго сваякі. Сумна і самотна стала яму, калі выйшлі з тэрарыума. Улада зразумела, што яны не атрымалі адказу на галоўнае пытанне, дзеля якога яе сябар прыляцеў на Зямлю з далёкай Вухуціі і прыйшоў сюды, у заапарк. Таямніца сур’ёзна пагражала застацца неразгаданай, таму выйсце заставалася такое: даверыць вялікі сакрэт іншапланетнага госця адзінаму ў свеце чалавеку і запытацца ў яго, хто ж сваякі Вухуціка. Гэты чалавек зараз ішоў побач. Надзейны сябра – дакладна нікому нічога не раскажа. Выдатнік, які скончыў гімназію з залатым медалём, валодае ведамі. Стасік – іх апошняя надзея разгадаць загадку.

І Улада рашылася на размову:

– Стасік, я табе адкрыю вялікую таямніцу, якую ніхто, апроч нас з табой, не павінен ведаць. Думала, сама здолею разгадаць адну важную загадку, але не атрымалася. Таму толькі ты можаш мне дапамагчы. Паспрабуеш?

– Пастараюся, – адказаў брат.

Улада села на лаву, паставіла на калені заплечнік. Нерухомы, нібы цацка, Вухуцік, глядзеў ёй прама ў вочы. Было відаць, што ён хвалюецца.

Дзяўчынка дастала госця з заплечніка і ўзрушана пачала гаварыць:

– Вухуцік не цацка, ён жывы. Вітай майго сябра з далёкай планеты Вухуціі. Зараз няма часу пераказваць табе гісторыю нашага знаёмства, абяцаю зрабіць гэта іншым разам. Вухуцік прыляцеў на Зямлю, бо высветлілася, што ён родам адсюль, уяўляеш? Ён хоча знайсці сваякоў! Але там такая складаная і заблытаная гісторыя, што разабрацца немагчыма. Мы маем звесткі, што даўно-даўно, калі Зямлі пагражала разбуральная небяспека, на яе адправіўся касмічны карабель з міжпланетнай ратавальнай экспедыцыяй. Яны паспелі забраць адсюль яйка, у якім знаходзіўся Вухуцік. Яго змясцілі ў пазачасавую капсулу, у якой час стаіць на месцы і не рухаецца ні на хвіліну. Колькі ён прабыў там, нам невядома, бо на планетах розныя вымярэнні часу, а ратавальная экспедыцыя лятае праз тунэлі, якія пераносяць нават у іншыя эры… Магчыма, майго сябра забралі з Зямлі вельмі і вельмі даўно. Потым навукоўцы з Вухуціі дасталі яйка з капсулы і зразумелі, што ўнутры – нехта жывы. Яны клапаціліся пра яго, грэлі, люлялі. З зямной істотай ва ўмовах Вухуціі адбылася пэўная метамарфоза: з’явіўся нос як ва ўсіх вухуцян, ліхтарык на лбе. Так, Вухуцік збольшага падобны да сваіх бацькоў-вухуцян, тых самых навукоўцаў, якія дапамаглі яму вылупіцца з яйка, але паходжанне яго зямное. Як жа нам даведацца, хто яго сваякі тут, на Зямлі?

Стасік хвіліну памаўчаў, як мазаіку, складваючы ў думках інфармацыю, робячы высновы, а потым сказаў:

– Здаецца, я ведаю, з якога роду твой сябра.

– Праўда? Дык хто я? – гэта ўжо іншапланетны госць перастаў прыкідвацца цацкай.

– Пакажаш нам сваякоў Вухуціка? – усхвалявалася Улада.

Стасік упэўнена адказаў:

– Пакажу. Толькі сапраўдных тваіх родзічаў на Зямлі, можна сказаць, не засталося, але мы як-раз у тым месцы, дзе можна пабачыць, якімі яны былі.

– Дык пойдзем! – прыспешвала Улада.

– Давайце забяром з вальера з козамі вашу астатнюю кампанію іншапланетнікаў і рушым! – усміхнуўся Стасік, ківаючы ўбок.

Сапраўды, Сінька, Зялёнка, Рудаш і Мінола былі там – скакалі на козачках! Улада паклікала іх. Неахвотна, але вершнікі злезлі з коз і выйшлі з вальера. Загуляліся вухуцяне і нават не ўцямілі, што ідуць і размаўляюць, а Стасік стаіць побач і назірае. Калі ўжо пералезлі за агароджу і падышлі да адкрытага заплечніка, Сінька зразумела, што яны сябе рассакрэцілі.

