promo_banner

Реклама

Читать книгу: «Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла»

Шрифт:

Переводчик Максім Аляксандравіч Фоміч

Фотограф Джэймс Брэдлі

© Пітэр Кваснеўскі, 2020

© Максім Аляксандравіч Фоміч, перевод, 2020

© Джэймс Брэдлі, фотографии, 2020

ISBN 978-5-4498-9272-0

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Ад перакладчыка

На працягу стагоддзяў святая Імша ў старажытным рымскім абрадзе выхоўвала бясконцыя шэрагі як славутых, так і невядомых святых. Цяпер, пасля цёмных гадоў ХХ ст., яна зноў вяртаецца ў літургічнае жыццё Каталіцкага Касцёла. Дзякуючы пастановам Папы Бенедыкта XVI скарбы традыцыйнага абраду не толькі не былі страчаны, але і сталі даступны кожнаму верніку, які таго пажадае.

Нягледзячы на існуючыя магчымасці гэтая літургія ў нашай краіне ўводзіцца і прымаецца не вельмі ахвотна. Звязаць гэта можна з дзвюма прычынамі. З аднаго боку, святары справядліва задаюць сабе пытанне, ці прынясуць рэальную карысць іхнія высілкі па вывучэнні традыцыйнага абраду і ці варта ўвогуле ўводзіць яго ў сваіх парафіях. З іншага боку, вернікі таксама рэдка ўсведамляюць тое дабро, якое яны маглі б атрымаць, і не просяць святароў аб рэгулярнай цэлебрацыі гэтай формы Імшы.

Кніга амерыканскага філосафа і публіцыста Пітэра Кваснеўскі, якую вы трымаеце ў руках, мае на мэце зрушыць гэтую сітуацыю з мёртвай кропкі і прадставіць каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы для духоўнага жыцця каталікоў і місіі Касцёла ў цэлым. Аўтар закранае шматлікія аспекты гэтай формы Імшы (лацінскую мову, цішыню і грыгарыянскі спеў, арыентацыю святара, характар малітваў і календара), аспрэчваючы распаўсюджаныя міфы і паказваючы перавагу традыцыйных элементаў культу ў кантэксце «беспрэцэдэнтнага крызісу ідэнтычнасці», у якім знаходзіцца Касцёл у нашыя часы. Такое прадстаўленне традыцыйнага абраду непазбежна прыводзіць да яго параўнання з сённяшняй літургічнай практыкай. На працягу ўсёй кнігі Кваснеўскі ставіць перад звычайнай формай рымскага абраду вострыя пытанні, робячы гэта далікатна, але ад гэтага не менш шчыра.

Цытаты з Новага Запавету, кнігі Псальмаў, дакументаў Другога Ватыканскага сабору і іншых паслясаборных дакументаў у гэтай кнізе па магчымасці прыводзяцца паводле афіцыйных выданняў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Цытаты з іншых касцёльных дакументаў прыводзяцца ва ўласным перакладзе з англійскай мовы. Цытаты са Старога Запавету даюцца паводле Бібліі ў выданні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, 2017). Літургічныя тэксты візантыйскай літургіі даюцца паводле Службоўніка БГКЦ (Мінск, 2004) з захаваннем яго тэрміналогіі і прывядзеннем да аднастайнага правапісу.

Шчыра дзякую а. Міхалу Ермашкевічу ОР і Дзмітрыю Цаўлоўскаму, якія згадзіліся прачытаць рукапіс і зрабіць важныя заўвагі. Вялікую ўдзячнасць выказваю таксама д-ру Пітэру Кваснеўскі за дазвол на публікацыю гэтай кнігі і пастаяннае кансультаванне пры яе падрыхтоўцы.

Спадзяюся, што прадстаўленыя тут аргументы не толькі паслужаць падтрымкай тым, хто ўжо адкрыў для сябе прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, але і дапамогуць усім чытачам убачыць «важныя духоўныя ўрокі, паэтычную прыгажосць, катэхетычную вартасць, суцяшальнае ўздзеянне на душу», якія нясе ў сабе традыцыйная лацінская Імша.

