promo_banner

Реклама

Читать книгу: «Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля»

Шрифт:

© Дзмітрый Кудрэц, 2022

ISBN 978-5-0056-0482-8

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Уступ

Дваццаць год пранеслася, нібы бліскавіца ў небе. Грымнулі, палыхнулі і зніклі дзесьці сярод шэрых хмар.

Колькі ўсяго здарылася за гэтыя дваццаць год і не пералічыць. А калі сесці ды паразважаць, то і ўспомніць асабліва і нечага.

Шмат весак знікла за гэтыя дваццаць год, пакінуўшы за сабой толькі тапаграфічныя назвы ды закалочанныя хаты. Старыя гаспадары з’ехалі, альбо памерлі, а новых не знаходзілася. Пакупнікі не спяшаліся выкласці грошы за куток вясковасці ў чорта на рагах. Вось і стаяць пакінутыя бацькоўскія сядзібы ад лета да лета з агаленнымі вокнамі, някошанымі межамі і пакасіўшыміся платамі ў чаканні, калі на пару дзен з’явяцца нашчадкі, каб адпачыць ад гарадскога гвалту і абабраць тое невялікае, што саспела на здзічэўшых кустах парэчак, агрэсту ці маліны.

У адрозненне ад іншых, веску Сіні Бор мінаваў гэткі тужлівы лес. Яна выстаяла, выжыла, нават пашырылася. З’явіліся новыя хаты, новыя людзі, новыя законы. Прыйшла новая мода на аграгарадкі. Вясковае кіраўніцтва, згодна з цыркулярам аднекуль зверху, адгрохала цэлую вуліцу аднолькавых, нібы цацачных, домікаў. Стоячы пасярод голага поля, яны выклікалі і зайздасць і непаразуменне – хто ж будзе жыць у гэткіх дамах, хаця і збудаваных па навейшых тэхналогіях і з навейшых матэрыялаў, але ж тымі самымі незграбнымі рукамі, што і дваццаць год назад. Кіраўніцтва лічыла, што такім чынам у веску панаедзе шмат моладзі, прыб’юцца свежыя працоўныя сілы. Але, як і звычайна, кіраўніцтва памылілася. Цацачныя домікі мазолілі вочы мясцовым жыхарам, як і амаль палова закінутых, забытых богам і людзьмі старых хат.

Шмат падзей адбылося за гэтыя дваццаць год. Чаго толькі не перажылі выскоўцы за гэты час, чаго толькі не спазналі. Хварэлі камерцыяй. Кідаўся ў таргоўлю хто толькі мог. На першым паверху канторы прымайстравалася адразу некалькі камерцыйных крам. І хаця асартымент і цэны там былі амаль такія ж, што і ў магазіне, людзі ахвотней ішлі ў камкі, асабліва ў той, дзе быўшая магазіншчыца Нінка таргавала сэканд хэндам, а карацей кажучы абноскамі. А чаго? Мы не гордыя. Можам і ў абносках пахадзіць. Нам не прывыкаць. Ды і навошта плаціць ў трыдарага, калі можна на тыя грошы купіць у тры разы болей? І не важна, што на паліто не хапае гузіка, ці спадніца фарбай заляпана. Рукі есць – гузік прыш’ем, фарбу адмыем і будзем хварсіць у абноўках.

Прайшло колькі год і ад тых камерцыйных крам засталіся толькі ўспаміны. І толькі Нінкіна справа працвятала. Праўда Нінка са сваей гаспадаркай перебралася ў сваю хату. І ўжо не пакупнікі цягнуліся за навінкамі, а сама Нінка званіла суседзям і летала па весцы, прапануючы новыя кофтачкі і амаль ненадзеваныя штаны.