Яна паглядзела прама ў блакітныя вочы юнака і разгублена скамандавала: «Цац!» Вухуцяне дружна паваліліся, хто дзе стаяў, і знерухомелі.

Вухуцік рассмяяўся:

– Уставайце, ён свой!

– Ну мы ж дамаўляліся, што ніхто пра нас не будзе ведаць! – прабурчала Зялёнка і села.

– Якая сімпатычная паненка! – усміхнуўся Стасік вухуцянцы.

Зялёнка паправіла капу валасоў і змяніла грымасу незадаволенасці на какетлівую ўсмешку:

– Прымай гасцей з Вухуціі! Што ты нам пакажаш, зямлянін?

– Родзічаў вашага сябра, – адказаў Стасік.

Вухуцяне вельмі хацелі раскрыць нарэшце гэтую таямніцу, таму хуценька занялі свае месцы ў заплечніку, толькі Зялёнка ўзлезла на плячо новага знаёмага і так выправілася ў далейшы шлях. Кампанія зноў завітала ў тэрарыум.

– Кракадзіл і чарапахі таксама жылі ў тыя часы, калі і сваякі Вухуціка, – апавядаў Стасік.

– І яны былі знаёмыя? – запытаўся Рудаш.

– Вядома! Можа, нават на госці адно да аднаго хадзілі! – падміргнуў хлопец.

– Тыя яшчэ госці! – хмыкнула Сінька. – Чарапаху пакуль дачакаешся, гарбата астыне! А з кракадзілам чаяванне ладзіць, пэўна, забаўка не для слабых нерваў! Вунь колькі ў яго страшных зубоў… А выгляд які пагрозлівы!

Зялёнка нагадала:

– Няма чаго здзіўляцца! Хіба ты забылася, што на Зямлі шмат жудасных істот?

– Ну вось мы і дабраліся да сваякоў Вухуціка, – сказаў Стасік і запрасіў прайсці ў высокую браму ўвесь хаўрус.

Дзеці прыціхлі і моўчкі разглядалі, дзе апынуліся. Нібы ў нейкае таямнічае месца перанесліся!

Зялёная сакавітая трава, раскідзістыя дрэвы… І па гэтым парку ходзяць велізарныя волаты! Як зачараваныя глядзелі на іх наведвальнікі. Бліжэй за ўсіх да іх знаходзілася магутная істота з моцным тулавам і доўгай шыяй. Постаць узвышалася над дрэвам, ля якога стаяла. Гэты гігант, пэўна, толькі што ласаваўся лістотай, але заўважыў гасцей і на хвілінку знерухомеў.

– Там… там… – прашаптала Мінола, паказваючы рукой у процілеглы бок.

Позіркі скіраваліся туды і сустрэлі цэлую кагорту дзівосных істот розных колераў і памераў. Некаторыя прыязна разглядалі гасцей, іншыя пагрозліва шчэрыліся, нібы папярэджвалі не падыходзіць блізка.

– Х-х-хто гэта? – прамовіў Вухуцік.

– Твае сваякі, – спакойна адказаў Стасік.

– Родзічы Вухуціка – дыназаўры? – агаломшана запыталася Улада.

Стасік патлумачыў:

– Так, я супаставіў усе факты, і атрымалася, што Вухуцік і ёсць дыназаўр. Мяркуйце самі. Ён з’явіўся з яйка, а менавіта так адбываецца з дыназаўрамі. Міжпланетная ратавальная экспедыцыя забрала яго адсюль у той небяспечны момант, калі на Зямлю ўпаў астэроід і адбыўся моцны выбух, які падняў у паветра тоны грунту, заслона з чорнага пылу зацягнула неба, надоўга закрыла сонца і выклікала пахаладанне. У такіх умовах дыназаўры не выжылі. Гэта адна з гіпотэз, якую выказваюць навукоўцы.

– Яны ўсе загінулі? – у вачах Вухуціка заблішчалі слёзы.

Гатовыя расплакацца, зашморгалі насамі-дудкамі і астатнія вухуцяне. Улада ўздыхнула.

Стасік паспяшаўся супакоіць малых:

– Не ўсе, Вухуцік жа з намі. І гэта проста цуд! Я ніколі не мог уявіць, што пабачу сапраўднага дыназаўрыка!

– Дык а гэтыя, што гуляюць па парку? Яны ж засталіся! – Сінька пальцам паказвала на волатаў, што былі навокал.