Прадмова

Гэтая кніга закранае фундаментальныя праблемы, звязаныя са святой літургіяй, і робіць асаблівы націск на пастаянную і непраходзячую каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы (таксама вядомай пад назвамі usus antiquior і надзвычайнай формы рымскага абраду), прысутнасць якой хутка пашыраецца, асабліва ў англамоўным свеце. Таксама я часта падымаю тэмы, звязаныя з канцэпцыяй «рэформы рэформы». Цяпер як ніколі патрэбна тэалагічнае і філасофскае разважанне над адраджэннем usus antiquior і над тым, як гэтая старэйшая форма можа ўзбагаціць больш новую форму рымскага абраду і выявіць яе слабыя месцы, якія патрабуюць выпраўлення. Такое паяднанне апалогіі і крытыкі, якое разгортваецца на гэтых старонках, з’яўляецца маім унёскам у «новы літургічны рух», да якога заахвочваў Папа Бенедыкт XVI, а таксама ў вялікае аднаўленне Касцёла, якому ён даў пачатак.

Пасля Другога Ватыканскага сабору Рымска-каталіцкі Касцёл трапіў у беспрэцэдэнтны крызіс ідэнтычнасці, які пашырыўся нават на яго дагэтуль нязломныя вучэнне і духоўнасць, на яго апостальскую і місіянерскую працу. На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.

Падчас пантыфікату Папы Бенедыкта XVI мы сталі сведкамі 50-гадовага юбілею адкрыцця Другога Ватыканскага сабору, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Спачатку ён сімпатызаваў ліберальнай фракцыі, аднак пазней скардзіўся на тое, што вучэнне Сабору сказілі і выкарысталі ў сваіх мэтах, прыкрываючыся духам «віртуальнага» і «медыйнага» Сабору. Ён справядліва патрабаваў – як патрабаваў бы кожны каталік – каб дакументы Сабору чыталі, абапіраючыся на «герменеўтыку неразрыўнасці» з тым, што было перад гэтым, і з пазнейшымі тлумачэннямі. Займаючы ў папскім служэнні абарончую пазіцыю, Папа Бенедыкт XVI стараўся выправіць многія рэчы, якія за апошнія пяць дзесяцігоддзяў пайшлі ў абсалютна памылковым напрамку.

Каб зразумець, што адбылося цягам гэтай паловы стагоддзя, можна паразважаць над далікатным балансам паміж заданнямі Касцёла ad infra і ad extra, якія з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля. Можна сказаць, што Касцёл мае сваё ўласнае ўнутранае жыццё: літургічнае, сакрамэнтальнае, духоўнае, інтэлектуальнае – якое вызначаецца спалучэннем Святога Пісання, святой традыцыі і Магістэрыя. Гэтае жыццё трэба даглядаць, узрошчваць, ахоўваць, паглыбляць, каб яно само па сабе заставалася здаровым і актыўным. У той жа час Касцёл мае пастаяннае місіянерскае заданне – заклік выходзіць у свет няверуючых, прапаведаваць яму, навяртаць яго, асвячаць яго, супрацьстаяць яго памылкам і змагацца з яго праблемамі. Шляхетным намерам св. Яна ХХІІІ, вельмі традыцыйнага Папы ў многіх адносінах, было зрабіць так, каб скарбы ўнутранага жыцця Касцёла пачалі ўздзейнічаць на сучаснасць і на знешні свет. Менавіта з гэтай мэтай ён склікаў як Рымскі сінод, так і больш вядомы Другі Ватыканскі сабор. Ён жадаў, каб Каталіцкі Касцёл выдаў Божае святло і праўду, каб ён узмоцніў сваю апостальскую дзейнасць, якая квітнела ўжо пры пантыфікаце Пія ХІІ.

Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra. Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra, Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra. Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.

Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня – гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш – блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).

Касцёл – гэта Божая сям’я, а пастыры служаць in loco parentis – то чаму іх няма? Ці сапраўды яны дбаюць пра сваіх дзяцей і пра іх першасныя патрэбы? Экуменізм, міжрэлігійны дыялог, справы ў сферы сацыяльнай справядлівасці і нават евангелізацыя будуць марнымі, калі спачатку не апрануць, не накарміць і не навучыць сваіх вернікаў – не апрануць частым і годным прыняццем сакрамэнтаў, не накарміць прыгожай і паважлівай святой літургіяй, не навучыць грунтоўным ведам праз катэхізацыю, прапаведаванне і школьную адукацыю.