Пасля камерцыі пайшла мода на еўрарамонты. Вось тут выдзелываўся хто як мог. Цягнулі што маглі і адкуль маглі. На старую, сто разоў фарбаваную падлогу клалі лінолеум ці, хто пазаможней, ламінат. Няроўныя сцены аздаблялі бліскучымі пярэстымі шпалерамі. Столь таксама не заставалася без увагі. Аббівалі гіпсакартонам, фарбавалі ў нязвыклыя колеры, выводзілі розныя мудрагелістыя ўзоры. Не забываліся і пра мэблю. І на змену старым скрыпучым ложкам і канапам прыходзілі мяккія вугалкі і спальныя гарнітуры, якія ледзь-ледзь уцісківаліся ў непрыстасаваныя для іх памераў пакойчыкі. Але што зробіш? Жыцце патрабуе перамен. Усім хацелась жыць не горш, як у горадзе, ці хаця б не горш як у суседзей. Але вось толькі сродкі і магчымасці не кожнаму дазвалялі ўваасабіць жадаючае. Вось і паходзілі тыя еўрарамонты на еўранедадзелкі.

Потым была мода на кветкі. Торкалі іх дзе толькі можна. У старыя шыны, ў іржавыя каструлі, ў дзіравыя тазікі, якія былі раскіданы па ўсяму двару, прымайстраваны на плоце, на сценах. Той, хто быў з рукамі і з фантазіяй, будаваў цэлыя піраміды з рэек і дроту, ўпрыгожваючы іх дзівоснымі кветкамі, купленымі на базары, прывезеннымі з поўдня, выпісаных па каталогах. Карацей кажучы – вылупляліся, як маглi. Але ўсе гэта на самой справе хараством было толькі на малюнках. Ну не жадаюць галандскія цюльпаны ды паўдневыя дрэўцы расці на нашай зямельцы. Ды і дагляд за кветкамі патрэбен – паліваць, палоць, падкармліваць. Валтузні шмат. Не кожны адолее. Вось і цвілі тыя кветкі ў тых дварах, дзе гаспадары былі больш уважлівымі і цярплівымі. А ў астатніх клумбы i кветнікі больш паходзілі на густыя зараснікі пустазелля.

Адцвілі кветкі, пачалася мода на святы. Не на тыя, што спрадвечна святкаваліся нашымі продкамі, а на новыя, перанятыя невядома дзе і невядома ў каго. І кожны год нават самая маленькая весачка праводзіла Дзень першага снапа, Дзень першай баразны, Дзень першага снега, Дзень вескі… Забываліся пра сапрэўшае сена, паедзеную жукамі бульбу, няполатыя градкі і ішлі святкаваць. Шчодра, шчыра. З песнямі, танцамі, выпіўкай, закускай. Рвалі глоткі, збівалі далоні, шануючы ўзнагароджаных жыхароў у самых розных намінацыях – самы лепшы трактарыст, самы лепшы жывелавод, самы лепшы двор і так далей… І штогод намінантаў станавілася ўсе болей і болей. І штогод бібліятэкарка Верка атрымлівала прыз за самыя прыгожыя кветкі. І штогод яна несла дадому чарговы будзільнік і букет, нарванный на ейным жа двары.

Потым… Ды чаго толькі не было потым. Перажылі ўсе. І змены, і крызісы, і грошы ў мяшках насілі, і чаргу за малаком з шасці раніцы займалі, і ўселякія там інфляцыі, дэвальвацыі – словы, пра якія ніколі і не чулі, а тут выпрабавалі на сваей шкуры.

Двацаць год прайшло… Памяняліся звычкі, устоі. Змяніліся людзі. Сталі нейкія абасобленыя, засмучоныя, азлобленыя. Усе кудысьці спяшаюцца, бягуць, ляцяць. Штось прыдбаць, купіць, памяняць…

І некалі спыніцца, заплюшчыць вочы і надыхацца ліпава-палынным водарам.

Некалі заблукаць у някошанае поле і акунуцца з галавой у рамонкава-званочкавы квецень.

Некалі зайсці да суседа і пабалакаць ні аб чым, пасмяяца над сваей недарэчнасцю, перамыць костачкі вясковаму кіраўніцтву ці сваім сваякам…

І некалі за гэтай мітусней і бясконцымі праблемамі, ствараемымі самімі ж, проста жыць.

