Читать книгу: «Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве», страница 6

Шрифт:

Падман

…дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў… (Лявіт 6:4)


Ісаак і Рэбэка мелі двух сыноў-блізьнюкоў. Першым нарадзіўся Ісаў. «Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава» (Быцьцё 25:26—28).

І здарылася адна з тых «брыдкіх» гісторый, якімі мае шмат Сьвятое Пісаньне. Аднойчы, калі стомлены і галодны Ісаў вярнуўся дадому, ён убачыў, што Якаў зварыў чырвоную сачыўку, і папрасіў у брата трохі гэтай сачыўкі. «А што ты мне дасі наўзамен, калі я дам табе сачыўкі? Прадай мне цяпер жа сваё першародзтва» (Быцьцё 25:31). Відавочна, паляваньне ў гэты дзень у Ісава не была пасьпяховым і ня было чым заплаціць брату за страву. Ісаў у адказ засьмяяўся – і толькі?! Ён быў малады і рашучы, удачлівы ў паляваньні і ва ўсіх справах; ён не сумняваўся, што заўсёды зможа здабыць сабе пражытак і жыць на тое, што здабудзе сам, і няма ў яго неабходнасьці чакаць бацькоўскай спадчыны, і бацька яшчэ здаровы і паміраць не зьбіраецца… А цяпер ён жудасна галодны… Ды прападзі яно – гэта права першародзтва! І Ісаў прадаў сваё права першародзтва брату за міску чырвонай сачавічнай поліўкі. Пра гэты выпадак ведала Рэбэка і яна яго выкарыстала разам з Якавам, калі надышоў час дабраслаўленьня. Рэбэка вырашыла падмануць мужа і зрабіць спадчыньнікам любімага сына – Якава.

Стары, сьляпы і нямоглы Ісаак паклікаў Ісава і папрасіў яго згатаваць бацьку добры абед з дзічыны і тады ён атрымае бацькоўскае бласлаўленьне. А Рэбэка паклікала Якава і загадала яму як мага хутчэй прынесьці двух маладых ягнят з бліжэйшага статка, хутка прыгатавала зь іх страву, якую хацелася зьесьці Ісааку, і загадала Якаву аднесьці гэтую страву бацьку, і сказаць, што ён – Ісаў, які прыйшоў з паляваньня і падрыхтаваў любімую страву бацькі. Якаў спалохаўся і «сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі; можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне. Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой…» (Быцьцё 27:11—13). «Не бойся, сынок» – сказала Рэбэка – «мы апранем цябе ў вопратку Ісава, а рукі і шыю абгорнем скурай казьлянят: бацька памацае, і паверыць, што гэта валасатыя рукі і шыя Ісава».

Дабраславеньне Якава Ісаакам (1638). Гаверт Флінк,. Рыксмузэум, Амстэрдам. Блёк пошты краіны Антыгуа і Барбуда, выдадзены ў 2000 годзе


На карціне Гаверта Флінка намаляваны момант падману Якавым сьляпога бацькі. Падбадзёрваны маткаю, ён атрымлівае дабраславеньне, а разам з тым і спадчыну, ад паміраючага Ісаака.


Ісаак Благаслаўляе Якава (1642). Гербранд ван дэн Экхаут (1621 – 1674). Музэй мастацтваў Метраполітэн, Нью-Ёрк. Марка пошты Нікарагуа, выдадзеная ў 1971 годзе


Якаў стаіць на каленях ля ложка свайго сьляпога бацькі Ісаака пад пільным вокам маці Рэбэкі, калі ён атрымлівае дабраславеньне замест брата Ісава. Якаў апрануты ў «лепшую куртку» свайго старэйшага брата (якая занадта вялікая), а яго рукі і шыя пакрытыя казінай шкурай. На сьпіне ў яго паляўнічы калчан са стрэламі, але на падлозе ляжыць лук, цеціва якога аслаблена, што паказвае на тое, што ён не паляўнічы. На бакавым століку, пакрытым дываном, нацюрморт з сурвэткай, сальніца і пляшка з віном. Гэта смачная казьляціна нібы прыгатаваная Якавам. Прадмет на стале – збан Амстэрдамскай гільдыі срэбных спраў майстроў, які адпавядае бацькоўскай тэме. Бацька Ван Экхаута быў членам Гільдыі срэбных спраў майстроў і збан мог быць адным зь яго твораў.