Таму пасля сарака гадоў блукання ў пустыні пантыфікат Папы Бенедыкта XVI здаваўся і сапраўды аказаўся пераломным момантам, подыхам свежага ветру. Гэта быў час на тое, каб заняцца станам сваёй душы, каб прывесці ў парадак наш дом, каб аднавіць літургію з яе найглыбейшых крыніцаў і зноў навучыцца таму, што такое тая Добрая Навіна, якою мы павінны дзяліцца з нашым бліжнім. Пантыфікат Ёзафа Ратцынгера пачаў сістэматычна лячыць амнэзію і інтаксікацыю. Сярод усіх плёнаў, якія гэты пантыфікат нарадзіў сярод каталікоў ва ўсім свеце, апостальскае пасланне Summorum Pontificum назаўсёды застанецца помнікам спробе зрабіць разумную змену праз заклік вернікаў да нязменных Традыцыі, духоўнасці і стылю жыцця, што адлюстравалася таксама і ў даце публікацыі гэтага дакумента: сёмы дзень сёмага месяца сёмага года новага тысячагоддзя.

Пантыфікат Папы Бенедыкта быў кароткім, аднак навучанне, прыклад і заканадаўства гэтых васьмі гадоў у новым стагоддзі акажуцца гарчычным зернем сапраўднага аднаўлення і прароцкім асуджэннем памылковага аднаўлення. У любым выпадку, гэта наш прывілей – хоць і не нашая заслуга – з удзячнасцю і гарачым сэрцам прыняць традыцыйную каталіцкую ідэнтычнасць, духмяную жывую памяць Божых дароў, дзеля абароны і развіцця якіх Ёзаф Ратцынгер/Бенедыкт XVI так шмат зрабіў, і дазволіць гэтаму зерню прынесці плён у нашым жыцці. Большага нам не зрабіць, але і гэтага дастаткова. Таму што Бог можа ўзяць нават некалькі хлябоў і рыбін і бясконца іх размножыць.

Калі мы думаем пра веліч задання, якое даручыў нам Папа Бенедыкт XVI, – задання аднаўляць нашу веру ад самых вытокаў і ў неразрыўнасці з Традыцыяй – і калі мы разважаем, наколькі шмат працы і цярпення нас чакае, пакуль мы будзем імкнуцца ўвесці ў практыку глыбокае вучэнне пра святую літургію, якое наш Пан даў нам праз гэтага вялікага Папу, у нас можа ўзнікнуць знеахвота і жаданне кінуць гэтае змаганне, асабліва ў тыя часы, калі шмат людзей у Касцёле, здаецца, бяжыць ад узыходзячага святла ў апраметную цемру сямідзясятых. Аднак няхай нас натхняе прыклад многіх шляхетных мужчын і жанчын, клерыкаў, законнікаў і свецкіх, якія ад часоў Сабору і да сённяшняга дня змагаліся ў добрым змаганні; няхай нас таксама падтрымлівае нязменная духоўнасць, якая ляжыць у аснове бенедыктынскай манаскай мадэлі і ў якой знаходзіў натхненне Святы Айцец. Як казаў абат Поль Дэлат OSB:

«Цярплівасць жа павінна мець дасканалае дзеянне», а дзеянне яе ў тым, каб нягледзячы ні на што падтрымліваць у нас добры стан розуму і веры. Абдымем жа адвагу абедзвюма рукамі, схопім жа гэтую благаслаўлёную цярплівасць так моцна, каб нічога ў свеце не магло нас адарваць ад яе: ад patientiam amplectatur. Цяпер не час стагнаць, апраўдваць сябе і дыскутаваць. Калі б наш Пан адмовіўся цярпець, мы не былі б збаўленыя. Цяпер час падставіць свае плечы і ўзяць крыж, час без стогну і затрымак у дарозе несці ўсё, што Бог хоча, і да таго часу, пакуль Ён гэтага хоча… Няма духоўнай будучыні для нікога, як толькі для тых, хто вытрымае такім чынам. Калі мы паабяцаем сабе цвёрда стаяць і чакаць, пакуль не пройдзе бура, тады мы ўдасканалім у сабе моц вытрымкі1.