Жыць, не гледзячы ні на якія перамены і перабудовы.

Жыць, не спяшаючыся і не турбуючыся пра тое, што чакае заўтра.

Жыць, расці, ажаніцца, нараджаць дзяцей i памiраць, калі надыдзе час.

Жыць па сваіх, правераных часам і продкамі, а не па прыдуманных кімсьці законах.

Жыць самім і даваць жыцце іншым.

Эпапея з сабакам

Нарэшце Пятрова мара здзейснілася. Мара ўсяго ягонага недарэчнага жыцця. Пазбавіўшыся ад каровы і ад уселякіх з ею звязанных турбот, падкапіўшы год за дзесяць, а мо і за болей, прываблівую сумму грошай, Пятро ў згодзе з жонкай купіў машыну. І не якую там небудзь развалюху з рук, а новую, з магазіну, некалькі дзен назад прыгнаную з заводу. Пашанцавала, як кажуць. Ахвочых было шмат, але ж дасталася яна менавіта Пятру. Канечне, тут не абыйшлося без таго, каб камусьці не падмазаць, перад кімсьці не пакланіцца, кагосьці не аблапошыць. Але ж гэта таго стоіла.

Бліскучая, непаразумоўнага пунсовага колеру машына стаяла цяпер у Пятровым двары і мазоліла вочы ўсей весцы.

Пятро не спяшаўся абкатываць сваю пакупку. З ранку і да позняга вечара ен хадзіў кругамі вакол машыны з анучай, старанна і клапатліва сціраючы пыл з капоту. Нават сваей жонцы больш чым за пятнаццаць год сумеснага жыцця ен не аказваў столькі ўвагі, як гэтаму даўно жаданаму набытку. Нінка нават пачала раўнаваць яго да гэтай, як яна выражалася, груды жалеза.

– Ну колькі можна? – абуралась яна. – Ну колькі можна вакол яе хадзіць? Не намілаваўся яшчэ? Не нацалаваўся? Давай ў хату! Вячэра стыне!

Пятро кінуў улюблены позірк на машыну і, не жадаючы спрачацца, накіраваўся у хату. Павячэраўшы, ен яшчэ раз глянуў праз вакно на сваю каханку і лег спаць. Нінка, нагрымеўшыся на кухні каструлямі, некалькі разоў збегаўшы на двор, у хуткім часе падлезла пад мужыковы бок.

Не спалося. Варочалася з боку на бок, пытаючысь заснуць, але сон не йшоў. Ды яшчэ Пятро, як на зло, даваў храпака над самым вухам. Нінка дарма тыкала яго ў бок – Пятро працягваў храпець. Стаміўшыся змагацца с мужыковым храпам і бяссоніцай, Нінка перавярнулася на спіну, закінула рукі за галаву і стала разважаць:

– Трэба заўтра Пятроўне пра грошы напомніць, а то кофту два месяцы назад узяла, а грошы да сяго часу не аддала. Потым трэба Вользе пазваніць, сказаць, каб яна больш не вазіла чаравікі трыццаць шостага памеру. У нас такія нават дзеці не носяць. Павымахалі ўсе! Толькі розуму не набраліся. Ды што малыя? Тут у дарослых з розумам праблемы. Вунь, як храпіць. А што яму? У яго галава ні аб чым не баліць. Устаў, пад’еў і пайшоў сабе па весцы шоргацца. Нічога яму не трэба – толькі з машынай сваей гуляе.

Нінка перавяла погляд на вакно. Там на двары, ззяючы ў месяцовым святле свежай пунсовай фарбай, стаяла новенькае аўто.

– Але ж з машынай добра, – супакойвала яна сама сябе. – Не трэба нікога прасіць. Нікому кланяцца. Сеў, ды паехаў, куды захочаш. Хочаш у лес, хочаш – у горад. Праўда на бензін прыходзіцца траціцца, але што зробіш? Дарагія рэчы патрабуюць затрат. Ды і куды зараз без транспарту?