Пазьней Якава дабраславіў Бог, нягледзячы, што той быў хітры. Чаму? Інтрыган Якаў меў дзьве адкупляльныя якасьці. У атрыманай спадчыне ён цаніў духоўнае дабраславеньне і ведаў сілу малітвы. Падман Рэбэкі і Якава ўдаўся! Але ўсё далейшае жыцьцё Якаў вымушаны быў расплачвацца за гэты падман.

Загадкавы сон Якава

І калі мы не спасьціглі таямніцу Пісаньня, то які быў сэнс у тым, што ён выліў алей на камень? Яўсевій Сафроній Еранім


Пазьбягаючы помсты брата Ісава, які выказаў сваё жаданьне яго забіць, Якаў, па радзе сваёй маці Рэбэкі, павінен быў уцякаць і пераадолець доўгі шлях у Мэсапатамію. Ён меў з сабой толькі адзін дарожны посах, а галаву для сну схіляў на камянях. Дайшоўшы да Харану, што на паграніччу сучасных Турцыі і Сірыі, змучаны, затрымаўся на начлег. І тут пачынаецца шэраг загадак. Якаў знайшоў пляскаты камень і паклаў яго сабе замест падушкі. Далей Якаву сьніцца загадкавы сон.


Сон Якава (Лесьвіца Якава). Фрэска лоджыі Рафаэля. Музэі Ватыкана, Рым. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1983 годзе


Бачыць ён у сьне лесьвіцу ад зямлі да неба, а па ёй спускаюцца і падымаюцца Божыя анёлы. «І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім; і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе» (Быцьцё 28:13—15).

Так Якаў атрымаў пацьверджаньне абяцаньня, якое раней дадзена было Абрагаму і Ісааку.

Многіх мастакоў натхніў на працу загадкавы сон Якава.


Лесвіца Якава (1737). Хрыстафор Жафаровіч (1710—1753) Кляштар Боджані. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе


У 1990 годзе ў Тэль-Авіве адбылася выстава «Дзеці і моладзь малююць Біблію». Малюнкі зь якой сталі зьместам сэрыі марак.


Сон Якава. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1994 годзе ў сэрыі «Дзеці і моладзь малююць Біблію»


На лілова-бэзавым фоне, які згушчаецца да цёмна-фіялетавага, Шагал зьмясьціў знакамітую лесьвіцу Якава. Якаў бачыць у сьне анёлаў, якія падымаюцца і спускаюцца па лесьвіцы, сымбалізуючы яго шматлікіх нашчадкаў. Анёлы танчаць, як акрабаты, вакол лесьвіцы, нагадваючы цырк, які любіў Шагал, і падкрэсьліваючы «сваяцтва» сакральных і мірскіх сюжэтаў.


Сон Якава (1963). Фрагмэнт. Марк Шагал. Ніца. Нацыянальны музэй Біблейскага пасланьня Марка Шагала. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2018 годзе


У правай частцы палатна, якая не разьмешчана на марцы, Шагал адлюстраваў Серафіма, які трымае Мэнору. За крылатым Серафімам Шагал адлюстроўвае ўкрыжаванага Хрыста, і гэта не выпадкова. У сярэднія стагодзьдзі сон Якава атаясамляўся з узьнясеньнем Хрыста.

Да гэтага сымбалічнага сну зьвяртае ўвагу сваіх вучняў Ісус Хрыстос на пачатку Сваёй грамадзкай дзейнасьці: «… ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага» (Паводле Яна 1:51).


Сон Якава. Невядомы мастак (1844—1854). Мячэць рабіна Эмануэля, Венгрыя. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1999 годзе ў сэрыі «Наведваньне патрыярхаў, Суккот».


Існуе многа варыянтаў тлумачэньня загадкавага сну Якава. Мне падабаецца хіба самы просты і зразумелы. Лесьвіца – гэта сымбаль сувязі чалавека з Богам. Бог сыходзіць да кожнага з нас, дзе б ты ня быў і які б ты ня быў, і заклікае да выкананьня тваёй місіі, пракладае дарогу да Сябе і дапаможа па ёй падняцца, калі ты прыкладзеш да гэтага намаганьні.

«Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў. І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта – брама нябесная. І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго. І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз» (Быцьцё 28:16—19).


Шабат. Нэльсан Рамэра (1951 – 2012). Марка пошты Уругваю, выдадзеная ў 1998 годзе


Дзіўны вокліч Якава: «сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў». Як і ў выпадку з Агар. Мы не распазнаем блізкасьць Госпада да кожнага з нас, самі выдаляемся ад яго сваім неадчуваньнем Яго любові і зноў набліжаемся да яго, абнятыя Яго клопатам і ласкай.

Якаў на службе ў Лавана

Ратуючыся ад гневу брата-блізьнюка, Якаў адпраўляецца ў Харран (у Мэсапатаміі) да свайго дзядзькі Лавана, дзе сустракае Рахіль. «Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй» (Быцьцё 29:10).

У многіх краінах, у тым ліку ў Ізраілі, можна замовіць асабістыя паштовыя маркі. Гэта прыклад такой пэрсанальнай маркі на заказ з малюнкам з Бібліі Піліпа Медхерста.


Якаў сустракае Рахіль (1920). Гаральд Копінг (1863—1932). Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2009 годзе поштай Ізраілю


Якаў палюбіў малодшую дачку Лавана прыгажуню Рахіль і, каб атрымаць яе ў жонкі, працаваў на Лавана 7 гадоў. Але Лаван падманам даў яму ў жонкі Лію, старэйшую дачку, якая Якаву не падабалася. Падмен нявесты магчымы дзякуючы звычаю ўводзіць маладых у шлюбны пакой пад покрывам. Каб ажаніцца на Рахіль, Якаў згадзіўся працаваць на Лавана яшчэ 7 гадоў, але палічыў справядлівым перахітрыць Лавана. Ён папрасіў у пасаг для сваіх жонак авечак і коз з плямкамі і пярэсьцінамі. Большасьць жывёл было белых, і Лаван з радасьцю пагадзіўся.

«І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах; і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі. І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі» (Быцьцё 30:37—39).


Якаў з стадам Лавана (12 ст.). Царква Сьвятога Марціна, Зіліс. Картмаксімум пошты Швайцарыі, выдадзены ў 1967 годзе


Якаў адпачывае пад дрэвам.


Якаў са статкам Лавана (1638). Фрагмэнт. Хусэпэ дэ Рыбера (1591 – 1652). Музэй Серральбо, Мадрыд. Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1963 годзе


У вадзе ляжаць драўляныя дубцы, вычышчаныя ад кары. Якаў будзе паіць авечак вадою, настоянай на гэтых дубцах. Праз некаторы час большасьць статка стала «з плямкамі і зь пярэсьцінамі і чорных». Большасьць статка стала ўласнасьцю Якава і ён стаў багатым. Якаў вырашыў, што настаў час, каб памірыцца з братам. Для гэтага трэба было ўсёй сям'ёй вярнуцца на радзіму.

У Рахілі доўга не было дзяцей. Але малітва Рахілі была пачута. «Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю. І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына» (Быцьцё 30:23,24).


Рахель і маленькі Язэп. Ёханэс Адольф Тылак (1861—1948). Персанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2009 годзе


Пасьля нараджэньня Язэпа Якаў рушыў ў Ханаан.

Загадкавае змаганьне Якава

І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш. (Быцьцё 32:28)


Ад двух дачок Лавана і ад іх двух служанак у Якава нарадзіліся дванаццаць сыноў, родапачынальнікаў дванаццаці плямёнаў Ізраілявых, і дачка. Пасьля доўгіх гадоў службы ў Лавана Якаў разам з усім сваім нашчадствам вырашае вярнуцца дадому. Якаў вельмі баіцца сустрэчы з сваім братам, але і марыць аб прымірэньні і моліць аб гэтым Бога. Астанавіўшыся на начлег з жонкамі, дзецьмі, рабамі і быдлам, перавёў усіх праз паток. «І застаўся Якаў адзін.