Падзяка

Хоць тэкст і заўвагі для выкарыстання ў гэтай кнізе былі перапрацаваны, часам даволі істотна, матэрыял раздзелаў 1—12 і 14 упершыню быў апублікаваны ў часопісе The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition, а менавіта: «Урачыстасць як цэнтральная праблема» ў 17.1 (зіма 2008), 8—12 і 17.2 (вясна 2008), 6—11; «Слова Бога і шматслоўнасць чалавека» ў 17.4 (восень 2008), 12—19; «Сімволіка цішыні і пустаты» ў 15.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2006), 6—11; «Сузіранне нязменнай Праўды» ў 17.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2008), 14—19; «Літургія фарміруе Хрыста ў нас: Ён павінен павялічвацца, я павінен памяншацца» ў 15.2 (вясна 2006), 12—15; «Нашчадак Арыя ў Святым святых» у 15.4 (восень 2006), 26—33; «Пяць ранаў і Касцёл будучыні» у 21.2 (лета 2012), 12—19; «Тэатральны і дэзарыентаваны абрад» у 16.1 (зіма 2007), 34—39; «Страта літургічных скарбаў цыклу святых» у 16.4 (восень 2007), 30—35; «Страта ласкі: прыватныя Імшы супраць канцэлебрацыі» у 19.1 (зіма 2010), 6—9; «Доўгатэрміновы ўплыў літургічнай рэформы на хрысціянскі экуменізм» у 15.3 (лета 2006), 32—36; «Лаціна, ідэальная літургічная мова для Заходняга Касцёла» ў 20.2 (вясна 2011), 6—9; «Патройная амнэзія: святая літургія, сацыяльнае вучэнне і святы Тамаш» у 16.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2007), 6—11. У сваёй арыгінальнай форме раздзелы 2, 5, 8 і 11 былі апублікаваны пад псеўданімам. Раздзел 13 быў апублікаваны пад назвай «Выхаванне і літургія: думкі з нагоды саракагадовага юбілею закрыцця Другога Ватыканскага сабору» ў часопісе The Downside Review 124 (красавік 2006), 135—148. Я дзякую рэдактарам гэтых перыядычных выданняў за дазвол паўторна апублікаваць матэрыял, які ўпершыню з’явіўся на іх старонках. Пасляслоўе было апублікавана ў выглядзе двух артыкулаў: аднаго на старонцы New Liturgical Movement і аднаго на старонцы OnePeterFive.

Калі не пазначана іначай, пераклады прац св. Тамаша і іншых аўтараў з’яўляюцца маімі ўласнымі. У выпадку «Сумы тэалогіі» я шчодра карыстаўся класічным перакладам, які выканалі айцы Англійскай дамініканскай правінцыі і які цяпер знаходзіцца ў грамадскім набытку. Святое Пісанне зазвычай цытуецца па Revised Standard Version.

На працягу гадоў многія мае сябры ахвотна чыталі рукапісы і рабілі заўвагі, з якіх паўстала мноства ўдасканаленняў як у змесце, так і ў стылі. Я хацеў бы падзякаваць ім па імёнах: а. Томас Болін OSB, кс. Рабэр Фрамажо FSSP, Джэрэмі Холмс, Тадэвуш Казінскі, Рональд Лоусан і кс. Джон Савард. Пасля падзякі за іх дапамогу дазвольце мне дадаць, што меркаванні, выказаныя на гэтых старонках, неабавязкова належаць ім, а за любыя пазасталыя хібы і памылкі нясу адказнасць толькі я. Усе свае меркаванні і суджэнні я аддаю на разгляд уладзе Святога Рымскага Касцёла, у паслухмянасці якому і ў падпарадкаванні Вярхоўнаму Пантыфіку якога я жадаю жыць і памерці.

Я таксама дзякую маёй жонцы Кларыс і маім дзецям Джуліяну і Роўз за іх цярплівасць і добрае стаўленне да чалавека, які сваімі паводзінамі хутчэй пацвярджае, чым абвяргае стэрэатып пра рассеянага прафесара.