Нінка зноў зірнула ў вакно. Машына стаяла на месцы.

– Толькі клопату з ей. Ужо колькі Пятру кажу – зрабі гараж. Вунь колькі пра крадзяжы гавораць. Нават банкі ў гораде грабяць. Сейфы ўскрываюць. А тут што? Веска. І не ўпільнуеш. А потым шукай, дзе хочаш. Ды і хто шукаць будзе? Івончык на пенсіі. А новы ўчастковы – бясплатны дадатак да часопiса «Мурзiлка». Карысці з яго аніякай.

Нінка прыслухалася. На двары сонна гаўкаў Тузік. Пятро прывалок сабаку ад сваяка ў той жа дзень, калі купілі машыну. Сабака быў ладны, пародзісты. Пятру не раз прапанавалі прадаць сабаку. Грошы немалыя давалі. Той толькі аднеківаўся. Такі сабака і самаму патрэбны. Вялікі, амаль з цяля, чорны, мардасты Тузік нікога, акрамя Пятра да сабе не падпускаў. Нават на Нінку рычаў і пазіраў коса. У такога не тое што машыну з пад носу, травіну ля дарогі не адарвеш. Толькі вось назвалі яго смешна – Тузік. Для такой тварыны самае імя было б Д’ябал, альбо Чорт.

Нінка яшчэ раз прыслухалася. Тузік заціх.

– Заснуў пэўна, – падумала Нінка і пазіхнула.

Пятро перавярнуўся на другі бок і перастаў храпець.

– Слава богу! – Нінка падбіла падушку. – Заўтра нікуды яго не пушчу. Ні на якую рыбу, ні ў якія грыбы. Хай гараж будуе. Хутка дажды пачнуцца, што з машынай станецца? Такія ж грошы плочаны!

Нінка яшчэ раз салодка пазіхнула і не заўважыла, як заснула.

Прачнулася яна ад лязгату ў карыдоры і мацюкання Пятра.

– Тваю макаўку! – абураўся мужык. – Не, ты толькі паглядзі! Паразіты! Рукі, ногі ім паабрываць!

– Што здарылася? – Нінка перапалохана ўскачыла з ложку. – Ніяк машыну ўкралі?

– Ды не! – Пятро кінуўся камусьці названіваць. – З машынай усе ў парадку. Тузіка сперлі!

– Як гэта сперлі? – не зразумела Нінка.

– А вось так! – Пятро нярвова круціў тэлефонны дыск. – Далі яму напэўна нейкай трасцы, каб ен заснуў і сперлі. Паразіты!

– Мо сам адарваўся?

– Адарваўся! З такога ланцугу не адарвешся. Ды і ашэйнік ля будкi валяецца. Сам жа ен не мог яго зняць.

– Не мог, – пагадзілася Нінка.

– Каб ім павылазіла ўсім! – не сціхаў Пятро. – Такія грошы – кату пад хвост.

– Якія грошы? – здзівілася Нінка.

– А ты думаеш сваяк мне дарма такога сабаку аддаў? Зараз табе! Ведаеш, колькі такія шчанюкі ў горадзе каштуюць?

Нінка нічога на гэта не адказала. Галоўнае, што машына была ў сахраннасц,. а Тузік яе нісколечкі не турбаваў.

– А каму гэта ты названіваеш? – пацікавілася Нінка, прыймаючыся гатаваць снеданак.

– Новаму ўчастковаму. Як яго там? Камарову.

– Найшоў каму званіць! – усміхнулася Нінка. – Ды і што ты яму скажаш? Што ў цябе сабаку сперлі? На смех толькі сябе падымеш. Людзі прападаюць і нікому справы няма. А тут сабака!

Пятро паразважаў хвілінку і паклаў трубку на месца. Потым устаў, пашоргаў у шафе і накіраваўся на вуліцу.

– Куды ты? А есці?

– Потым! – адмахнуўся Пятро і выйшаў з хаты.

З«явіўся пад вечар. Хмуры і злы.