Барацьба Якава з Анёлам (1659). Рэмбрандт ван Рэйн (1606—1669). Берлінская карцінная галерэя. Марка пошты Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 1981 годзе


І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара; і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім. І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне. І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў. І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быцьцё 32:24—28). Што гэта за загадкавы бой? У Кнізе Прарока Асіі ёсьць такія словы аб гэтым начным бою: «Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам. Ён змагаўся з Анёлам – і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфлееме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі» (Асія 12:3,4). Сам Бог сыходзіць да Якава ў вобразе Анёла, але чалавек на самай справе не ў стане цалкам зразумець сутнасьць Боскасьці.

Зьявіліся разнастайныя тлумачэньні гэтай сцэны. Бо зьдзіўленьне і ўнутраны супраціў выклікае сытуацыя, калі чалавек мае перавагу над Усемагутным Богам. Адно з самых распаўсюджаных, што Якаў такім чынам наблізіўся да Бога, праўдзіва зразумеў сваё прызначэньне. Ці не навяртае гэта падзея да загадкавага сну з лесьвіцай? Бог спусьціўся, каб падняць?

Згодна з царкоўнай традыцыяй, гэтая барацьба зьяўляецца сымбалям малітвы, барацьбы веры і перамогі настойлівасьці. Цяжкасьць змаганьня Сьвяты Аўгустын паясьняе наступным чынам: «тое, што атрымана з лёгкасьцю, людзі лёгка губляюць, і наадварот адбываецца з тым, што патрабуе працы і намаганьняў».

Бог прымусіў змагацца Якава з Анёлам. У асобе гэтага Анёла, гэта сам Гасподзь вёў бой і дазволіў Сябе трымаць не ад слабасьці, а з міласэрнасьці. У Патрыярха заплюшчаныя вочы, мы не бачым ягоных рук, мала намёкаў на тое, што ён вядзе драматычную барацьбу. Рука на шыі Якава можа счытвацца як жэст пяшчоты і клопату. Толькі левая рука Анёла, якая абапіраецца на сьцягно, нагадвае аб калецтве. Баявыя фігуры, разьмешчаныя на фоне пэйзажу, змагаюцца пад разгалістымі дрэвамі. Анёл не спрабаваў вырвацца з хваткі Якава, які пратрымаў Яго ўсю ноч, дамагаючыся дабраславеньня. Відаць, як напружаныя мышцы Якава, які спрабуе ўтрымаць Анёла, і як Анёл не стараецца выкарыстаць сваю сілу супраць Якава. Лязо кінутай дзіды накіравана ў бок патрыярха, што яшчэ больш падкрэсьлівае вастрыню канфлікту і накіроўвае погляд гледача ў цэнтар падзеі. Тазасьцегнавы сустаў будзе вывіхнуты, чалавек будзе адзначаны калецтвам, але ж яго патрабаваньне будзе выканана.


Барацьба Якава з Анёлам (1861). Фрагмэнт. Фердынанд Дэлякруа (1798—1863). Царква Сьвятога Сюльпіцыя, Парыж. Марка пошты Францыі, выдадзеная ў 1963 годзе


Змаганьне Якава з Анёлам ня першы прыклад непаслухмянасьці Богу. Абрагам без запярэчаньня гатовы ахвяраваць сына па загадзе Бога, але ўступае ў спор у выпадку з Садомам і Гаморай. Якаў змагаецца з Богам фізычна.

Выявы, якія адносяцца да адной і той жа падзеі, зьяўляюцца прыкладам індывідуальнага падыходу мастакоў да тэксту Бібліі.


Якаў змагаецца з Анёлам. Фрагмэнт. Хасэ Марыі Сэрт (1874—1945). Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1966 годзе


Невядомы дабраславіў Якава і даў яму новае імя – Ізраіль («які змагаецца з Богам»). З таго часу імёны Якаў і Ізраіль сталі выкарыстоўвацца ў адносінах да Патрыярха і Габрэйскага народу, як узаемазамяняемыя.