Нарэшце, я хачу асаблівым чынам падзякаваць двум пастырам, якія навучылі мяне, як трэба следаваць за нашым Панам на простай дарозе святой літургіі і Традыцыі: Папу на пенсіі Бенедыкту XVI і абату Касіяну Фолсаму OSB, настаяцелю кляштара св. Бенедыкта ў Норчы, Італія. Пра першага з іх наўрад ці трэба казаць, бо ягонае вучэнне і прыклад добра вядомыя ва ўсім свеце; яны і стаяць за ўсімі маімі думкамі і тэкстамі пра літургію. Пра а. Касіяна ж будзе дастаткова сказаць, што да сустрэчы з ім і да знаёмства з яго супольнасцю я ведаў пра прыгажосць і святасць літургіі больш па чутках, нібы здалёк; але дзякуючы яму і ягоным сабратам мае вочы шырока адкрыліся на бязмерныя глыбіні літургіі – гэтай пастаяннай і невычэрпнай крыніцы жыцця. Папу Бенедыкту XVI і а. Касіяну я з удзячнасцю прысвячаю гэтую кнігу.

Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема

І

Сястра Тома Аўгустына Бекер апісвае тое, што яна лічыць важнай крыніцай сучаснага літургічнага напружання ў Касцёле:

Мне здаецца, што пасля рэалізацыі рэформы, ініцыяванай Другім Ватыканскім саборам, большасць разыходжанняў наконт літургіі так ці інакш датычыцца ўрачыстасці… Аргументавана сцвярджаецца, што ўрачыстасці зашмат ці замала, або прапаноўваецца цалкам новае бачанне таго, што такое ўрачыстая літургія, але амаль заўсёды ў цэнтры непаразумення знаходзіцца пытанне пра пэўную ступень ўрачыстасці ў літургіі2.

Можна задаць сабе пытанне, ці ўвогуле бывае «зашмат» урачыстасці. Таксама можна пацікавіцца, ці задумваліся хоць бы крыху парафіяльныя рады, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў аўтарытарна вызначалі малітоўнае жыццё парафіянаў, над паняццем урачыстасці. Аднак сястра кажа пра важную праўду. Розніца паміж добрай і дрэннай літургіяй, калі абапірацца на меркаванне Касцёла, часта зводзіцца да розніцы паміж малітвай урачыстай, фармальнай і пабожнай – і малітвай неахайнай і павярхоўнай, з выразна нефармальнай атмасферай. Таму я пачаў цікавіцца: чаму ў сучаснай літургіі ў тым выглядзе, як яна служыцца ў касцёлах па ўсім свеце, так не хапае ўсяго, што заслугоўвала б апісання словам «урачысты»?

Найперш я задаў сабе пытанне, ці можа гэта быць праблемай, характэрнай для Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, якая служыцца па Імшале Паўла VI. Але мае шчаслівыя ўспаміны пра набажэнствы аратарыянцаў3, дзе той жа Імшал выкарыстоўваўся з бляскам і сур’ёзнасцю, змусілі мяне прызнаць, што праблема не ў самім Імшале (прынамсі не так проста і непасрэдна), хоць ён і мае хібы ў многіх адносінах. Бо, з аднаго боку, цэлебрацыю сучаснага рымскага абраду магчыма прывесці ў яўную, бачную адпаведнасць з папярэдняй формай, як гэта навучыліся рабіць аратарыянцы, але, з іншага боку, шмат у чым Імшал Паўла VI не заахвочвае і не патрабуе ўрачыстасці, тады як традыцыйны Імшал робіць гэта сістэматычна. Сярод іншых прычын, чаму некаторыя святары сёння не жадаюць вывучаць старую Імшу, напэўна, ёсць і тое, што яна вельмі пераборлівая і патрабавальная ў сваіх прадпісаннях наконт мовы, паставаў цела і жэстаў.