– Ну і дзе ты шастаў? – накінулася Нінка на мужыка. – Я ўжо і не ведала што думаць. Падаўся кудысьці, ні слова не сказаў.

– Па справах хадзіў, – незадаволена прабурчэў Пятро.

– Па якіх яшчэ справах? – не зразумела Нінка.

– Там, на двары… – Пятро махнуў рукой. – Сама ўбачыш.

Нінка выскачыла на двор. Хвілін праз пяць яна ўскачыла ў хату і залямантавала:

– Табе што рабіць больш няма чаго? Табе грошы дзяваць некуды? Навошта ты гэтага шчанюка прыпер? Табе аднаго мала было? Хочаш, каб і гэтага сперлі?

– Не сапруць, – Пятро прапускаў міма вушэй жонкін лямант.

– Не сапруць! – не сцiхала Нiнка. – Калі Тузіка сперлі, гэтага і падаўна сапруць.

– Ну гэта мы яшчэ паглядзім, – Пятро хітра пасмейваўся.

Нінка плюнула і не жадаючы больш спрачацца, занялася хатнімі справамі.

– Ведаеш, што, – толькі і сказала яна, – калі заўтра за гараж не прыймешся, сам напару са сваім сабакам будзеш машыну пільнаваць! Зразумела табе?

Пятро прамаўчаў.

Ноч зноў не спалі. Прыслухоўваліся. Пятро на гэты раз запіхнуў сабаку ў аўтамабiль. Калі хто спакусіцца на жывеліну – не дастане, а калі хто пазарыцца на машыну – сабака падыме гвалт. Але на двары было ціха.

– Нінка праўду кажа, – разважаў Пятро, – трэба гараж будаваць. Колькі машыне на двары стаяць? Ды і інструмент будзе куды скласці. Нінка колькі разоў намагалася яго з кладоўцы выкінуць. Усе! Заўтра пайду да Міколы, калі той будзе цвярозы, і пачнем. Дня за тры, думаю, збудуем. Галоўнае дах навесці, а там…

Пятро павярнуўся да сцяны і ціха захрапеў.

Нінка таксама ціха пасапывала на вуха мужыку. Гэтая гульня з сабакамі, з незбудаваным гаражом і начнымі вартамі ей парадкам надакучыла. Заўтра, вырашыла яна, Пятру прадыхнуць не дам, пакуль не збудуе гараж і не пазбавіцца ад сабакі. Заўтра. А пакуль спаць.

Ранкам лямантаваў Пятро. Сонная Нінка нават не зразумела, што здарылася. Накінуўшы халат, яна выскачыла на двор. Пятро насіўся кругамі вакол машыны і равеў:

– Ды што гэта за трасца такая? Не, ты паглядзі на яго! Мала таго, што ен у машыне нагадзіў, дык ен і аббіўку ўсю падрапаў! Чорт бы пабраў сваяка з яго сабакамі!

Зразумеўшы ў чым справа, Нінка адразу кінулася ў атаку:

– Вось што, Пятро, мне гэта ўжо папярок горла стаіць. Цягні гэтага сабаку адкуль прыпер! Каб я яго больш не бачыла! І больш ніякіх сабак! Ты мяне чуеш? Ніякіх! А наконт машыны… Як хочаш, але каб сення ж к вечару гараж стаяў! А то ты сам замест сабакі будзеш…

І Нінка прыпомніла яшчэ з пару-тройку мужніных грахоў. Выгаварылася, выліла ўсе, што набалела і вярнулася ў хату.

Пятро тужліва пагледзеў на падраную аббіўку, на ласціўшагася ля ног сабаку і нехаця накіраваўся да Міколы.

Увечары ўсе было гатова. Сабака адправіўся назад да сваяка, а новая машына стаяла ў новым гаражы. Пра тое, каб абмыць справу Пятро нават і не заікаўся. З Міколай расплаціліся бутэлькай гарэлкі. Грошы браць ен не стаў, затое не адмовіўся ад вядра мінулагодняй бульбы і трохлітровага слоіка з саленымі гуркамі.