Хіба кожны чалавек перажываў у сваім жыцьці этап барацьбы з Богам. Магчыма кожны з нас быў Якавам, які змагаўся ў цемры. Магчыма, барацьба суправаджалася нейкім блюзьнерскім пэрыядам. Хто з нас не меў такіх момантаў у жыцьці, што выкрыкваў Богу ўласнае бясьсільле, адчуваньне закінутасьці, тугі звыш сіл і горыч? Хаваем гэта ў сабе. Біблія паказвае шмат такіх пэрсанажаў: Якава, Ёва, сясьцёр Лазара. Вера не ёсьць спакойным ручаём, але ўнутранай спрэчкай чалавека пра сябе, свайго блізкага і свайго Бога. Мастакі рэагуюць на гэта сваімі творамі. Мастацтва – гэта запіс духоўнай сытуацыі. Не ёсьць гэта зразумелым, што да драбязі…


Якаў змагаецца з Анёлам. Бодзіл Каалунд (1930—2016). Ілюстрацыя з новай дацкай Бібліі. Марка пошты Даніі, выдадзеная ў 1992 годзе


Ня гледзячы на ўсе хібы, у равіністычнай літаратуры прабацька Якаў разглядаецца як сымбаль габрэйскага народа, узор цноты і справядлівасьці. «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой» (Паводле Мацьвея 5:23,24).

Адбылася сустрэча Якава з Ісавам і яны цёпла і сардэчна разышліся, ня трымаючы зла.

«Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне…» (Быцьцё 33:10).

Пад дубам каля Сіхему (Ханаан) Якаў зьнішчае ўсіх ідалаў, а ў Вэтылі, дзе яму зьявіўся Бог, ставіць Богу ахвярнік.


Прымірэньне Якава і Ісава (1624). Рубенс Пітэр Паўль (1577—1640). Дзяржаўная галерэя Шлейсхайм, Мюнхен. Персанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе

Магіла Рахілі

…як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў… (Рут 4:11)


Калі Рахіль, каханая жонка Якава, нараджала другога сына, Веньяміна, яна памерла. У Бібліі аб гэтым напісана так: «І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфлеем. Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня» (Быцьцё 35:19,20). У габрэйскай традыцыі яна стала ўвасабленьнем любячай маці.

У 2013 годзе поштай Ізраілю выпушчана марка і канвэрт першага дня (КПД), прысьвечаныя Рахілі. На марцы намаляваная магіла Рахілі, гістарычны купальны будынак і сымбалічны партрэт Рахілі. На прывесцы маркі дэталь унутранай часткі грабніцы і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Рахіль плача па дзецях сваіх…» (Ерамія 31:15). На полі канвэрту малітоўная заля дабудаваная да магілы Рахілі і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16).


Рахіль і яе габніца. Канверт першага дня, выдадзены поштай Ізраілю ў 2013 годзе


Грабніца Рахілі, Матрыарха габрэяў, была прызнана ў яе цяперашнім месцазнаходжаньні недалёка ад раёна Гіла, на мяжы паміж Ерусалімам і Віфлеемам, на працягу 1700 гадоў. У старажытнасьці тут было ўсталявана надмагільле, якое складалася з 12 камянёў, сымбалізуючых сыноў Якава. Пазьней быў узьведзены купал, які абапіраецца на чатыры калёны, а ў 17 стагодзьдзі грабніца Рахілі была пераўтвораная ў закрытае збудаваньне. У 1841 годзе сэр Мозэс Монтэфьёрэ прыбудаваў яшчэ адзін пакой да магілы Рахілі.

Калектыўная Габрэйская памяць пра Рахіль, Матрыярха, мае два аспэкты – асабісты і Нацыянальны. Першы – трагічная і сумная гісторыя яе жыцьця, апісаная ў Кнізе Быцьця. Другі – прароцтва Ераміі пра суцяшэньне, у якім Рахіль, Матрыярха, апісаная як маці, якая плача над сваімі сынамі, і як тая, чые крыкі разарвалі браму нябёсаў, і якая пасьля прывядзе на шлях да адкупленьня, да зьбіраньня выгнаньнікаў і да вяртаньня народа Ізраіля на сваю зямлю. Гэта аснова нацыянальнай габрэйскай ідэнтыфікацыі з Рахіль.