Рудаш ціха запытаўся:

– Ты не заўважыла, што яны не ходзяць, а стаяць на месцы?

– А можа, яны, як і мы, знерухомелі, выканаўшы сакрэтную каманду «цац!»? – не здавалася Сінька.

Улада вырашыла патлумачыць:

– Гэтых дыназаўраў зрабілі людзі і засялілі ў парк, каб мець магчымасць завітаць сюды і палюбавацца на іх. Ніводзін чалавек ніколі не бачыў сапраўдных дыназаўраў на свае вочы, бо мы належым да розных перыядаў часу. Але ўсе вельмі цікавяцца гэтымі велічнымі істотамі і любяць іх. Асабліва дзеці! Дыназаўрык – самая папулярная цацка. А колькі мульцікаў пра іх, колькі кніжак! І вось я бачу жывога дыназаўрыка! Вухуцік, я такая шчаслівая, што мы знаёмыя!

Дзяўчынка абняла сябра. Іх абляпілі і астатнія вухуцяне.

– Якія цудоўныя мае сваякі! – пранікнёна сказаў Вухуцік, калі яго нарэшце выпусцілі з абдымкаў.

– Падыдзем бліжэй, разгледзім! – прапанаваў Стасік.

І яны пакрочылі па сцежках між фігурамі дагістарычных яшчараў розных памераў. Стасік, які шмат ведаў пра дыназаўраў, расказваў дзецям:

– Навукоўцы сцвярджаюць, што існавала больш за тысячу відаў дыназаўраў. Яны былі вялізныя, сярэднія і зусім маленькія. На дзвюх і на чатырох нагах. Некаторыя хадзілі, іншыя поўзалі, асобныя ўмелі лятаць. Адны харчаваліся раслінамі, другія з’яўляліся драпежнікамі і палявалі на траваедных. А якія назвы! Напрыклад, брантазаўр, тыраназаўр, алазаўр, птэразаўр…

– А хто ж з іх я? – запытаўся Вухуцік.

Стасік усміхнуўся і адказаў:

– Вухузаўр!

– Як велічна гучыць! – пахваліла Улада.

Даспадобы прыйшлася такая назва Вухуціку. Ён нарэшце адчуў, што яго таямніца адкрылася. З палёгкай на сэрцы разам з сябрамі адправіўся прагуляцца сярод сваіх родзічаў, каб лепш усіх разгледзець і запомніць. Трэба ж будзе расказаць пра іх сваёй сям’і на Вухуціі.

Дзеці былі ўражаныя знаёмствам з дыназаўрамі. Яны хадзілі вакол магутных фігур, Рудаш і Мінола караскаліся ім на спіны і з’язджалі, як з горкі, Сінька і Зялёнка ўлазілі ў ашчэраныя пашчы драпежных яшчараў і рабілі палахлівы выгляд, быццам іх вось-вось праглынуць. Вухуцік, гледзячы на сваіх родзічаў, нарэшце адчуў спакой і ціхую радасць ад таго, што цяпер ён ведае, хто ён і адкуль. Праўда, побач з гэтымі пачуццямі ў яго сэрцы пасяліўся і сум: ён не зможа ўбачыць жывых дыназаўраў. А так хацелася пагаварыць з імі, папіць разам гарбаты…

І Вухуцік зразумеў, наколькі ён шчаслівы, што мае сям’ю на далёкай Вухуціі, што некалі яго аднесла туды ратавальная экспедыцыя. Хлопчыку падумалася таксама, што зусім нездарма ён трапіў некалі ў касмічную буру і менавіта Улада пачула яго сігнал SOS і тэлепартавала на Зямлю.

– Нічога выпадковага не бывае… – прашаптаў Вухуцік.

– Вядома! – нягучна адказала Улада, якая добра разумела свайго сябра.

Дадому вярталіся задаволеныя, поўныя новых уражанняў і адкрыццяў. З аўтобуснага прыпынку ішлі каля балота.

Вухуцік, седзячы ў заплечніку разам з сябрамівухуцянамі, прагаварыў:

– А я проста адчуваў, што недзе тут мае родзічы. Здавалася, я неяк звязаны з балотам. Нават колер мой любімы – хакі – нагадвае мне балота.

Стасік выказаў яшчэ адно цікавае меркаванне:

– І гэта можна патлумачыць! Па ўсім бачна, ты беларускі вухузаўр. А ў нас шмат балот. Фальклор згадвае, што там дыназаўры жылі, толькі іх у казках ды легендах цмокамі называлі.