Пакуль ішло будаўніцтва, Нінка носу на двор не паказвала. Корчыла з сябе пакрыўджаную. Толькі позна вечарам, выносячы смецце, яна, нібы ненацкам, абыйшла гараж з усіх бакоў, прыймаючы работу.

– Можа, калі хоча! – задаволена бухцела яна. – Вунь які ладны гараж атрымаўся. Нават жыць можна. А ўсе рукі не даходзілі! Каб не гэтыя сабакі, то і невядома колькі б яшчэ чакаць давялося.

Нінка памацала замок, правяраючы ці закрыты, і вярнулася ў хату.

У гэтую ноч яны з Пятром спалі спакойна.

Цюльпаны

Верка корпалася ў гародзе. Нарэшце зацвiталi модныя галандскiя цюльпаны, па якiх яна даўно млела. Яна калiсьцi выгледзела iх у нейкiм каталозе, але доўга не рашалася заказаць. Палохала цана, ды i, наслухаўшысь розных баек пра несур’езных таргашоў, не рызыкавала выкiнуць грошы на вецер. Потым плюнула на ўсе i выпiсала тры цыбулiнкi. Доўга чакала. Ужо нават пачала сумнявацца, што ейная мара здейснiцца. Папракала сябе, што адправiла грошы, i не малыя, ў мiнкiн мех. Але не прайшло i месяца, як прыйшла бандэролька з доўгачаканымi цыбулiнкамi. I Верка супакоiлася.

Месца для новых кветак выбрала самае сонечнае, якраз насупраць дарогi. Хай усе глядзяць, якiя ў яе кветкi. Глядзяць i зайздросцяць. Але замежныя кветкi анiяк не жадалi ўзыходзiць. Верка зноў пачала турбавацца. Мо, цыбулiнкi дрэнныя? Мо, папсавалiся ў дарозе? Мо, гэты зусiм не цюльпаны? Але ўсе сумненнi аказалiся дарэмнымi. Цыбулiнкi хутка выпусцiлi першыя лiсточкi, а следам за iмi i стрэлкi. Якiх-небудзь яшчэ пару дзен i Верка ўбачыць сваю мару ў поўнай красе. Па некалькi раз на дню яна бегала да сваiх кветачак – палiвала, рыхлiла зямельку, вырывала пустазелле, накрывала ад ветру i туманоў. Новые кветкi так захапiлi яе, што яна нават забылася пра ўсе астатнiя, запаланiўшыя амаль увесь гарод.

У нядзелю, прыбраўшыся ў хаце, Верка зноў корпалася ў градках.

– А што ты робiш? – пачуўся танюткi дзiцячы галасок. Верка азiрнулася. Ля плоту стаяла дзяўчынка гадоў трох-чатрырох. У вялiкiх гумавых ботах, чырвонай куртцы з чужога пляча i ўзлахмачанай галавой.

Дзiце са здзiўленнем сачыла за Верцынай справай.

– Прыгожыя ў цябе кветкi, – не чакаючы адказу прадоўжыла дзяўчына. – А цябе як завуць?

– Верай.

– А мяне Лiзай.

– Чыя ж ты такая бойкая будзеш? – запытался Верка.

– Мамкiна.

– А мамка дзе?

– На рабоце.

– А татка твой дзе?

– А таткi няма, – нiколькi не саромеючысь адказала дзяўчынка.

– Дык ты адна гуляеш?

– Адна. Баба ў магазiн пайшла, а я сюды.

– А бабу як зваць?

– Баба.

– А жывеш ты дзе?

– У горадзе.

– А што ты тут робiш?

– Мяне да бабы прывязлi. Яна ў магазiн пайшла, а я сюды.

– Табе, пэўна дадому пара iсцi? Баба хвалявацца будзе.

– Не, не будзе! А гэта ў цябе што? – Лiзка ткнула пальчыкам на прыкрытыя ад ветру цюльпаны.

– Кветкi.

– А нашто ты iх закрыла?