Грабніца Рахілі. Марка Палестыны, выпушчаная ў 1928 годзе


Мільёны габрэяў наведвалі гэтае месца на працягу пакаленьняў, молячыся і заклікаючы да Рахілі, Матрыярха, каб яна зьвярнулася да Бога з просьбай пра здароўе, плодзе чэрава, сродках да існаваньня, а таксама аб нацыянальным і агульным выратаваньні. Прастата гэтага месца зачароўвала мінакоў, качэўнікаў і паломнікаў на працягу многіх гадоў. Яны запісвалі апісаньне грабніцы, звычаяў месца і вопыту, які разьвіўся вакол яе, першапачаткова ў пісьмовай форме, а затым з дапамогай малюнкаў і фатаграфій. Грабніца адлюстроўваецца на працягу многіх гадоў у габрэйскім мастацтве, у сьвятых кнігах і на марках. Пра самую Рахіль напісаныя паданьні і легенды, вершы і богаслужбовыя тэксты, апавяданьні і п'есы. Імя Рахілі застаецца адным з найбольш папулярных габрэйскіх імёнаў, якім бацькі называюць сёньня сваіх дзяцей.

Дванаццаць сыноў Якава

Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё. (Быцьцё 49:28)


Якаў, чыё імя ад часу змаганьня з Богам было Ізраіль, дачакаўся дванаццаці сыноў. Але ці была яго сям’я сапраўднай, ці была яна шчасьлівай?

Якаў любіў Рахіль, а Лія была «нелюбка». Убачыўшы гэта, Бог «адчыніў нутробу яе». Рахіль ж заставалася бясплоднай. Аднак Лія хацела не толькі дзіцяці, але і любові свайго мужа. Яна бачыла, зь якой пяшчотай Якаў зьвяртаецца да Рахілі, і ёй станавілася вельмі горка. І ўсё ж Лія не губляла надзеі заваяваць любоў мужа і нарадзіла яму сына. Яна назвала хлопчыка Рувім, што азначае «глядзі: сын», разважаючы такім чынам: «Гасподзь угледзеў маё гароцтва; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой» (Быцьцё 29:32). Але Якаў не палюбіў яе. Не палюбіў ён яе і тады, калі яна нарадзіла яму другога сына. Лія назвала сына Сымон, што азначае «чуе». Яна падумала «Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага» (Быцьцё 29:33).

Дванаццаць сыноў Якава паказала на марках, выдадзеных у 1973 годзе поштай Ізраілю. На іх рэпрадукцыя прыгожых вітражоў, выкананых Маркам Шагалам, габрэйскім мастаком, народжаным у Віцебску ў Беларусі. Знаходзяцца яны ў вокнах сынагогі ў Цэнтры Мэдычным у Айн Карэм на заходным прадмесьці Ерусаліма.

Першы вітраж ясна нябескага колеру прасьвечаны Рувіму, першароднаму сыну Якава. На версе запісана цытата з Кнігі Быцьця: «Рувім, першынец мой! ты бушаваў, як вада» (Быцьцё 49:3,4). Гэта намёк на гвалтоўны характар Рувіма.


Рувім. Сымон. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Другі вітраж сіняга колеру прысьвечаны Сымону. Яго імя напісанае па-габрэйску ў памаранчавым коле ў версе з правага боку. У нізе цытата: «праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная» (Быцьцё 49:7). Гэта намёк на крывавую помсту, якую зьдзейсьнілі Сымон і Левій за ганьбу іх сястры.

Бог «пачуў» Лію-гэта значыць, яна малілася пра сваё гора. Мяркуючы па ўсім, яна была верным чалавекам. Аднак яна не пазбавілася ад душэўнага болю, нават нарадзіўшы трэцяга сына. Лія дала яму імя Левій, што азначае «прыхільнасьць», патлумачыўшы: «вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў (Быцьцё 29:34). Але пачуцьці Якава да яе не зьмяніліся. Верагодна, Лія зьмірылася з гэтым, паколькі ў імя яе чацьвёртага сына ўжо не гучыць надзея на тое, каб хоць неяк падпаліць сэрца Якава. Яна назвала гэтага сына Юда, што азначае «усхваляемы». Так Лія выказала сваю падзяку Богу, сказаўшы: «вось цяпер я праслаўлю Госпада» (Быцьцё 29:35).


