Читайте только на ЛитРес

Книгу нельзя скачать файлом, но можно читать в нашем приложении или онлайн на сайте.

Читать книгу: «Пад імем Яські-Гаспадара...», страница 2

Шрифт:

N. 3

Дзецюкі!

Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых? Я, дзецюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаці пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі.

Чалавек то такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хоча, альбо калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога не ведалі і нічога меці не хацелі, — а чы сягодня гэтак скажуць, калі ўжэ ведаюць многа і многа хочуць? Сягодня ўсе ўжэ паразумнелі, усе ўжэ мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасці справядлівай, і смяюцца, як гэта маглі інак думаці. Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!

Вы, дзецюкі, пэўне вельмі цікавыя, скуль жа гэта народ так паразумнеў? Я вам скажу, скуль гэта.

Калі Пранцуз пад Свістаполем заўсім пабіў маскаля, то для таго каб маскаль не меў сілы і грошы, прыказаў народаві даці вольнасць, не браці рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці! Ён то хацеў адно перамяніць няволю, но, бачу, вельмі ашукаўся, бо хаця нам ронд маскоўскі нічога ў шэсць лет не зрабіў, но мы як пачулі, што і мужык можа быць вольны, так пачалі пытаціся ў людзей разумнейшых і талкаваці паміж сабою, аж зразумелі, што то вольнасць значыць. От скуль гэта ўзялося, што народ паразумнеў. Мы сягодня ўсе ўжэ ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за катору ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць, — калі плаціць малыя падаткі і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу, — калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае гдзе, а ідзе бараніці свайго краю тагды толька, калі які непрыяцель надыдзе, — калі робіць усенька, што спадабае і што не крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай, — і калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. От што вольнасць значыць. Сягодня то ронд маскоўскі нас не атуманіць, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі ўперад, і пазналі, што нам ні маніхвэстаў царскіх, а вольнасці патрэба.

Маскаль то хітры, ён-то, дзецюкі, хоча, каб не даці нічога, а народ думаў, што ўжэ мае ўсё як належыць. Не мерыўшы, судзеце хаця з гэтага а яго хітрасці. Два рокі ўжэ таму, калі яшчэ ніякіх маніхвэстаў а вольнасці не аб'яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою 19 фэвраля збунтуецца. Тагды цар, бачу, збаяўся і вялеў сэнатаві з'ехаціся, а народаві аб'явіць, што ў посце вольнасць дастане. Народ дурны паверыў да і разышоўся, а цар, з сэнатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб'явіў у мейсцу вольнасці маніхвэст, а ў маніхвэсце прыказывае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў, да і чорт іх ведае на што. Судзеце ж цяпер самі, чы ж не ашуківаюць нас?

Но не на доўга здасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжэ пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба — і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо. А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужэ талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толька, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка а народу многа.

Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы, — каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

N. 4

Дзецюкі!

Няма і куска зямлі на свеце, каб людзі былі адзін у другога ўсё добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, е ронд, што бярэ падаткі, робіць школы, наўчае кажнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кажнага ад ліха і здзерства. От на што ронд патрэбны. І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу.

Гэтак, дзецюкі, робіцца на цалюськам свеце. А калі за граніцаю, чы то ў Пранцуза, чы ў Англічаніна, народ спагадае рондаві, то для таго, што ронд слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчаслівы.

А ў нас, дзецюкі, чы гэтак? Чы ў нас е справядлівая наука ў школах, што учыць жыці без крыўды другога? Чы е праўда і справядлівасць у судзе? Чы можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Чы ронд маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчасліве? Самі скажэце.

У нас, дзецюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табою праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кажнаму народ глуміці, каб [ад]но як найбольш грошай у кішэнь яго дасталася. Ронд маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палегчыць народаві, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і заўсім людзей зглуміці.

Чаму гэтак робіцца пад рондам маскоўскім, я вам скажу — вы адно мяне паслухайце.

Ронд гэта заўсім так сама, як чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так ронд мае цара, каб рондзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як цар захоча. Для таго як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так у рондзе калі цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжэ да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраці бедны народ. І гдзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відна, што глум, здзерства і несправядлівасць выходзіць ад самога цара — ён-то з нас выбірае войска, ён-то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а ўзяўшыся за ўсімі гыцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжэ канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шубеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа! Для таго-то цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога — і для таго як мы яго ронду, так ён нашай вольнасці баіцца.

Возрастное ограничение:
12+
Дата выхода на Литрес:
30 августа 2016
Объем:
25 стр. 1 иллюстрация
Правообладатель:
Public Domain

С этой книгой читают