– Каб ноччу не замерзлi, – Верка зняла мяшок.

– Хiба iм холадна бывае? – ўсмiхнулася дзеўчына.

– Бывае.

– А як яны называюцца?

– Цюльпаны.

– А чаму яны не цвiтуць?

– Рана яшчэ. Праз пару дзен зацвiтуць. Вось тады i прыходзь на iх паглядзець.

– Прыду, – матнула галавой дзяўчынка.

– Лiзка, чорт цябе бяры! – пачуўся аднекуль крык. – Я ўсю веску абегала, а ты вось дзе!

– Здароў, Iванаўна, – Верка прывiталася з падляцеўшай да плоту кабецiнай.

– Здарованькi! – баба хапалася за сэрца.

– Твая? – Верка кiўнула на дзеўчыну.

– Мая, – Iванаўна перавяла дух. – Дачка на сесiю паехала. Вучыцца значыцца, а гэту недарэчнасць мне падкiнула. Не дзiценак, а чорт! Пасядзi, кажу адна ў хаце, пакуль у магазiн збегаю. Дык не! Я за дзверы i яна следам. А каб сышла куды? Што б я рабiла? Дзе б я яе шукала?

– Шустрая яна ў цябе, – заўважыла Верка.

– Шустрэй не прыдумаеш, – Iванаўна падпiхнула ўнучку i патопала дадому.

Верка нейкi час глядзела, як старая i малая кавыляюць па дарозе. Старая мацюкаючыся, а малая штосьцi весела рассказваючы.

Паглядзела, неяк сумна уздыхнула i зноў прынялася корпацца са сваiмi кветкамi.

Выхадны скончыўся. Назаўтра, накiроўваючыся на работу, Верка не прамiнула пагледзець на свае цюльпаны. Кветкi пачалi распускацца. На самой справе яны аказалiсь яшчэ прыгажэйшымi, чым на фатаграфii. Цемна-чырвоныя, амаль чорныя пялесткi з белымi пражыкамi i махровымi краямi. Два з iх ужо поўнасцю распусцiлiся, а трэццi быў ужо нагатове раскрыць свой венчык насустрач сонейку.

– Гэта ж якi трэба мець розум, каб такое вывесцi! – Верка не магла налюбавацца кветкамi. – Усе. На наступны год выпiшу яшчэ. Чорт iх бяры грошы! На такое хараство нiякiх грошай не шкада.

Верка паправiла ўтыканыя ў зямлю колышкi, кiнула развiтальны позiрк на цюльпаны i няспешна пайшла па пыльнай дарозе ў напрамку бiблiятэкi.

Дзесцi пад абед у дзвярах бiблiятэкi з'явiлася Лiзка.

– Так ты тут працуеш? – не прывiтаючыся запытала дзеўчына.

– Тут, – кiўнула галавой Верка.

– А ты разумная, – дзяўчына абвяла позiркам палiцы з кнiгамi.

– З чаго ты узяла?

– Столькi кнiжак! I ты iх усе прачытала?

– Не, не ўсе.

– А я чытаць яшчэ не ўмею, – больш з гонарам, чым з жалем прагаварыла малая.

– Навучышся, – запакоiла яе Верка.

– Ага! – дзеўчына кiўнула галавой i стала разглядваць палiцы.

– А ты зноў ад бабы збегла? – пацiкавiлась Верка.

– Не. Яна сама сказала – каб мае вочы цябе больш не бачылi. Ну я i пайшла. Дома ў цябе закрыта. На вулiцы гуляць не з кiм.

– А сюды як завiтала?

– Па дарозе.

Верка ўсмiхнулася.

– А з карцiнкамi ў цябе кнiжкi есць? – малая зачаравана глядзела на доўгiя палiцы, застаўленыя тоўстымi i тонкiмi кнiжкамi.

– Есць, – Верка накiравалася да шафы. – Табе казкi, альбо яшчэ што?

– Не. – Лiзка закруцiла носам. – Казкi не трэба. Я iх не люблю.