Леыій. Юда. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Трэцяя яскраважоўтая марка прысьвечана Левію. Яго імя відаць над Зоркай Давіда. У нізе вылучаюцца дзьве табліцы Майсея з 10 Запаведзямі. Маісей, які паходзіў з калена Левія, атрымаў іх ад Бога на гары Сінай. Надпіс узяты з дабраславеньня Майсея: «вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля» (Другі закон 33:10). Чацьвёртая пурпуровая марка прысьвечана Юдзе. Яго імя над узьнесенымі да Бога рукамі. Надпіс гучыць: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаесься» (Быцьцё 49:9).

Лія працягвала пакутаваць, але і Рахілі было не лягчэй. Яна ўмольвала Якава: «дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю» (Быцьцё 30:1). У Рахілі была любоў Якава, але яна хацела дзяцей. У Ліі былі дзеці, але яна хацела любові. Кожная прагнула таго, што было ў іншай, і ні адна не была шчасьлівая. Абедзьве любілі Якава і хацелі нарадзіць яму дзяцей. І тую, і іншую разьдзірала зайздрасьць. Якой няпростай была жыцьцё гэтай сям'і!

У тыя часы бясплодзьдзе было вялікім горам для жанчыны. Бог абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, што праз іх «нашчадкаў» дабраславяцца «усе народы зямныя» (Быцьцё 26:4). Але Рахіль была бясплоднай. Якаў лічыў, што толькі Бог можа даць Рахілі сыноў і толькі Ён можа даць ёй такія дабраславеньні. Аднак Рахілі не хапала цярпеньня. «Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе» (Быцьцё 30:3).

Нам цяжка зразумець паводзіны Рахілі. Аднак са старажытных тэкстаў шлюбных дагавораў, знойдзеных на Блізкім Усходзе, відаць, што існуючы тады звычай дазваляў бясплоднай жанчыне аддаваць свайму мужу служанку, каб тая нарадзіла спадчыньніка. У некаторых выпадках дзеці служанкі разглядаліся як дзеці жонкі.

Калі Вала нарадзіла хлопчыка, Рахіль узрадавалася і ўсклікнула: «наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына» (Быцьцё 30:6). Яна назвала яго Дан, што азначае «судзьдзя». Як відаць, яна таксама малілася аб сваім горы. Калі Вала нарадзіла другога сына, Напталіма, што азначае «мая барацьба», Рахіль сказала: «я з усіх сіл змагалася з сястрой і перамагла!» (Быцьцё 30:8).

Пятая нябескага колеру марка прысьвечана Дану. Пасярэдзіне намалёваны вуж, абвіты вакол падсьвечніка. Гэтым малюнкам Шагал ілюстраваў словы Якава аб Дане: «Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху» (Быцьцё 49:17).


Дан. Напталім. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Шостая марка жоўтага колеру – вітраж Напталіма. Яго імя напісана ў правым верхнім куце. Ніжэй адпачывае касуля – спасылка на дабраславенства Якава Напталіму: «Напталім – вольная касуля» (Быцьцё 49:21).

Магчыма, даючы Валу Якаву, Рахіль думала, што дзейнічае ў згодзе са сваімі малітвамі, але Бог хацеў ёй даць дзяцей іншым шляхам. У гэтым урок для нас. Калі мы просім аб нечым Бога, то не павінны губляць цярпеньня. Ён можа адказаць на малітвы нечаканым для нас чынам і тады, калі мы менш за ўсё гэтага чакаем.

Каб не страціць сваёй перавагі, Лія таксама дала Якаву сваю служанку, Зілфу. Тая нарадзіла Гада, затым Асіра (Быцьцё 30:9—13).

Цёмназялёны вітраж прысьвечаны Гаду. Колер непакою адпавядае словам Якава аб Гадзе: «Гад, – натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах» (Быцьцё 49:19). Аб Асіры Якаў сказаў «ён будзе дастаўляць царскія прысмакі» (Быцьцё 49:20), таму колер вітражу аліўкавы. Аліўкі Сьвятой Зямлі гэта сымбаль багацьця.