На гэтую тэорыю эмацыйна адрэагавала Улада:

– Нішто сабе! Цмок вухузаўр! Я нядаўна такую цікавую кнігу пра цмока чытала! Называецца «Таямніца зачараванага балота». Там расказваецца, як сучасныя дзеці пабывалі на балоце і сустрэліся з сапраўдным цмокам. Мне падумалася, што і я б хацела яго на свае вочы пабачыць. Спраўдзілася!

Сінька далучылася да размовы:

– Я так разумею, пра ўсё самае цікавае ў вас у кнігах пішуць!

– Сапраўды, гэта асаблівы, чароўны свет! – сказала Улада. – Той, хто часта ў ім бывае, заўважае самае незвычайнае!

Стасік усміхнуўся:

– Вось і я вас заўважыў і пачуў, хоць вы ў пэўнай ступені казачныя. Калі мне было восем гадоў, я чытаў кнігу «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» пра казачнага героя Зорнічка і зямнога хлапчука, з якім у нас былі аднолькавыя імёны. Я ўяўляў, што я і ёсць той самы Стасік, і шчыра верыў, што Зорнічак сапраўды існуе і прылятае да мяне. І вось аднойчы ён проста з’явіўся ў маім пакоі! Я падарожнічаў разам з ім па космасе і на ўласныя вочы бачыў усё тое, пра што было напісана ў кнізе. А потым адбыўся яшчэ адзін цуд – у нашу бібліятэку завітала пісьменніца, якая напісала гэтую кнігу! Я пайшоў на яе творчую сустрэчу з чытачамі. Там было так цікава і весела! Пасля сустрэчы я застаўся, каб расказаць ёй, што сябрую з Зорнічкам. Хваляваўся, што яна не паверыць. Але пісьменніца ўспрыняла мае словы радасна і запыталася, якога працягу гісторыі з Зорнічкам я б хацеў. Мне падумалася, што было б цудоўна, каб Зорнічак некаторы час правёў у нас, на Зямлі, я б паказаў яму ўсё самае цікавае. Пісьменніца выслухала мяне і паабяцала, што праз яе кнігу ўсё так і адбудзецца. Я так чакаў новую казку! І кніга сапраўды з’явілася! Пра тое, як пабываў на Зямлі касмічны госць, напісана ў кнізе «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка». Вельмі цікавая аповесць!

– А зараз твой касмічны сябар прылятае да цябе? – пацікавілася Улада.

– Не, – з адценнем суму адказаў Стасік і дадаў: – Думаю, мы з ім цяпер у розных узроставых катэгорыях. Я вырас, а ён застаўся ў кнізе такім, якім быў. І цяпер ён падарожнічае з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія чытаюць кнігі пра яго.

– І мне вельмі захацелася пазнаёміцца з Зорнічкам! – сказала Улада.

– Я дам табе кнігі пра яго! – паабяцаў Стасік і запрасіў: – Давайце зойдзем да мяне ў госці!

Вухуцяне ідэю падтрымалі і праз дзесяць хвілін былі ў пакоі Стасіка.

– Ды ў цябе тут космас! – Зялёнка разглядала сцены, абклееныя шпалерамі з выявай зорных прастораў.

– А гэта і ёсць той самы Зорнічак? – запыталася Мінола, паказваючы на хлопчыка, які на адным малюнку на шпалерах ляцеў на дэльтаплане, на другім ехаў на санках, запрэжаных пухнатымі авечкамі, на трэцім сыпаў з торбачкі на зямлю бліскучы зорны пылок.

– Гэта ён, – пацвердзіў Стасік. – Мае мама і тата ведалі, як мне падабаюцца кнігі пра Зорнічка, таму зрабілі на шпалерах гэтыя малюнкі. Я даўно вырас, а выявы і па сёння застаюцца на сценах.

– А Зорнічак сімпатычны! – сказала Сінька, і яе шчокі сарамліва зачырванеліся.

Стасік узяў з паліцы дзве кнігі і аддаў Уладзе:

– Чытайце, вам спадабаецца!

Тым вечарам Улада амаль да поўначы чытала вухуцянам казкі. Скончыла яна толькі тады, калі Зялёнка заснула і ссунулася на падушку.

Бесплатный фрагмент закончился.

Возрастное ограничение:
12+
Дата выхода на Литрес:
23 мая 2024
Дата написания:
2023
Объем:
263 стр. 6 иллюстраций
ISBN:
978-985-19-7348-0
Правообладатель:
Аверсэв

С этой книгой читают