– Першы раз бачу чалавека, якi не любiць казкi, – Верка зачынiла шафу i падыйшла да дзеўчыны. – А што ты тады любiш?

– Мне лепш што-небудзь з кветкамi. Дзе малюнкаў многа.

– Добра. Вось табе з кветкамi, – Верка падала малой некалькi часопiсаў. – Тут глядзець будеш, цi дома?

– Тут пагляджу, – дзеўчына ўзлезла на стул i пачала гартаць часопiсы. – А тут няма такiх, якiя ў цябе растуць. Твае цюльпаны ўжо цвiтуць. Я бачыла. Прыгожыя. Ты iх у вазачку пастаў – будзе яшчэ прыгажэй.

– Навошта? – здiвiлася Верка. – У вазе яны хутка завянуць. А так будуць доўга цвiсцi.

– Цэлы год?

– Ну не год, а тыдзень. Мо i боле.

– I ўсе? – Лiзка насупiлася.

– I ўсе. Кветкi доўга не цвiтуць.

– Цукерку хочаш? – малая забылася пра часопiсы, дастала з кiшэнi дзве пакамячаныя шакаладныя цукеркi i працянула iх Верцы.

– Еш сама, – пачала аднекiвацца тая.

– Я ўжо наелася. У бабы iх многа, – Лiзка запiхнула цукеркi назад у кiшэню i зноў пачала гортаць старонкi. – А ты ў госцi любiш хадзiць?

– У госцi? – здзiўлена пераспрасiла Верка.

– Ну. У госцi.

– Не ведаю. Я пра гэта нiколi не думала.

– Якая ты смешная! Усе любяць хадзiць у госцi. Хочаш, я да цябе ў госцi прыйду? Ты не хвалюйся. Я ведаю, як у госцi ходзяць. Канфеты ў мяне есць, а кветак я знайду. Ты кветкi любiш?

– Люблю.

– Ну, ўсе! – малая паклала часопiсы на месца, злезла са стула i накiравалася да выхаду. – Чакай мяне у госцi.

– А часопiсы? Ты iх з сабой браць не будзеш?

– Некалi мне! – зусiм па даросламу адказала дзяўчына i знiкла за дзвярамi.

– Ну i дзiце! – Верка паклала часопiсы на месца. – Бедная Iванаўна! I як яна з ей спраўляецца? Даў бог на старасцi гадоў падарунак.

Верка села на месца i прынялася лiстаць новы каталог кветак, прыкiдваючы на якiя яшчэ цуды прыроды i айчыннай цi замежнай селекцыi яна адшкадуе грошай. Ейны позiрк зноў прыцягнулi цюльпаны. На гэты раз яны былi нейкага непаразумелага сiняга колеру.

– Няўжо такiя бываюць на самой справе? – падумала Верка i штосьцi екнула ўнутры. Яна адклала каталог у бок, зачынiла бiблiятэку i бягом кiнулася дадому. Пачуцце яе не падманула. На месцы, дзе ранiцой квiтнелi дзiвосныя галандскiя цюльпаны зараз былi адны тычкi.

– А божачкi мой! – залямантавала Верка. – А што ж гэта такое робiцца? А каму гэта рукi дзяваць некуды?

Верка кiнулася да хаты. Адшукаўшы ключ, што хавала пад ганкам, адчынiл замок, куляй уляцела на кухню i абамлела.

На стале ляжалi цемна-чырвоныя, амаль чорныя з белымi пражылкамi i махровымi краямi цюльпаны. А побач з iмi дзве пакамячаныя шакаладныя цукеркi.

Возрастное ограничение:
16+
Дата выхода на Литрес:
02 февраля 2022
Объем:
150 стр. 1 иллюстрация
ISBN:
9785005604828
Правообладатель:
Издательские решения
Формат скачивания:
epub, fb2, fb3, ios.epub, mobi, pdf, txt, zip

С этой книгой читают

18+
Эксклюзив
Черновик
4,9
38
Эксклюзив
Черновик
4,7
243