Гад. Ашэр. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Яскравы прыклад суперніцтва паміж сёстрамі – выпадак з мандрагорами, якія знайшоў сын Ліі Рувім. Лічылася, што мандрагоры спрыяюць зачацьцю. Рахіль папрасіла ў Ліі гэтых пладоў, але тая рэзка адказала: «Няўжо мала табе – завалодаць мужам маім, што ты дамагаесься і мандрагораў сына майго?» (Быцьцё 30: 15). Гэтыя словы наводзяць на думку, што Якаў бываў з Рахільлю часьцей, чым з Ліяй. Відавочна, Рахіль адчула справядлівасьць гэтых папрокаў, таму сказала Ліі: «дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго». Калі Якаў прыйшоў дадому, Лія сказала яму: «увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы» (Быцьцё 30:16).

Лія нарадзіла пятага і шостага сына: Ісахара (што азначае «адплата») і Завулона. Тады яна ўсклікнула: «Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў» (Быцьцё 30: 17—20).


Ісахар. Завулон. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Зялёны колер вітража Ісахара сымбалізуе дастатак і спакой. Якуб сказаў аб сваім сыне: «І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць» (Быцьцё 49:15). На чырвонай марцы Завулона намаляваны карабель поўны рыбы, таму што Якаў сказаў: «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай» (Быцьцё 49:13).

Мандрагоры не дапамаглі Рахілі. Тым не менш праз шэсьць гадоў замужжа Рахіль зацяжарала і нарадзіла Язэпа. Але гэта адбылося дзякуючы таму, што Гасподзь «успомніў» пра яе і адказаў на яе малітву. І толькі тады Рахіль магла сказаць: «зьняў Бог ганьбу маю» (Быцьцё 30:23). Рахіль памерла падчас другіх родаў на шляху з Бэт-Эля ў Эфрат, у Бэт-Лехеме; паміраючы, яна назвала свайго другога сына Бэн-яны («сын маёй пакуты»), аднак Якаў даў яму імя Веньямін.

У двух вокнах разьмясьціў Шагал сыноў Рахілі.


Язэп. Веньямін. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Маляўнічы вітраж, прысьвечаны Язэпу, напамінае пра каляровае ўбраньне Язэпа, якое падарыў яму Якаў і якое стала прадметам зайздрасьці братоў, а таксама пра тлустых і галодных кароў з далейшага жыцьця Язэпа ў Егіпце.

Нябескі колер вітражу Веньяміна гэта намёк на спакой, які, аднак, патрабуе высілкаў. Майсей, дабраслаўляючы Ізраілітаў перад сваёй сьмерцю, зьвяртаючыся да племені Веньяміна, сказаў: «Любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі» (Другі закон 33:12).

У 1962 Марк Шагал расьпісаў 12 вокнаў у сынагозе мэдыцынскага цэнтра Хадаса ў Эйн-Карэм у Ерусаліме. Вокны былі створаны ў Францыі, а затым ахвяраваныя бальніцы. Праца заняла два гады і ў дзень 50-годзьдзя бальніцы ў лютым 1962 вітражы былі ўрачыста асьвячоныя. У рэчаіснасьці гэта не вітражы, а росьпісы. «Увесь час, пакуль я працаваў, – распавядаў Марк Шагал, – я адчуваў, што мой бацька і мая маці глядзяць з-за майго пляча, а за імі – тыя мільёны габрэяў, якія зьніклі нядаўна і тысячы гадоў таму назад». З той пары тысячы людзей наведалі сынагогу ў Айн Карэм і засталіся заварожанымі прыгажосьцю твораў Шагала. Дванаццаць цудоўных вітражоў, якія апісваюць дванаццаць каленаў Ізраілевых, паказваюць глыбокую любоў мастака да габрэйскага народу і чалавецтва ў цэлым. Для поўнага разуменьня сэнсу і значэньня кожнага вітража, трэба іх разглядаць, зыходзячы з пачуцьця поўнай датычнасьці майстра да гісторыі габрэяў, зь іх трагедыямі і перамогамі, зь яго асабістым мінулым, зьвязаным з Віцебскам – месцам, у якім ён нарадзіўся і вырас.

Бесплатный фрагмент закончился.

Возрастное ограничение:
16+
Дата выхода на Литрес:
17 февраля 2021
Объем:
799 стр. 650 иллюстраций
ISBN:
9785005326270
Правообладатель:
Издательские решения
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Новинка
Черновик
4,9
167