Калі я разважаў над гэтым пытаннем, усепранікальная адсутнасць урачыстасці здавалася мне хутчэй праблемай людзей і іх пастыраў. Яна выклікана тым, што бацькі называюць «кепскімі манерамі». Гэтыя манеры можна ахарактарызаваць як збянтэжанасць або (няхай дапаможа нам добры Бог) нудоту ад згадвання самой толькі ідэі ўрачыстасці, ад праяўлення выражанай пашаны хоць да чаго – ці то мова ідзе пра пашану, якая выяўляецца ў анельскай музыцы, ці то пра ціхае сузіранне. На жаль, вынікам становіцца не проста «недахоп» урачыстасці, а занядбанне і пагарда той урачыстасцю, якой патрабуе эўхарыстычная таямніца. Звычайную форму рымскага абраду можна выканаць добра, аднак яна рэдка служыцца ў духу ўсеабдымнай урачыстасці, тады як для надзвычайнай формы ўрачыстасць, або прынамсі сакральная годнасць, гэта тая атмасфера, у якой яна жыве і рухаецца, у якой знаходзіцца яе самае існаванне. Асабліва моцна гэтую праўду ілюструе ўрачыстая спяваная Імша, хоць спяваная Імша, альбо Missa cantata, таксама не адстае ў гэтым, а прыватная Імша адданага манаха можа быць пераломным момантам у жыцці кожнага, хто меў прывілей удзельнічаць у ёй. Падтрыманы багатай літургічнай культурай Еўропы ХІІІ ст., св. Тамаш Аквінскі мог спакойна сцвярджаць: «Паколькі гэты сакрамэнт [Эўхарыстыі] заключае ў сабе ўсю таямніцу нашага збаўлення, мы цэлебруем яго больш урачыста, чым астатнія сакрамэнты»4. На ўвазе маецца, што ўсе іншыя сакрамэнты таксама цэлебраваліся (і павінны цэлебравацца) урачыста.

Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo. Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара5. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сур’ёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сур’ёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам6.

1.Dom Paul Delatte OSB, «The Rule of St. Benedict: A Commentary», перакл. Dom Justin McCann OSB (London: Burns, Oates, and Washbourne, 1921), 116.
2.Sr. Thomas Augustine Becker, «The Role of Solemnitas in the Liturgy According to Saint Thomas Aquinas», у выд. «Rediscovering Aquinas and the Sacraments», рэд. Matthew Levering і Michael Dauphinais (Chicago: Liturgy Training Publications, 2009), 114—135, на с. 133—134.
3.На працягу кнігі аўтар часта згадвае пра святароў Канфедэрацыі аратарыянцаў св. Філіпа Нэры, асабліва тых, што працуюць у Англіі, як пра прыклад найбольш традыцыйнай святарскай супольнасці з літургічнага пункту гледжання. – Заўв. перакл.
4.Св. Тамаш Аквінскі, «Сума тэалогіі» (далей – ST), III, q. 83, a. 4, вылучэнне аўтара.
5.Усе гэтыя каментарыі можна таксама прымяніць і да смерці гамілетыкі ў нашыя часы. Толькі нямногія святары могуць прапаведаваць, як гэта рабілі Айцы Касцёла або святары Сярэднявечча; няшмат таксама і тых, хто хоць бы імкнецца да высотаў і глыбіняў св. Грыгорыя, св. Аўгустына, св. Бэрнарда або св. Банавентуры! Мы часта чуем гісторыі, банальнасці, агульныя парады, але мала гучыць чагосьці падобнага да працяглага і яснага тлумачэння Святога Пісання, мала падобнага да правакацыйных закідаў супраць папулярнай культуры, мала падобнага да заклікаў да аскетызму, пакаяння і прынясення кампенсацыі. У цэлым, святары вырастаюць мяккімі, і іхняе пасланне – гэта мяккасць. Патрэба ў святарах, якія могуць эфектыўна прапаведаваць Слова ў час і не ў час, заахвочваючы людзей да навяртання сэрца, сёння настолькі ж вялікая, як і ў часы св. Дамініка і альбігойскага крызісу.
6.Важна разумець, што існуюць культурныя і палітычныя прычыны, якія прывялі да страты ўрачыстасці, але якія не звязаны непасрэдна з уласнымі слабасцямі Novus Ordo. Магчыма, мы сталі б сведкамі падобнага заняпаду ўрачыстасці ў Трыдэнцкай Імшы, калі б яе месца не заняла Імша Novus Ordo (гэта маглі б быць спробы «інкультураваць» лацінскія Імшы, што ўжо здаралася перад Саборам). Магчыма, Трыдэнцкая Імша захавала здольнасць выстаяць супраць гэтых культурна-палітычных сілаў часткова таму, што яе выключная ўрачыстасць – найбольш прывабная мэта для секулярызацыі – была афіцыйна маргіналізавана, а цяпер яна з’яўляецца прывабна контркультурнай.
Возрастное ограничение:
16+
Дата выхода на Литрес:
03 июня 2020
Объем:
291 стр. 2 иллюстрации
ISBN:
9785449892720
Правообладатель:
Издательские решения
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

Эксклюзив
Черновик
4,7
224
Хит продаж
Черновик
4,9
529